849-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: атака на Данеччыну і «бавоўна» ў Расіі

Узброеныя сілы Украіны працягваюць атакаваць расійскую інфраструктуру: Мінабароны РФ рапартуе пра сотні збітыхдронаў, а ў той час праваенныя ТГ-каналы пішуць пра выбухі і пажары на нафтаперапрацоўчых заводах і нафтабазах.

Ілюстрацыйнае фота: Anadolu/Getty Images

Ілюстрацыйнае фота: Anadolu/Getty Images

***

На думку аналітыкаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), нягледзячы на рыторыку расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна і яго пагрозы, у прыватнасці ядзернай зброяй, РФ не зможа перамагчы Украіну, калі Захад мабілізуе свае рэсурсы для супрацьстаяння Крамлю.

«ISW працягвае ацэньваць, што Расія не можа перамагчы Украіну ці Захад — і, хутчэй за ўсё, прайграе, калі Захад мабілізуе свае рэсурсы для супрацьстаяння Крамлю».

Падчас візітаў у Паўночную Карэю і В'етнам Пуцін пачаў маштабную інфармацыйную аперацыю, накіраваную на сабатаж намаганняў партнёраў Украіны па выразным вызначэнні агульнай стратэгічнай мэты адносна непазбежнай паразы ў незаконнай захопніцкай вайне Расіі ва Украіне.

У сярэдзіне чэрвеня партнёры Украіны ажыццявілі некалькі важных крокаў для ўзгаднення агульнай стратэгіі і вызначэння жаданага стратэгічнага выніку вайны. Больш за 80 заходніх і міжнародных чыноўнікаў нядаўна сфармулявалі прынцыповую пазіцыю па падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны як асновы працяглага міру ва Украіне ў камюніке, прынятым падчас Глабальнага саміту міру 16 чэрвеня.

13 чэрвеня Украіна таксама падпісала пагадненні аб бяспецы са Злучанымі Штатамі і Японіяй на 10 гадоў, а шматлікія дзяржавы-партнёры пацвердзілі доўгатэрміновую падтрымку Украіны ў рамках фармату Вялікай сямёркі (G7) і Рамштайн.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты будуць працягваць падтрымліваць Украіну, каб яна «атрымала перамогу, а Расія не ўзяла верх», абмяркоўваючы амерыкана-ўкраінскае пагадненне аб бяспецы.

Стратэгія Пуціна адносна перамогі ў вайне грунтуецца на спробах Крамля ўвесці ў зман Злучаныя Штаты, Еўрапейскі Саюз і міжнародных хаўруснікаў Украіны, прымусіўшы іх спыніць падтрымку Украіны і адмовіцца ад ключавых прынцыпаў міжнароднага права — павагі да дзяржаўнага суверэнітэту і непарушнасці тэрытарыяльнай цэласнасці.

Стратэгічная выразнасць саюзнікаў і іх гатоўнасць дапамагчы Украіне атрымаць рашучую перамогу над Расіяй на полі бою ва Украіне ў значнай ступені падрывае намаганні Пуціна, а таксама яго здольнасць уплываць на волю і рашэнні адказных асоб у краінах-членах альянсу.

Пуцін схавана пагражаў прымяніць ядзерную зброю, калі Захад дазволіць Украіне атрымаць рашучую перамогу над Расіяй, каб падарваць узгодненае стратэгічнае бачанне міжнароднай супольнасці адносна падтрымкі Украіны.

Пагроза Пуціна ядзернай зброяй з'яўляецца часткай працяглай кампаніі ядзернага шантажу Крамля, накіраванай на тое, каб адгаварыць хаўруснікаў Украіны ад рашучага ўдзелу ў супрацьдзеянні незаконнаму ўварванню Расіі ва Украіну, і таму вельмі малаверагодна, што яна прывядзе да рэальнай ядзернай эскалацыі.

ISW таксама ацэньвае, што пагроза ядзернай эскалацыі і ў далейшым будзе заставацца асноўным інструментам маніпулявання РФ.

***

ЗША заявілі Украіне, што яна можа выкарыстоўваць амерыканскую зброю для паражэння «дзе заўгодна» ў памежжы расійскіх сіл, якія атакуюць са свайго боку мяжы, а не толькі на Харкаўшчыне, піша «Politico» са спасылкай на дарадцу па нацбяспецы ЗША Джэйка Салівана і двух неназваных амерыканскіх чыноўнікаў.

Выданне адзначае, што гэта ледзь заўважныя змены ў мэседжах афіцыйных амерыканскіх асоб адбыліся ўсяго праз некалькі тыдняў пасля таго, як ЗША далі Кіеву «зялёнае святло» па нанясенні удараў ўнутры Расіі ў адказ на трансгранічны напад на горад Харкаў. Тады амерыканскія чыноўнікі адзначалі, што гэтая палітыка абмяжоўваецца выключна Харкаўскай вобласцю.

