Ён баіцца толькі сілу. Чаму намаганні Кіева блакаваць санкцыі супраць Лукашэнкі не прынясуць карысці

12 студзеня журналіст Рыкард Ёзвяк распавёў у твітары, што Беларусь не трапляе ў апошнія санкцыйныя пакеты Еўрасаюза праз адпаведнае патрабаванне Украіны. Афіцыйны Кіеў паспяшаўся абвергнуць гэтую інфармацыю, але мала хто афіцыйнаму Кіеву паверыў. Чаму неспадзяванае заступніцтва Украіны не залагодзіць Лукашэнку, а хутчэй наадварот? Тлумачым на пальцах.

f7e570b0749f49df8e160cca454ff.jpeg


Рыкард Ёзвяк — адзін з самых інфармаваных рэпарцёраў у пытаннях еўрапейскай дыпламатыі і працэсаў, што адбываюцца ў калідорах ЕС. Яго інсайды амаль заўсёды спраўджваюцца, таму звесткі пра антысанкцыйны лабізм Украіны інтарэсаў Лукашэнкі грамадская думка ў Беларусі прыняла на веру. Дый наступныя заявы еўрапейскіх чыноўнікаў атрымаліся ў духу «не пацвярджаем, але і не абвяргаем».


Гледзішча маралі: Украіну можна зразумець

daeaa2f5_55dbff3ee951fdea063286595015b606.jpg


Эксперты і сацсеткі адрэагавалі на такія паводзіны Кіева збольшага ў парадыгме маралі. Маўляў, як жа гэта крывадушна. З аднаго боку ўкраінскія ўлады заклікаюць да візавых абмежаванняў для беларусаў, да таго, каб тыя беларусы лавілі голымі рукамі расійскія ракеты, выкідваюць тых беларусаў са сваёй тэрыторыі, не падаўжаючы ім часовы від на жыхарства… А з іншага — ціхенька абараняюць Лукашэнку ад заходніх санкцый, «каб чаго не выйшла».
Вядома, «чаго» — ён, канешне, дыктатар і пуцінскі паслугач, але ж, бачыце, войскі свае дагэтуль у вайну не пускае, то трэба яму хоць неяк за гэты аддзячыць і стымуляваць далейшы супраціў крамлёўскаму ціску.Як жартаваў у сярэдзіне студзеня беларускі твітар: «Чаканне — пасля перамогі ўкраінская ўлада адправіць полк Каліноўскага вызваляць Беларусь. Рэальнасць — пасля перамогі ўкраінская ўлада прадасць полк Каліноўскага Лукашэнку за два эшалоны бітуму». Сумны гумар, але трапляе ў цэль.
Зрэшты, маральны бок — матэрыя заўсёды тонкая і складаная. Шмат хто ўспрыняў пралукашэнкаўскія захады Кіева з разуменнем. Аргументы былі часта досыць слушныя, кшталту: калі такая палітыка зберажэ хаця б адно жыццё, то яна ўжо мае права на існаванне. І ўвогуле: Украіна зараз змагаецца супраць сапраўднай фашысцкай навалачы, змагаецца за ўвесь дэмакратычны свет, б'ецца наўпрост за сваё існаванне… Дык ці мае нехта права судзіць яе за спрэчныя метады і дзіўныя захады. Вось і ў Еўрасаюзе, выглядае, не судзяць — ідуць насустрач і ад санкцый супраць Лукашэнкі ўстрымліваюцца. (Прынамсі так было дагэтуль, у наступным пакеце, кажуць, беларускі складнік усё ж будзе).

Гледзішча рацыі: памылковы падыход

mihrazyiny_kryzis.png


Аднак маральным аспектам санкцыйны дэмарш Украіны не вычэрпваецца. Ёсць у гэтай гісторыі яшчэ і практычны, рацыянальны сэнс, і вось тут, як падаецца, офіс Уладзіміра Зяленскага здзяйсняе стратэгічную памылку. Горш за тое: нават праз няпоўны год пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў Кіеве так нічога і не зразумелі пра Лукашэнку. І ўласны вопыт ім не дапамог.
У 2020 годзе падчас інтэрв'ю з украінскім журналістам Дзмітрыем Гардонам Лукашэнка пабажыўся перад тэлекамерай: з боку Беларусі нападу на Чарнігаўшчыну ды Кіеўшчыну не будзе. Напярэдадні вайны, як паведамлялася, лукашэнкаўскі міністр абароны Хрэнін абяцаў па тэлефоне (даўшы слова афіцэра) свайму ўкраінскаму калегу, што ўварванне не плануецца. За некалькі дзён да таго кіраўнік лукашэнкаўскага МЗС Макей запэўніў на прэс-канферэнцыі, што пасля сумесных вучэнняў ніводнага расійскага салдата на тэрыторыі Беларусі не застанецца.
Што было потым, усе ведаюць. Яны бажыліся — і яны бязбожна хлусілі. Раніцай 24 лютага з Беларусі ва Украіну пайшлі пуцінскія войскі і тэхніка, паляцелі пуцінскія самалёты і верталёты, ракеты і бомбы. Неўзабаве расійцы апынуліся ў ваколіцах украінская сталіцы, і толькі неймавернымі высілкамі УСУ вытрымалі той наступ, а пазней адкінулі акупантаў падалей ад Кіева.
Здавалася б, выдатны прыклад таго, чаго каштуюць словы твайго суседа. Ілюстрацыя здрады, як яна ёсць: кажа адно, а потым наносіць удар у спіну. Але сітуацыя з санкцыямі паказвае, што нягледзячы ні на што Украіна працягвае зайграваць з Лукашэнкам, то-бок працягвае верыць яму.
Логіка тут няхітрая. Мы будзем бараніць Мінск ад рэстрыкцый, беларуская ўлада ацэніць розніцу паміж сваімі санкцыямі і расійскімі — і будзе імкнуцца яе зберагчы. Бо гэта адрознівае Лукашэнку ад Пуціна, пакідае прастору для манеўру і шанцы неяк заканэкціцца з Захадам надалей. Ну і ў знак удзячнасці Аляксандр Рыгоравіч устрымаецца ад таго, каб накіраваць сваё войска на фронт.
Так, логіка няхітрая, але ад самага пачатку — хібная.

