Ціханоўская: Штаб зробіць усё магчымае, каб аспрэчыць вынікі
Кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Святлана Ціханоўская заявіла, што тое, што адбывалася ўчора ў Мінску, — недапушчальна.
— Хачу пагаварыць пра тое, што адбылося ўчора ў Мінску. Тое, што ўчора было, недапушчальна. Той факт, што мы ўвогуле не маглі нічога адсочваць, што было ў горадзе праз адсутнасць інтэрнэту, у такі момант пакідаць людзей без сувязі — проста злачынства. І ўчора, і сёння нам паступае супярэчлівая інфармацыя, што ўчора ў горадзе маглі быць загінулыя, мы ведаем, што ёсць пацярпелыя. Наконт загінулых інфармацыя яшчэ не пацверджаная, і я вельмі спадзяюся, што не будзе пацверджаная, бо гэта будзе пачатак канца.
Мы ўчора сталі сведкамі таго, што ўлада сілавымі метадамі спрабуе ўтрымаць свае пазіцыі. Колькі мы да яе ні звярталіся, ні прасілі не аддаваць злачынных загадаў, не прымяняць гвалт супраць грамадзян, мы, на жаль, так і не былі пачутыя. І больш за тое, ведаеце, нейкія меры былі ўжытыя несувымерныя. Яшчэ ўчора нам казалі, што прымяняліся светлашумавыя гранаты, поттым казалі пра гумовыя кулі. Учора было вельмі страшна.
Учора выбаршчыкі зрабілі свой выбар, і яны знаходзіліся на ўчастках, каб мець магчымасць абараніць свае галасы пасля вывешвання пратаколаў. Улада нас не чуе, яна цалкам адарвалася ад народу, але я павінна паўтарыць, што мы за мірныя перамены. І ўлада павінна цяпер падумаць, як мірным спосабам перадаць гэтую ўладу, таму што на цяперашні момант у іх толькі адзін спосаб — гвалт над мірнымі беларусамі.
Усё гэта вельмі страшна, я была перакананая, што ўлада не пойдзе на гэты крок. Мы са свайго боку будзем рабіць усё, каб такога больш не паўтарылася. Я хачу выказаць падтрымку ўсім тым, хто пацярпеў падчас учорашніх падзей і каму патрэбна дапамога любая — маральная, псіхалагічная, матэрыяльная — звяртайцеся ў нашы штабы, — сказала Святлана Ціханоўская.
«Мы гатовыя да перамоваў з уладай»
Марыя Калеснікава заявіла, што цяпер нічога не заканчваецца пратэстамі і гвалтам, усё толькі пачынаецца.
— Мы гатовыя на доўгатэрміновы пратэст і рэакцыю грамадства на тое, што цяпер адбываецца. Мы заклікаем усіх сябраў УВК: не маўчыце, знайдзіце ў сабе сілы па прыкладзе сваіх калег, якія ўжо вывешваюць праўдзівыя пратаколы, мы ўсю ноч атрымлівалі такія пратаколы, у якіх даныя вельмі моцна адрозніваюцца ад даных, якія сёння агучыла ЦВК. Нам усім цяпер страшна, але мы ўсе змагаемся са сваім страхам, — сказала Калеснікава.
Прадстаўніца штаба расказала. што ноччу штаб спрабаваў звязацца з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта і міністрам унутраных спраў.
— Ноччу мы закілкалі кіраўніка АП Сргеенку і міністра ўнутраных спраў Караева спыніць гвалт у адносінах да свайго народа, мы ведаем, што яны атрымалі нашыя паведамленні, да сёй пары нам не паступіў адказ. Мы заклікаем іх узяць адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, і не дапусціць гвалту супраць мірных грамадзян. Мы перадалі ім, што гатовыя да пачатку перамоваў, каб не дапускаць ніякага віду гвалту ў грамадстве, улады нясуць за гэта адказнасць, мы гатовыя дапамагчы вырашыць канфлікт паміж грамадствам і ўладай, — сказала Калеснікава.
Таксама Святлана Ціханоўская заявіла, што яна не прызнае папярэднія вынікі выбараў. Штаб будзе рабіць усё магчымае, каб аспрэчыць рэзультаты.
— Мы бачылі лічбы з участкаў, дзе была перавага ў бок маіх галасоў. Так не можа быць, што ёсць нейкія выбарачныя ўчасткі, а на астатніх усё па-іншаму. Мы ўсё бачым сваімі вачыма, — заявіла Ціханоўская.
Яна таксама заявіла, што ўсю ноч вывучала пытанне, за што яе могуць арыштаваць.
— Мы ўсю ноч вывучалі гэтыя пытанні, я не бачу ніводнай прычыны, чаму я магу быць арыштаваная, краіну пакідаць я не збіраюся, — сказала Ціханоўская.