З тых часоў украінскія войскі, прынамсі, адзін раз выкарыстоўвалі амерыканскую зброю для нанясення ўдару па тэрыторыі Расіі, знішчыўшы цэлі ў Белгарадзе, і здолелі стрымаць расійскі наступ. Але ўкраінскія і іншыя еўрапейскія афіцыйныя асобы ціснулі на ЗША, каб тыя яшчэ больш аслабілі свае абмежаванні, дазволіўшы Украіне наносіць удары па любым пункце Расіі.

Саліван заявіў у аўторак у інтэрв'ю PBS, што пагадненне з Украінай аб ударах амерыканскай зброяй па Расіі распаўсюджваецца на «любое месца, дзе расійскія войскі перасякаюць мяжу з расійскага боку на ўкраінскі бок, каб паспрабаваць захапіць больш украінскай тэрыторыі».

У апошнія дні Расія заявіла, што можа неўзабаве наступаць на паўночна-ўсходні горад Сумы, які таксама знаходзіцца паблізу расійскай мяжы. Калі гэта адбудзецца, палітыка дазволу ўдараў прадастаўленай зброяй будзе ўжытая і там, сказаў Саліван.

«Справа не ў геаграфіі. Справа ў здаровым сэнсе. Калі Расія нападае або збіраецца напасці са сваёй тэрыторыі на Украіну, ёсць сэнс толькі ў тым, каб дазволіць Украіне даць адпор сілам, якія б'юць па ёй з іншага боку мяжы».

Два амерыканскія чыноўнікі на правах ананімнасці сцвярджаюць, што дазвол Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расіі ў адказ на агонь з любой кропкі мяжы не з'яўляецца змяненнем у палітыцы з моманту прыняцця «харкаўскага рашэння». Першапачаткова гэты крок разглядаўся толькі ў кантэксце наступу на Харкаўшчыну, але гэта не выключае магчымасці нанясення удараў у адказ на іншыя трансгранічныя напады.

Зрэшты, гаворка Салівана заўважна адрозніваецца ад таго, што амерыканскія чыноўнікі гаварылі ў траўні, калі новая палітыка была дэталёва распрацаваная.

Тады высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік сказаў: «Нядаўна прэзідэнт даручыў сваёй камандзе забяспечыць, каб Украіна магла выкарыстоўваць амерыканскую зброю ў адказ на ўдары па Харкаве, каб Украіна магла біць у адказ па расійскіх сілах, якія наносяць або рыхтуюцца нанесці ўдар».

Палітыка недапушчэння далёкіх удараў ўнутры Расіі «не змянілася», падкрэсліў чыноўнік.

***

За суткі расійцы здзейснілі 48 штурмаў на Пакроўскім кірунку. Найбольшая актыўнасць расійскіх акупантаў захоўваецца з раёна Ачэрэціна, адкуль вораг наступае ў розных напрамках. 29 нападаў украінскія абаронцы ўжо адбілі, яшчэ 19 боесутыкненняў працягваюцца. Сітуацыя складаная.

З пачатку сутак адбылося 128 баявых сутыкненняў. Расійскі агрэсар спрабуе выкарыстаць перавагу ў жывой сіле, тэхніцы і падтрымку з паветра. На працягу сутак праціўнік наносіў па тэрыторыі Украіны два ракетныя ўдары з ужываннем дзесяці ракет. Акрамя таго нанёс 36 авіяўдараў 50 КАБамі і задзейнічаў 373 дроны-камікадзэ. Разам з тым, вораг здзейсніў 2634 абстрэлы па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах з выкарыстаннем розных тыпаў зброі.

Камандуючы паветраных сіл Мікалай Аляшчук заявіўшто ноччу 21 чэрвеня сілы СПА збілі 4 кіраваныя авіяцыйныя ракеты ў Кіраваградскай і Херсонскай абласцях.

Аляшчук адзначыў, што расійскія акупанты нанеслі ўдар з самалётаў тактычнай авіяцыі кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/Х-69.

У сваю чаргу, Генштаб УСУ абнавіў даныя страт Расіі ў вайне супраць Украіны. За мінулыя суткі УСУ абясшкодзілі больш за тысячу захопнікаў, спалілі 14 танкаў і 35 ББМ акупантаў.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 210.06.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 531 980 (+1 060) чалавек;
  • танкаў — 8 001 (+14) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 15 372 (+35) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 14 106 (+54) адз.;
  • РСЗА — 1 106 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 861 (+2) адз.;
  • самалётаў — 359 (+0) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 11 260 (+0) адз.;
  • крылатых ракет — 2 298 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 19 181 (+47) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 367 (+10) адз.

***

У выніку расійскіх абстрэлаў Данецкай вобласці за мінулыя суткі загінулі пяцёра мірных жыхароў, яшчэ 11 атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін у Telegram.

Усяго за суткі расійцы 22 разы абстралялі населеныя пункты Данеччыны. З лініі фронту эвакуяваны 81 чалавек, у тым ліку 13 дзяцей.