Гледзішча сілы: толькі гэта і працуе

rusijos_karas_pries_ukraina_89619613.jpg


Безумоўна, Лукашэнка марыць пра тое, каб аднавіць устойлівыя кантакты з Захадам, але цудоўна ўсведамляе, што ў сённяшняй сітуацыі (тысячы палітвязняў, расійскія войскі і г.д.) гэта немагчыма. Безумоўна, меншыя санкцыі яму вельмі выгадныя — і эканоміцы лягчэй, і праз шчыліны можна каламуціць схемы на карысць РФ. Безумоўна, яму патрэбна прастора для манёўру, бо сам не хоча ўвязвацца ва ўжо прайграную вайну.
Але галоўнае — усе гэтыя выгоды ён будзе «прадаваць» зусім не Кіеву ці Еўропе. Ён «прадасць» іх Пуціну, як рабіў да 2020 года не аднойчы. Маўляў, бачыш, мне ёсць куды адступаць, то не цісні ўжо занадта. А лепей дай яшчэ грошай, тады дакладна застанемся ў саюзе.
Гэтая мутная вада — улюбёная стыхія Лукашэнкі. Ён, канешне, будзе за гэта ўдзячны Украіне — але роўна так, як бываюць удзячныя, прабачце, «карысным ідыётам». І нават калі на словах падзякуе, но на справе ўсё адно зробіць так, як выгадна яму. З адзінай мэтай — мэтай захавання ўлады.
Практыка паказвае, што лепей за ўсё беларуская дыктатура разумее сілу. І баіцца сілы. Абараняць яе ад санкцый — гэта ўспрымаецца ў Мінску як слабасць, таму і плёну не дасць. Парадокс, але сілу ў дачыненні да Беларусі Украіна таксама дэманструе — хай і на ўзроўні рыторыкі. Напрыклад, адкрыта кажа: калі зноў будзе наступ з тэрыторыі Беларусі, то «Хаймарсы» адкажуць як мае быць і нават прэвентыўна. Рыхтуйцеся, Зябраўка і Лунінец. Альбо днямі ўкраінскія вайскоўцы зладзілі вучэнні пад Чарнобылем — літаральна ў некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы. І гэта сіла — і яна працуе. Як у выпадку з падзеннем украінскай ракеты ў Іванаўскім раёне. Ужо як Лукашэнка пагражаў імгненным адказам на любы такі эксцэс… А эксцэс здарыўся — і дагэтуль няма ад яго аніякай рэакцыі. Справу ціхенька замялі, хаця адразу і нейкае следства ўзбудзілі.
Можна і міграцыйны крызіс прыгадаць у 2021 годзе. Лукашэнка быў вельмі рашуча настроены, каб адпомсціць Еўропе за санкцыі і падтрымку пратэстаў. Еўропа адказала па-рознаму. У Мінск двойчы тэлефанавала тагачасны нямецкі канцлер Ангела Меркель — і толькі пацешыла самалюбства. А Польшча доўга не размаўляла: проста перастала пускаць да сябе мігрантаў, закрыла пункту пропуску «Брузгі» і анансавала закрыццё ўсіх астатніх разам з транзітам і гандлем. І крызіс памалу скончыўся. Адгадайце з аднаго разу, што стала вырашальным — словы Меркель ці справы Варшавы?
Тое, што санкцыі супраць лукашэнкаўскай Беларусі Еўрасаюз усё ж рыхтуе, можа сведчыць пра своечасова зробленыя Украінай высновы. Ёсць інфармацыя, што ў ЕС абмяркоўваецца магчымасць цалкам уніфікаваць абмежаванні, накладзеныя на РБ і РФ. І гэта тое, што прынясе Лукашэнку не прастору для манеўру, а сапраўдны галаўны боль. І аніяк не паўплывае на імавернасць удзелу беларускага войска ў вайне.Рашэнне на гэты конт, якое б яно ні было, будзе прымацца зусім па іншых прычынах. Магчыма, яно ўжо прынята.