«Дзень народнага адзінства» — свята, якое стала насмешкай з рэчаіснасці
Аўтарытэт рэжыму такі, што губляць няма чаго. Над нелаяльнымі ўнутры краіны вісіць дамоклаў меч, ім даюць зразумець у духу «жалезнага Фелікса»: тое, што вы яшчэ на волі — не ваша заслуга, а толькі наша недапрацоўка, піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
Чыноўнікі Аляксандра Лукашэнкі з усіх сіл імкнуцца напоўніць казённым пафасам каляндарны навадзел — «Дзень народнага адзінства» 17 верасня. Калі меркаваць па дзяржаўных рупарах, то ў свята ўцягнутая ледзь не ўся краіна. На самай справе, кадзіла спрабуюць раздзьмуць функцыянеры і прапагандысты.
Гучаць банальныя словы аб кансалідацыі, афіцыйныя спікеры запэўніваюць, што народ згуртаваны вакол улады, правадыра. У рэчаіснасці ж нацыя расколатая, і рэжым дзеля свайго захавання дэ-факта пагаршае гэты раскол, робячы стаўку на грубую сілу.
Падаруначак да даты
«Наша агульная задача — праз дыялог і паразуменне прымнажаць патэнцыял і славу роднай зямлі, захаваць яе самабытнасць і міжнародны аўтарытэт», — адзначыў Лукашэнка ў віншаванні са святам.
Аднак на практыцы дыялог з прыхільнікамі пераменаў, якія масава выйшлі на вуліцы ў 2020-м, адрынуты. Непажаданым затыкаюць рот, іх гнояць у турмах і выціскаюць з краіны.
Пад маркай самабытнасці адкідаюцца дэмакратычныя каштоўнасці, вядзецца антызаходні курс.
Аўтарытэт рэжыму такі, што губляць няма чаго — і ягоны правадыр ужо не саромеецца набівацца ў сябры да паўночнакарэйскага дыктатара.
Незадоўга да свята Лукашэнка зрабіў характэрны падаруначак. Указам № 278 правадыр пазбавіў беларусаў магчымасці атрымліваць за мяжой пашпарты, вырашаць пытанні з пакінутай маёмасцю. Па сутнасці, частку нацыі хочуць адсекчы ад краіны, вяртацца ў якую многім стала небяспечна.
Дажыліся! Такая прырода рэжыму, які эвалюцыянуе — дакладней дэградуе — у бок оруэлаўскай антыўтопіі, і ў чымсьці яе ўжо нават пераўзыходзіць.
Вертыкаль жа падышла да пытання святкавання чыста бюракратычна, напладзіла мерапрыемстваў. Вопыт, як стварыць уражанне масавасці, вялікі. Так і ўсенароднае абмеркаванне новай Канстытуцыі імітавалі. Цяпер вось арганізавалі «дыялогавыя» (насамрэч праўладна-маналогавыя) пляцоўкі, прагляд прапагандысцкага кінафільма, адкрытыя ўрокі і велапрабегі (круці педалі, пакуль не далі!).
Аднак звычайны беларус, хутчэй за ўсё, чуў пра сутнасць каляндарнай навацыі толькі краем вуха і трапяткіх пачуццяў з яе нагоды не адчувае.
Ну, мітусіцца начальства, мабыць, яму гэта трэба. Добра, сходзім, адзначымся, каб не было прэтэнзій.
Лукашэнка ўвёў гэтае свята сваім указам у 2021-м у разліку «перавярнуць старонку» пасля пратэстаў, якія ўзрушылі краіну годам раней. Паказаць, як усё устаканілася. І сам 2021-ы назвалі годам народнага адзінства.
Напэўна, нейкія дарадцы прапаноўвалі і сапраўды хоць злёгку змякчыць сітуацыю, прыцішыць рэпрэсняк. Але не здарылася: улады, баючыся рэнесансу пратэставага духу, працягнулі дзіка блакаваць. І цяпер для іх гэта ўжо новая нармальнасць. Так што свята стала насмешкай з рэчаіснасці.
Каго пасадзілі, каго запалохалі, каго выціснулі за мяжу
На самай справе кіраўнік вырашыў пакінуць права лічыцца народам толькі за тымі, хто яго, правадыра, падтрымлівае або, прынамсі, не рыпаецца. Вось з гэтымі будзем дэманстраваць ідылію яднання. А каму цяперашні парадак не падабаецца — тых з народа проста выкаранім, выкраслім.
І працэс пайшоў. Непажаданых — каго пасадзілі, каго запалохалі, каго выціснулі за мяжу.
Над нелаяльнымі ўнутры краіны вісіць дамоклаў меч, ім даюць зразумець у духу «жалезнага Фелікса»: тое, што вы яшчэ на волі — не ваша заслуга, а толькі наша недапрацоўка.
Ну а палітычную эміграцыю проста адсякаюць. Выдадзеныя псеўдазаконы, па якіх тых, каго ўлады пагардліва называюць “збеглымі”, можна завочна судзіць, пазбаўляць грамадзянства, маёмасці. Цяпер вось — і беларускіх пашпартоў.
Тэзіс кіраўніка — паўзіце дадому на каленях. Хтосьці з ліку тых, хто не асабліва засвяціўся на пратэстах або ў сацсетках, верагодна, рызыкне вярнуцца ці як мінімум наведаць «родную» дыктатуру дзеля новага дакумента. Але вялікага патоку не будзе. Улада ўжо паказала сваю «велікадушнасць», адправіўшы сяго-таго з наіўных вяртанцаў на нары. Ідэя спецыяльнай камісіі па вяртанні відавочна правалілася, і ўказ № 278 наўрад ці дасць ёй магутнае другое дыханне.
