Першы тэлеканал супраць агенцтва «Сіньхуа» і газеты «Жэньмінь жыбаа»

Перамовы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цзіньпіна на палях саміту АТЭС у Сан-Францыска дазваляюць у чарговы раз нагадаць чытачам, што «праўда — гэта версія, якая найбольш задавальняе».

Лётчыкі авіягрупы Flying Tigers ВПС ЗША, якія ўдзельнічалі ў адбіцці агрэсіі Японіі супраць Кітая ў пачатку 1940-х гадоў.

Лётчыкі авіягрупы Flying Tigers ВПС ЗША, якія ўдзельнічалі ў адбіцці агрэсіі Японіі супраць Кітая ў пачатку 1940-х гадоў.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што Першы канал Беларускага тэлебачання задаволіла версія, згодна з якой сустрэча сусветных лідараў ні да чаго не прывяла. Для таго, каб яе выкласці, і быў прадастаўлены эфір галоўнаму навуковаму супрацоўніку Цэнтра вывучэння сучаснага Кітая Інстытута ўсходазнаўства РАН Андрэю Астроўскаму.

Статусны эксперт сваю задачу зразумеў правільна: «Рэальны вынік, які быў дасягнуты на чатырохгадзінных перамовах, — тое, што бакі дамовіліся наконт аднаўлення кансультацый па ваенным супрацоўніцтве. Нейкіх іншых больш-менш значных вынікаў я не заўважыў. Кітайская прэса пра гэта таксама нічога не кажа».

На шчасце, Андрэй Астроўскі — не адзіны эксперт, які сочыць за кітайскай прэсай. Вось, да прыкладу, якімі загалоўкамі адкрывала свае паведамленні аб саміце інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа»: «Поціск рукі за поціскам рукі, выбухі апладысментаў, насычаная і цёплая атмасфера сустрэчы». А вось што пісаў орган ЦК КПК газета «Жэньмінь жыбаа»: «На гістарычным пераломе мы разам зрабілі правільны выбар».

Эйфарыя ў кітайскіх СМІ пачалася за тыдзень да сустрэчы Сі і Джо. Публікацыі часам нагадвалі стылістыку перыяду росквіту савецка-кітайскай дружбы ў пачатку 1950-х гадоў.

Дазволю сабе вялікую цытату, запазычаную на сайце republic.ru: «У Пекіне ўспомнілі пра Flying Tigers — авіягрупу амерыканскіх пілотаў-добраахвотнікаў, якія дапамагалі ў пачатку 1940-х гадоў ваяваць супраць японскіх захопнікаў. Вакол чаго пабудавалі цэлую мемарыяльную кампанію: двух ветэранаў ВПС ЗША з гэтай авіягрупы, якія засталіся жывымі, запрасілі ў Кітай, іх вітаў сам старшыня Сі, з імі правялі нямала публічных мерапрыемстваў і гэтак далей. Увогуле, былі зробленыя энергічныя намаганні, каб стварыць пазітыўны інфармацыйны фон вакол верагоднай будучай сустрэчы Сі і Байдэна. А паколькі, як вядома, кітайская медыя- і інтэрнэт-прастора вельмі добра кантралюецца, з гэтага можна зрабіць выснову, што ўлады Кітая былі першапачаткова настроеныя на некаторую стабілізацыю і адлігу».

Сацыяльная арыфметыка

Сябар майго ворага — мой вораг. Тая ж максіма, але на мове матэматыкі гучыць больш звыкла: плюс на мінус дае мінус. 

Аднак жа мы памятаем, што «калі б матэматычныя формулы закраналі чые-небудзь класавыя інтарэсы, іх бы абавязкова абвяргалі». Так казаў Томас Гобс, англійскі філосаф XVII стагоддзя.

Менавіта гэтым і вымушаныя займацца прапагандысты, якія разгарнулі беларускую мадэль развіцця, нібы хатку на курыных ножках, — на захад задам, а на ўсход перадам. 

Таму яны і не заўважаюць галоўнага выніку саміту АТЭС, высечанага ў граніце старшынёй Сі: «У Кітая няма планаў дагнаць або замясціць ЗША».

