Мацукевіч: Беларусь не выступала міратворчай пляцоўкай

Экс-дыпламат Павел Мацукевіч ў каментары «Филину» расказаў пра тое, што рэальна можа прымусіць Захад па-іншаму зірнуць на нашу краіну.

Павел Мацукевіч

Павел Мацукевіч


— Перамовы паміж Украінай і Расіяй працягнуцца ў Турцыі. Ці можна сказаць, што Беларусь канчаткова страціла свой, хай і вельмі сімвалічны, статус перамоўнай пляцоўкі? Што гэта можа азначаць для беларускага рэжыму?
— Гэта можа нешта азначаць, а можа не значыць нічога. Напрыклад, гэта можа значыць тое, што Турцыя досыць актыўна і паспяхова спрабуе быць пасярэднікам у гэтай няпростай міжнароднай сітуацыі.
На працягу апошніх тыдняў з вуснаў турэцкіх палітыкаў, міністра замежных спраў Турцыі і турэцкага прэзідэнта часта даводзіцца чуць пра тое, да якіх саступак гатовыя бакі — украінскі і расійскі.
Афіцыйным асобам з Украіны і Расіі на працягу гэтых тыдняў даводзілася каментаваць турэцкіх калег, гаварыць пра тое, праўда гэта ці не.
Можна ўспомніць, што нядаўна ў Антальі быў адкрыты новы перамоўны трэк з удзелам міністраў замежных спраў Украіны і Расіі. Працэс ідзе, мяняюцца пляцоўкі.
Так, тры раўнды перамоў прайшлі на беларускай тэрыторыі, але трэба ўсведамляць тое, што Беларусь пры гэтым не выступала перамоўнай пляцоўкай.
Наша краіна выступала ўсяго толькі адрасам перамоў. Таму што складана называць перамоўнай пляцоўкай краіну, чыя тэрыторыя занятая войскамі аднаго з бакоў канфлікту. Перамовы могуць вярнуцца на ранейшы адрас, гэта залежыць ад пазіцыі перамоўных бакоў: дзе ім будзе зручней палітычна, лагістычна праводзіць гэтыя перамовы.
— Ці даваў такі ўсечаны статус — «адрас перамоў», а не «паўнавартасная перамоўная пляцоўка» — шанец рэжыму Лукашэнкі на пачатак размовы з Захадам?
— Я думаю, усё гэта прадавалася беларускай прапагандай на ўнутраную аўдыторыю. Маўляў, беларускі бок зноў грае пасярэдніцкую ролю, імкнецца быць нейтральным, выступае перамоўнай пляцоўкай.
Што магло б паспрыяць у рэальнасці не нармалізацыі, вядома, але таму, што прымусіла б Захад крыху інакш паглядзець на Беларусь? Той факт, напрыклад, калі б афіцыйныя беларускія ўлады задэкларавалі свой няўдзел у ваенным канфлікце.
І хоць бы ў дэкларатыўным, заяўным ключы запатрабавалі б вываду расійскіх войскаў са сваёй тэрыторыі. Зразумела, што гэта, хутчэй за ўсё, ні да чаго б не прывяло. У тым сэнсе, што расійскі бок гэта б не ўлічыў.
Але гэта было б дастаткова выразным сігналам, што Беларусь дыстанцуецца ад дзеянняў Расіі ва Украіне. Што мы ў вайне не ўдзельнічаем, удзельнічаць не хочам.
У гэтай сувязі можна ўспомніць званок прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона Аляксандру Лукашэнку. Зместам гэтай размовы, мяркуючы па ўсім, якраз і была спроба французскага прэзідэнта ўтрымаць Лукашэнку і Беларусь ад удзелу ў гэтым канфлікце. Але гэта ні да чаго не прывяло.
У такой сітуацыі, калі наша краіна дэкларуе свой нейтралітэт, няўдзел у канфлікце і, адпаведна, прапануе сябе ў якасці магчымай пляцоўкі для перамоў, аказвае нейкія іншыя пасрэдніцкія паслугі, пры такім павароце ўспрыманне краіны магло б змяніцца.
І санкцыйная палітыка ў дачыненні да Беларусі менавіта па гэтым ваенным кейсе магла б быць пастаўлена на паўзу. Я не кажу пра тое, што могуць быць адмененыя нейкія санкцыі або змякчыцца. Хутчэй за ўсё, да завяршэння канфлікту гэтага не адбудзецца. Але сама палітыка магла б быць прыпыненая.