МЗС Польшчы: Мы можам цалкам закрыць Беларусі акно ў свет
Намеснік Міністэрства замежных спраў Польшчы Мацей Вонсік распавёў у інтэрв'ю «Polsat» пра тое, ці можа Варшава цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.
— Мы павінны процідзейнічаць учынкам Аляксандра Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы, а таксама ягоным дзеянням у дачыненні да беларускай апазіцыі і польскай меншасці, — падкрэсліў Мацей Вонсік.
Ён не выключыў, што найбліжэйшым часам Польшча закрые ўсе памежныя пераходы з Беларуссю.
Чыноўнік нагадаў, што польскі журналіст Андрэй Пачобут быў асуджаны судом у Гродне да васьмі гадоў строгага рэжыму.
— На некаторых могілках з магіламі воінаў Арміі Краёвай з'явіліся бульдозеры. Мы не можам дазволіць, каб за ўсходняй мяжой спеў рэжым, які рэалізуе планы Пуціна, — адзначыў намеснік міністра.
Паводле слоў Вонсіка, урад у Варшаве «дзейнічае досыць жорстка ў дачыненні да Беларусі» і без ваганняў прыменіць іншыя інструменты ціску.
— У нас ёсць спіс з некалькіх сотняў чалавек, якія павінны быць уключаны ў санкцыйны пакет. Гэтыя людзі падтрымлівалі сістэму «правасуддзя» — суды, што вынеслі прысуды, аналагічныя прысудам супраць Андрэя Пачобута, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, калі сітуацыя ў Беларусі абвострыцца, не выключана, што Польшча «закрые акно Беларусі» ў свет.
«Для нас гэта маленькая фортачка, а Польшча для Беларусі — акно ў свет», — параўнаў Вонсік.
Намеснік міністра заявіў, што памежныя пераходы з Польшчай важныя для беларускай эканомікі, узроўню жыцця і падтрымкі Лукашэнкі.
«Мы не будзем вагацца. У выпадку неабходнасці мы таксама заступімся за польскую меншасць», — запэўніў ён.
Намеснік міністра ўдакладніў, што цяпер польскі ўрад «чакае кроку Мінска».
«Падобна на тое, што мы можам пайсці і іншым шляхам, калі Мінск дакажа, што яму не ўсё роўна», — падсумаваў Мацей Вонсік.
Нагадаем, Польшча з 10 лютага прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю ў адказ на вынясенне суровага палітычнага прысуду журналісту, прадстаўніку польскай меншасці ў Беларусі Андрэю Пачобуту (у дадатак мытнікі з пункта «Баброўнікі» былі затрыманы па абвінавачанні ў садзейнічанні кантрабандзе).
Пасля гэтага ў
МЗС Польшчы паведамлялі, што разглядаюць і поўнае закрыццё мяжы, у той жа час
іншыя польскія ведамствы абяцалі перавозчыкам, што грузавы пункт «Кукурыкі —
Казловічы» спыняць працу не будзе.
16 лютага
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі назваў закрыццё пунктаў пропуску
«эканамічнай правакацыяй» і прыгразіў мерамі ў адказ. 17 лютага МЗС заявіла пра
высылку часткі польскіх дыпламатаў (у Польшчы пазней пацвердзілі, што Беларусь
пакінуць тры дыпламатычныя супрацоўнікі). У той жа дзень урад Беларусі ўвёў
абмежаванні на ўезд грузавікоў польскіх перавозчыкаў: ім цяпер можна заязджаць
на тэрыторыю нашай краіны толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы. Пасля
гэтага ў Польшчы прыгразілі прыняць аналагічныя меры ў дачыненні да беларускіх
перавозчыкаў.
20 лютага Польшча
ўвяла абмежаванне на апошнім грузавым аўтадарожным пункце пропуску «Кукурыкі —
Казловічы»: спыніла пропуск і афармленне грузавікоў, зарэгістраваных у Беларусі
(і іншых краінах, акрамя дзяржаў Еўропы). Абмежаванне будзе дзейнічаць, пакуль
Беларусь не здыме сваіх новых абмежаванняў для польскіх перавозчыкаў.