Другая ноч пратэсту ў Беларусі. Больш гвалту, барыкады і адзін загінулы
Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня па краіне працягнуліся масавыя пратэсты, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі.
Пратэсты і гвалтоўныя разгоны дэманстрантаў адбываліся ў шэрагу гарадоў Беларусі, у тым ліку ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Бярозе, Мазыры.
Найбольш паведамлялі пра пратэсты і затрыманні ў Мінску. Асноўныя цэнтры пратэсту ўтварыліся каля плошчы Бангалор, пад універсамам «Рыга», і між станцыямі метро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і ў Малінаўцы.
Барыкады на «Рызе» сілавікі разбіралі прынамсі чатыры разы — дэманстранты адыходзілі, затым вярталіся і будавалі новыя.
Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, светлашумавыя гранаты, вадамёты, гумовыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду прынамсі да двух гадзін ночы.
Міністэрства ўнутраных спраў прызнала смерць аднаго пратэстоўца — каля 23 гадзінаў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Мінску чалавек загінуў ад выбуху. МУС сцвярджае, што гэта выбухнула самаробная прылада, якую той хацеў кінуць у сілавікоў. Аднак прысутныя журналісты адзначаюць, што ў той час сілавікі стралялі ў бок дэманстрантаў шумавымі гранатамі.
Журналісты сцвярджаюць, што людзі ў вайсковай форме стралялі прыцэльна па іх, хоць яны былі ў камізэльках «Прэса», самае моцнае раненне атрымала карэспандэнтка «Нашай нівы» Наталля Лубнеўская — прабітая нага, але костка не перабітая.
Дзеянні сілавікоў адносна дэманстрантаў сталі больш агрэсіўнымі, спецсродкі сталі ўжывацца часцей, але і дэманстранты сталі будаваць барыкады, кідаць розныя прадметы ў сілавікоў. Відавочцы ў Брэсці бачылі, як у сілавікоў запусцілі феерверк, а ў Мінску казалі, што бачылі прынамсі адзін «кактэйль Молатава», які дэманстранты кінулі ў бок сілавікоў, і самаробную піратэхніку, якую кідалі ў машыны-вадамёты. Адносна апошняга пратэстоўцы казалі, што «гэта адказ на тое, што ў іх кідалі гранаты».
Нагадаем, праваабаронцы ўсклалі адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, цалкам на ўлады. Паводле іх словаў, грамадзяне краіны маюць права на свабоду мірных сходаў, а ўлада павінна захоўваць гэтае права, паважаць яго і спрыяць яго рэалізацыі. Таму адказнасць за сілавыя дзеянні ў Беларусі нясе выключна ўлада.
Паводле Радыё Свабода