Сёння ўранку расійцы скінулі кіраваную авіябомбу на горад Селідава Данецкай вобласці.

«Расійцы скінулі на горад кіраваную авіябомбу — у зоне паражэння апынулася жылая забудова. Пашкоджаны 5 пяціпавярховак, 6 прыватных дамоў і аўтамабіль», — напісаў чыноўнік.

Паводле слоў Філашкіна, у выніку ўдару па населеным пункце 2 чалавекі загінулі і яшчэ 3 былі параненыя.

***

Уначы абаронцы Украіны беспілотнікамі атакавалі 4 расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і ўдарылі па радыёлакацыйных станцыях і цэнтрах радыёэлектроннай выведкі РФ у Бранскай вобласці і Крыме, паведаміў Генштаб УСУ.

«У ноч на 21 чэрвеня беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі атакаваныя Афіпскі, Ільскі, Краснадарскі і Астраханскі нафтаперапрацоўчыя заводы.

Акрамя гэтага, нанесеныя ўдары па радыёлакацыйных станцыях і цэнтрах радыёэлектроннай выведкі расійскіх захопнікаў у Бранскай вобласці і часова акупаваным Крыме».

У Генштабе адзначылі, што інфармацыя пра паражэнне варожых цэляў пакуль удакладняецца.

Акрамя таго, там нагадалі, што ў ноч на 20 чэрвеня падраздзяленні УСУ і СБУ атакавалі склад гаруча-змазачных матэрыялаў ворага ў Тамбоўскай вобласці, а таксама нафтабазу «Энемская», што ў Рэспубліцы Адыгея.

У раёне нафтабазы «Энемская» зафіксавана не менш за 5 выбухаў, пасля чаго пачаўся пажар.

Таксама пацвярджаецца паражэнне склада гаруча-змазачных матэрыялаў расійцаў у Тамбоўскай вобласці.

Вядома пра пашкоджанне як мінімум адной ёмістасці з нафтапрадуктамі.

***

Украінскія абаронцы ўначы 21 чэрвеня ўдарылі па месцах захоўвання і падрыхтоўкі да ўжывання расійскіх беспілотнікаў «Shahed».

«Сёння ноччу сілы абароны Украіны нанеслі паспяховы ўдар па месцах захоўвання і падрыхтоўкі да ўжывання "Shahed-136/Герань-2", навучальных карпусах, пунктах кіравання і сувязі разлікаў гэтых БпЛА, размешчаных у Краснадарскім краі»гавораць у Генштабе УСУ.

Паведамляецца, што паводле вынікаў баявой працы зафіксавалі серыю выбухаў і пажар з наступнай дэтанацыяй.

***

Адразу некалькі расійскіх мілітарысцкіх тэлеграм-каналаў паведамілі пра збіты верталёт Ка-29 у раёне Анапы.

«У Анапе наша ж СПА збіла наш жа верталёт. Ка-29 займаўся пошукам БЭКаў (безэкіпажных катэраў. — Заўв. рэд.), адзін з нашых "панцыраў" нанёс удар па верталёце (паводле папярэдняй версіі, з-за няспраўнасці сістэмы "свой-чужы")», — напісаў ТГ-канал «Трынаццаты».

Пра збіты верталёт паведамілі і іншыя праваенныя расійскія крыніцы. Паводле іх звестак, у выніку крушэння загінулі чатыры чалавекі.

Мінабароны Расіі і ўкраінскія вайскоўцы заяў з нагоды збітага расійскага верталёта не рабілі.

***

Міністэрства абароны Расіі сцвярджае, што за ноч над рознымі рэгіёнамі Расіі былі перахопленыя 114 украінскіх дронаў, а ў Чорным моры знішчаныя шэсць безэкіпажных катэраў. Пра нязбітыя дроны і агульныя наступствы налётаў міністэрства нічога не піша.

Згодна з яго кароткай зводкай, 70 беспілотнікаў «былі перахопленыя і знішчаныя» над Крымам, 43 — над Краснадарскім краем і адзін — над Валгаградскай вобласцю, паведамляе «Бі-бі-сі».

Расійскі тэлеграм-канал «SHOT» паведамляе, што ў Краснадары ў выніку налёту загінуў адзін чалавек — работнік кацельні, у якую папаў беспілотнік або яго абломкі.

На працягу ночы расійскія і ўкраінскія інфармацыйныя каналы публікавалі знятыя мясцовымі жыхарамі відэа з выбухамі і пажарамі ў Ейску, дзе размешчаны вайсковы аэрадром, у Краснадары і пад Краснадарам.

Мясцовыя ўлады абвясцілі пра пажар — невялікі, як яны сцвярджаюць — на Ільскім нафтаперапрацоўчым заводзе блізу Краснадара і пра пашкоджанне абломкамі беспілотнікаў двух будынкаў у Краснадары: аўтавакзала і кацельні.