— Ці выйдзеце вы з людзьмі, калі сёння людзі выйдуць на вуліцу абараняць свае галасы?
— Мы казалі, што кожны чалавек абараняе свой голас.
— Вы казалі, што будзеце з народам.
— Я з народам, я што, з'ехала? Я не з народам? Як вы сабе гэта ўяўляеце? Вы лічаце, што мой выхад на вуліцу не прывядзе да эскалацыі канфлікта? Вы мне адкажыце. вы хацелі б, каб я выйшла з народам? Вы мне скажыце, дзе я больш патрэбная? Вось і я не ведаю. Учора было вельмі шмат з гэтай нагоды думак, і я не ведаю, як дзейнічаць. Калі сітуацыя пачынае выходзіць з-пад кантролю, маё з'яўленне павялічыла б пратэст ці наадварот змагло б заглушыць? Я не ведаю, не ведаю, як быць у такім выпадку. У любым выпадку, людзі выходзілі абараняць свае галасы, і проста літаральна праз пару гадзін пачынаюць народ душыць жорсткімі метадамі — гэта злачынства, — заявіла Ціханоўская.
Кандыдат таксама сказала, што лічыць сябе пераможцам гэтых выбараў, паколькі даныя па ўчастках сведчаць аб тым, што менавіта яна набрала большасць галасоў.
— Мы ўсё бачылі на свае вочы, аб чым тут можна гаварыць, — заявіла Ціханоўская.
«ЦВК паінна правесці паўторнае галасаванне»
Юрыст штаба Максім Знак сказаў, што ўчора штаб ьтэлефанаваў чыноўнікам, каб спыніць пачатак расколу. З улікам таго, што адбылося на ўчастках, на вуліцах і абвешчаных папярэдніх вынікаў, для ўсіх відавочна, што людзі выйдуць на вуліцы.
— Асноўная задача цяпер — дазволіць усяму гэтаму працэсу прайсці мірна і без гвалту, для гэтага ёсць мноства спосабаў: афіцыйны дазвол масавага мерапрыемства, забеспячэнне правапарадку. Мы бачылі ўче, што нават калі збіраюцца дзясяткі тысяч людзей, ніводнага канфлікту не было. Таму ўчора мы казалі, што гатовыя сустракацца і абмяркоўваць, што рабіць, каб людзі не ўступалі ў канфлікт, мы запрашаем да дыялогу, — заявіў Знак.
Юрыст таксама адзначыў, што самае правільнае, што можа зрабіць улада, — правесці пералік галасоў на тых участках, дзе былі праблемы.
— Калі не вывешваецца пратакол і сябры камісіі кудысьці знікаюць з ім, відавочна, што гэта ўжо праблема. Пералік галасоў у дадзеным выпадку — нармальная аб'ектыўная працэдура, якую можа прызначыць Цэнтральная камісія. Калі бюлетэні аўтэнтычныя, не падмененыя на падложныя, калі спісы выбаршчыкаў прадастаўляюцца, і там бачна, што яўка на датэрміновым была такая, то можна проста зрабіць пералік і апублікаваць вынікі. Калі гэтага не зроблена і паведамляецца, што ўжо былі знішчаныя нейкія даныя, спісы, першапачатковыя бюлецені, то неабходна неадкладна ЦВК прымаць рашэнне аб паўторным галасаванні на праблемных участках, толькі гэтым разам ужо з назіральнікамі і празрыстым падлікам галасоў, — заявіў Знак.
Юрыст дадаў, што скарга ў ЦВК ужо складзеная. Па яго словах, ЦВК павінна правесці паўторнае галасаванне, каб зняць пратэстныя настроі, якія ў грамадстве ўзніклі.
На пытанне пра тое, што будзе рабіць штаб, калі ўлада адмовіцца ад пераліку галасоў і ад дыялогу, Максім Знак сказаў, што галоўнае пытанне — што будзе ў такім выпадку рабіць улада.
— Гэта не зусім карэктнае пытанне. Дакладней спытаць, што ўлада будзе рабіць, калі яна адмовіцца зрабіць празрысты пералік усіх галасоў. Таму што тое, што будзе рабіць беларускае грамадства, пытанне відавочнае, а вось што будзе рабіць улада ў такой сітуацыі, нам незразумела. Але зразумела, што выкарыстанне тых сродкаў, якімі ячны цяпер рэагуюць на тое, што цяпер адбываецца, не прывядзе ні да якіх пазітыўных вынікаў, — заявіў Знак.
Раней прадстаўнік аб'яднаных штабоў Марыя Калеснікава заявіла, што штаб Святланы Ціханоўскай не прызнае папярэднія вынікі выбараў.
Нагадаем, па папярэдніх даных, на выбарах перамог Аляксандр Лукашэнка. Ён набраў 80,23% галасоў, Святлана Ціханоўская — 9,9%.
tut.by