На зыходзе 2023 года ў Кітая іншыя планы, галоўным з якіх з'яўляецца ўтрыманне эканомікі ад спаўзання ў крызіс. Тым, хто сумняваецца ў рэальнасці такой невясёлай перспектывы, рэкамендую набраць у Youtube: «Вось як у Кітаі зносяць дамы, якія не могуць прадаць» — і палюбавацца на падрыў цэлага квартала жылых хмарачосаў. У каментары да роліка сцвярджаецца, што за падобнае дзеянне дзяржава даплаціла будаўнічай фірме.

Сектар нерухомасці Кітая з улікам сферы яе абслугоўвання складае 29% ВУП. Але калі ўлічыць, што суадносіны кошту на жыллё з гадавым прыбыткам у Паднябеснай былі аднымі з самых высокіх у свеце (больш за 40 медыянных гадавых даходаў для куплі жылля супраць 21 у Лондане або 11 у Нью-Ёрку), то не варта здзіўляцца, што запаволенне эканомікі ў перыяд эпідэміі COVID-19 абрынула будаўнічы сектар.

Паказчыкам маштабу абвальвання сталі страты найбуйнейшага кітайскага дывелапера Evergrande у 2021–2022 гадах у памеры 81 мільярд долараў. Распродаж актываў кампанію не выратаваў — і ў жніўні 2023 года яна падала заяву аб банкруцтве ў суд Нью-Ёрка.

Рух ад правай сістэмы да бюракратычнай, а менавіта гэта складае сутнасць трэцяга тэрміну таварыша Сі, ні для каго яшчэ не абыходзіўся без наступстваў. Рэспубліка Беларусь таму прыклад: сярэднегадавыя тэмпы росту эканомікі ў «нулявыя» склалі 7,7 працэнта, у «дзясятыя» — 0,9 працэнта. Куранят «дваццатых» гадоў падлічваць яшчэ рана, але адмоўныя тэмпы росту па выніку дзесяцігоддзя не выключаныя.

Такі вось парадокс

Аматарам паразважаць пра адраджэнне Амерыкай «старых метадаў каланіялізму, які абрынуўся ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў тым ліку і дзякуючы намаганням Савецкага Саюза» (Мікалай Патрушаў, сакратар Савета бяспекі РФ), неабходна мець на ўвазе, што поспехаў у эканоміцы, інфраструктуры, тэхналогіях Кітай дамогся не без дапамогі ўсё той жа Амерыкі, ці то матэрыяльнай, ці то інтэлектуальнай. 

300 тысяч кітайскіх студэнтаў, якія штогод навучаюцца ў амерыканскіх універсітэтах, — гэта толькі адзін з прыкладаў супрацоўніцтва ў рамках Хімерыкі (неалагізм, які апісвае сімвалічныя адносіны паміж Кітаем і Амерыкай).

Неалагізм неалагізмам, але 7 кастрычніка 2022 года адміністрацыя ЗША ўвяла беспрэцэдэнтныя абмежаванні супраць кітайскай паўправадніковай індустрыі. 

У выніку доля Кітая ў глабальным аб'ёме замежных інвестыцый у паўправадніковую сферу, паводле даных амерыканскай даследчай кампаніі Rhodium Group, скарацілася з 48 працэнтаў у 2018 годзе да 1 працэнта, а імпарт у Кітай паўправаднікоў з Карэі, Японіі і Тайваня ў першай палове бягучага года знізіўся на 20 працэнтаў.

Эканоміка — палка з двума канцамі. Пра гэта тэлегледачам Першага канала нагадаў ужо знаёмы чытачам расійскі эксперт Астроўскі: «Аб'ёмы гандлю паміж ЗША і Кітаем значныя. Калі яны скароцяцца, паўстане пытанне, як жыць амерыканскай эканоміцы».

Няўжо расійскі эксперт перажывае наконт перспектывы амерыканскай эканомікі?! Такі вось парадокс. Але сусветнай статыстыцы ёсць што адказаць эксперту: экспарт Кітая за студзень-кастрычнік 2023 года ўпаў на 5,6%. У выніку Кітай упершыню за апошнія 20 гадоў саступіў Мексіцы лаўры першага пастаўшчыка тавараў на амерыканскі рынак.

***

Мінус на мінус дае плюс, і таму вораг майго ворага — мой сябар. Для Расіі вельмі нявыгадна, каб стасункі Кітая з Амерыкай паляпшаліся. Такі варыянт крамлёўскай праўды. Яго і спрабуюць падтрымаць шматлікія эксперты.