Гісторыю падцягваюць пад палітычную кан'юнктуру. Антыпольскі прысмак
Нават калі б не было ўзрушэнняў 2020 года, дзіды ламаліся б як мінімум вакол спрэчнай даты новага свята. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія пачала, як паўтарае прапаганда, «вызваленчы паход» на землі, якія адышлі да Польшчы паводле Рыжскай дамовы 2021-га.
Так, Савецкая Беларусь у выніку ўзбуйнілася — гэта была выключна важная для нацыі падзея (хоць ні пра якую дзяржаўную самастойнасць гаворкі не ішло). Але сам «польскі паход» стаў следствам сумна вядомага пакта Молатава — Рыбентропа, змовы двух таталітарных рэжымаў.
Так што выбарам у 2021-м даты для ўрачыстасцяў улады стварылі дадатковую контраверсію сярод беларусаў, а яшчэ і насалілі палякам. А гэта Мінск цяпер у прынцыпе робіць з асалодай.
З нагоды даты адзначаецца, што ў складзе міжваеннай Польшчы беларусы пакутавалі ад ушчамлення роднай мовы, палітычных рэпрэсій. Пры гэтым сёння «родны» рэжым шырока расчыніў перад Масквой дзверы для экспансіі «рускага свету», абвяшчае праявы нацыянальнага духу экстрэмізмам і тэрарызмам, стварае ў турмах катавальныя ўмовы для ідэйных апанентаў.
Вось Ігар Сяргеенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, падкрэслівае: калі б не было ўз'яднання, «калі б нямецка-фашысцкія войскі ў 1939-м прасунуліся фактычна да Мінска, то зусім па-іншаму маглі б разгортвацца і падзеі Вялікай Айчыннай вайны».
Так, але калі б не было таемных экспансіянісцкіх дамоўленасцяў Сталіна і Гітлера, можа, гісторыя Еўропы пацякла б у прынцыпе па-іншаму, пазбегла б гэтага кашмару. І потым, гітлераўцы ў 41-м усё роўна захапілі Мінск за некалькі дзён з-за стратэгічных пралікаў кіраўніцтва СССР, рэпрэсій, што абяскровілі Чырвоную Армію. А да пачатку той вайны бальшавікі паспелі зладзіць тэрор на землях Заходняй Беларусі. Для многіх там «шчасце ўз'яднання» абярнулася спусташэннем, высылкай або куляй у патыліцу з чэкісцкага нагана.
Гэта ўсё было, і праўду пра гістарычныя падзеі ў жыцці нацыі варта падаваць без купюр. Але ўлады абыходзяць маўчаннем, выстрыгаюць з публічнага дыскурсу тое нязручнае, што супярэчыць іх міфалогіі, груба падцягваюць гісторыю пад палітычную кан'юнктуру.
Дыялог супярэчыць прыродзе рэжыму
Вонкава ў Беларусі цяпер спакойна. Бунтарства закаталі ў асфальт. Незалежныя сацыёлагі асцярожна кажуць аб некаторым памяншэнні пратэстнага ядра, росце колькасці нейтралаў (пры тым, што даныя могуць моцна скажацца фактарам страху).
Хутчэй, можна зрабіць выснову, што няма ахвочых лезці на ражон, станавіцца камікадзэ. Людзі, якія ў 2020-м гарэлі надзеяй на перамены і хутка вучыліся ствараць гарызантальныя сувязі, сеткі ўзаемнай падтрымкі, цяпер хаваюцца ў свае ракавіны. Але гэта зусім не яднанне нацыі і нават не пакорлівасць. Палюсы засталіся, напружанне паміж імі велізарнае.
Між тым на падзеі 2020-га ўжо напластаваліся новыя падставы для раздраю. Беларусы рэзка разыходзяцца ў пытанні, на чыім баку праўда ў вайне ва Украіне (хоць пазіцыя, што гэта не наша вайна, — амаль кансэнсусная).
У свежым выпуску «Беларускага трэкера пераменаў» адзначаецца, што «чарговым фактарам, які паспрыяе палярызацыі ў грамадстве», можа стаць размяшчэнне ў краіне ядзернай зброі. У цэлым аўтары даследавання канстатуюць вострае ўзаемнае непрыманне паміж перакананымі прыхільнікамі і праціўнікамі ўладаў. Прасцей кажучы, гэта ў многіх выпадках нянавісць.
І нават пасля змены ўлады, характару рэжыму пашыць гэтую разарваную тканіна грамадства будзе дурная праца цяжка, нанесеныя яму каласальныя траўмы трэба будзе лячыць доўга.
Вядома, жывое грамадства не можа быць маналітным. У дэмакратыях гарачыя дыскусіі наконт палітычнага курсу — звычайная справа. Але ў Беларусі цяпер усё не так. Тут дзяржаўны апарат — зусім не арбітр. Механізм выбараў, якія расстаўлялі б кропкі над “і”, знішчаны. Улады проста адсякаюць не згодных з імі ад усіх грамадзянскіх правоў. Да ілюзіі народнага адзінства імкнуцца праз падаўленне іншадумства. На кампрамісы, дыялог гэтая сістэма не здольная.
Рэпрэсіямі, саўдзелам у агрэсіі, гульнямі з ядзернай дубінкай — самай спецыфікай рэжыму і яго эвалюцыяй — Лукашэнка вольна ці мімаволі ўзмацняе раскол нацыі. І адыёзнасць гэтай палітыкі, разбуральнасць гэтага курсу ніякімі штучнымі святкаваннямі не пераб'еш.