Крыніцы: Расійская ракета, якую знайшлі пад Быдгашчам, магла прыляцець з боку Беларусі
У канцы мінулага тыдня польскія СМІ паведамілі, што ў лесе каля населенага пункта Замосць, што ў 15 км ад Быдгашча, былі выяўленыя абломкі неапазнанага ваеннага аб'екта.
Пазней пачалі з'яўляцца звесткі, што гэта абломкі расійскай ракеты X-55, і вось сёння раніцай выданне Onet апублікавала матэрыял, дзе сабрала вядомыя падрабязнасці і версіі, як гэтая ракета наогул магла апынуцца на тэрыторыі Польшчы. Пра гэта распавядае сайт m*tolko.help.
Паводле даных польскіх журналістаў, першапачатковая версія была ў тым, што знойдзеныя абломкі належаць
снараду Другой сусветнай вайны, але яна хутка змянілася іншымі гіпотэзамі. Так,
у мінулую пятніцу генерал Томаш Піятроўскі сказаў, што аб'ект можа быць звязаны
«з падзеямі сярэдзіны снежня мінулага года, калі расійцы ажыццявілі масіраваны
абстрэл Украіны».
Пра гэта ж заявіў
і прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі, кажучы, што 16 снежня 2022 года натаўскія самалёты
F-35 і польскія самалёты былі паднятыя па трывозе для адсочвання траекторыі
ракеты, якая апынулася на тэрыторыі Польшчы. Але тады ракету не знайшлі.
Паводле звестак
журналістаў, на гэты момант самая сур'ёзная гіпотэза, якую прымаюць пад увагу
следчыя, у тым, што «16 снежня расійская ракета X-55 была выпушчаная з
расійскага самалёта, які пралятаў над тэрыторыяй Беларусі».
Тое, што
знойдзеныя абломкі сапраўды належаць расійскай ракеце X-55, журналістам
пацвердзіў і адзін з высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў: «Так. Хутчэй за ўсё
гэта расійская ракета».
Нягледзячы на
тое, што версія не з'яўляецца афіцыйнай і канчатковай, ваенны эксперт Яраслаў
Вольскі паспрабаваў рэканструяваць палёт ракеты і прыйшоў да версіі, што «пуск
быў ажыццёўлены з-пад Смаленска па Кіеве. Адна з ракет адхілілася і
накіравалася ў бок Польшчы праз тэрыторыю Беларусі».
Сваё бачанне сітуацыі ў манірынгавай групы «Б*ларускі Гаюн». Там кажуць, што ў той дзень, 16 снежня, у неба падымаўся ДРЛА Іл-76 А-50у «Сяргей Атаянц» разам з МіГ-31к ВКС РФ. У першай палове дня праводзіліся трэніровачныя палёты знішчальнікаў на аэрадромах «Ліда» і «Баранавічы».
Аднак за ўвесь
дзень запускаў ракет з тэрыторыі Беларусі зафіксавана не было.
Адносна версіі Яраслава Вольскага, што ракета магла быць выпушчаная ў раёне Смаленска, эксперты адзначаюць, што звычайна такія ракеты ляцяць на вышыні пары дзясяткаў метраў, і іх складана не заўважыць. А мяркуючы па карце Вольскага, яна магла праляцець над буйнымі гарадамі: Магілёў, Дзяржынск, Наваградак і ў раёне Мінска.
«У такім выпадку не заўважыць яе было нерэальна. Але Вольскі
таксама паказвае, што магла адбыцца адмова сістэмы навігацыі, і ў такім выпадку
яна магла ляцець наогул на любой вышыні. І так, днём яе б усё роўна заўважылі,
але калі яна ляціць высока, ноччу і ў дрэннае надвор'е? У такім выпадку
верагоднасць, што снарад б ніхто не ўбачыў, вышэй, — адзначае «Б*ларускі Гаюн». —
Акрамя таго,
адзначым, што на фота і відэа, якія публікуюць СМІ, бачныя абломкі і месца
прызямлення, па якім можна адназначна сказаць, што ракета не выбухнула, лес
вакол бы «разляцеўся ў трэскі» і з'явілася буйная варонка».
Маніторынгавая група схіляецца да меркавання, што ракета была запушчана наогул без баявой часткі, да прыкладу, «яна магла запускацца для вызначэння СПА Украіны». «У адваротным выпадку мы б убачылі на фота варонку ці як мінімум дзясяткі абгарэлых і паламаных дрэў. Прынамсі, можна сцвярджаць, што на месцы падзення ўжо папрацавала тэхніка, на што паказваюць спілы на дрэвах», — падкрэслівае «БГ».
«Тым не менш, — дадаюць эксперты, — паўторым, што, зверыўшы звесткі, мы можам
сказаць, што ў нас няма звестак аб запусках або пралётах ракет над РБ у той
дзень. Таму будзем сачыць за канчатковымі высновамі следства ў Польшчы».