752-гі дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі
У выніку абстрэлу Адэсы загінуў 21 чалавек, а ў памежных расійскіх рэгіёнах працягваюцца атакі беспілотнікаў.
***
Расійцы працягнуць наступальныя дзеянні, каб дэстабілізаваць украінскія абарончыя лініі, разам з тым рыхтуюцца да новага наступу летам 2024 года.
Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) мяркуюць, што расійскія войскі, верагодна, будуць працягваць наступальныя дзеянні з мэтай дэстабілізацыі ўкраінскіх абарончых ліній вясной 2024 года, адначасова рыхтуючыся да прагназуемай новай наступальнай аперацыі летам гэтага года.
На іх думку, прадастаўленне заходняй дапамогі ў сферы бяспекі, верагодна, будзе адыгрываць вырашальную ролю ў здольнасці Украіны ўтрымаць тэрыторыю цяпер і адбіць новыя расійскія наступальныя намаганні ў бліжэйшыя месяцы.
У той жа час расійскія войскі спрабуюць падтрымліваць тэмп сваіх наступальных аперацый на ўсходзе Украіны, каб не даць украінскім сілам стабілізаваць свае абарончыя рубяжы.
Акупанты асабліва сканцэнтраваныя на прасоўванні як мага далей на захад ад Аўдзееўкі, перш чым украінскія войскі змогуць усталяваць у гэтым раёне лінію, якую будзе цяжэй прарваць.
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў 15 сакавіка, што расійскія войскі сканцэнтравалі свае намаганні на Аўдзееўскім кірунку і праводзяць штодзённыя механізаваныя і пяхотныя атакі, спрабуючы прарваць украінскую абарону.
Хоць апошні час украінскім сілам удалося запаволіць прасоўванне расійскіх войскаў на захад ад Аўдзееўкі, паўсюдны недахоп матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, выкліканы затрымкай заходняй дапамогі па бяспецы, прымушае Украіну накіроўваць абмежаваныя рэсурсы на крытычныя ўчасткі фронту, што павышае рызыку прарыву расійскіх войскаў на іншых, менш забяспечаных участках і робіць лінію фронту ў цэлым больш уразлівай, чым здаецца, нягледзячы на цяперашнія адносна павольныя тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў.
Эксперты адзначаюць, што расійскія войскі будуць працягваць выкарыстоўваць перавагі, якія дае валоданне ініцыятывай на ўсім тэатры баявых дзеянняў, для дынамічнага пераразмеркавання сваіх наступальных намаганняў гэтай вясной і летам, верагодна, у спадзеве выкарыстоўваць магчымыя ўкраінскія ўразлівыя месцы.
Украінскія і заходнія афіцыйныя асобы ўсё часцей папярэджваюць як аб значным дэфіцыце ўкраінскіх матэрыяльных сродкаў, так і аб новым шырокамаштабным расійскім наступе гэтым летам.
Таму спецыялісты адзначаюць, што расійцы маюць намер скарыстацца любымі дасягненнямі бліжэйшых тыдняў, а таксама прагнозамі аб тым, што ўкраінскія Узброеныя сілы могуць быць яшчэ горш забяспечаны летам гэтага года, чым цяпер.
Аднак ва ўмовах атрымання заходняй дапамогі Украіна зможа больш стабілізаваць лінію фронту і падрыхтавацца да адбіцця расійскіх наступальных дзеянняў.
Акрамя таго, адзначаюць у справаздачы, востры недахоп сістэм супрацьпаветранай абароны і ракет, верагодна, рэзка знізіць здольнасць Украіны абараняцца ад расійскіх удараў як у тыле, так і на перадавой у бліжэйшыя тыдні, калі не вырашыць гэтую праблему хутка.
Між тым, расійскія войскі апошнім часам прыкладаюць намаганні, каб напружыць украінскую супрацьпаветраную абарону як у тылавых населеных пунктах, так і ўздоўж лініі фронту.
«60-працэнтнае змяншэнне здольнасці Украіны паражаць расійскія ракеты яшчэ больш абвострыць гэтыя праблемы з размеркаваннем сіл і сродкаў. Паводле ацэнак ISW, ЗША застаюцца адзінай непасрэднай крыніцай неабходных сістэм супрацьпаветранай абароны, такіх як Patriot», – гаворыцца ў аглядзе.
***
Украінскія ўлады назвалі ўдар расійцаў па Адэсе 15 сакавіка, у выніку якога загінуў 21 чалавек, — самым масіраваным па горадзе па колькасці ахвяр.
Адзначаецца, што па стане на 13:00 16 сакавіка ў медустановах працягваюць лячэнне 40 чалавек, пацярпелых у выніку ракетнай атакі. З іх дзевяць — у цяжкім стане.
У горадзе і вобласці 16 сакавіка аб'яўлена жалоба па загінулых.
***
За мінулыя суткі на фронце паміж сіламі абароны Украіны і расійцамі адбылося 78 баявых сутыкненняў, больш за ўсё — на Аўдзееўскім напрамку.
Агулам вораг нанёс 10 ракетных і 68 авіяцыйных удараў, здзейсніў 89 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Пад артылерыйскім агнём ворага былі каля 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
***
За мінулыя суткі сілы абароны Украіны знішчылі яшчэ 1160 акупантаў, 21 танк і 26 артсістэм ворага.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 16.03.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 429 580 (+1160) чалавек;
- танкаў — 6779 (+21) адз.;
- баявых браніраваных машын — 12 973 (+24) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 10 606 (+26) адз.;
- РСЗА — 1017 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 719 (+2) адз.;
- самалётаў — 347 (+0) адз.;
- верталётаў — 325 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8268 (+14) адз.;
- крылатых ракет — 1922 (+2) адз.;
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 024 (+31) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1712 (+1) адз.
***
Беспілотнікі атакавалі Сызранскі і Новакуйбышаўскі НПЗ у Самарскай вобласці, пацвердзіў губернатар рэгіёна Дзмітрый Азараў.
«Сёння раніцай здзейсненая атака БПЛА на Сызранскі НПЗ і спроба атакі на Новакуйбышаўскі НПЗ. У выніку на тэрыторыі Сызранского НПЗ адбылося ўзгаранне ўстаноўкі па перапрацоўцы нафтапрадуктаў», — цытуе губернатара агенцтва «Інтэрфакс».
Паводле звестак Азарава, у выніку атакі дронаў пацярпелых няма.
***
У Белгародскай вобласці аўтамабіль падвергнуўся нападу дрона-камікадзэ, паведаміў губернатар рэгіёна Вячаслаў Гладкоў.
«Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Глотава Грайваронскай гарадской акругі. У выніку выбуху машына загарэлася, пацярпелі 5 чалавек, якія знаходзіліся ў ёй», — напісаў ён у тэлеграм-канале.
Паводле звестак Гладкова, адзін з мужчын, якія ехалі ў аўтамабілі, атрымаў пранікальнае раненне брушной поласці і асколачныя раненні верхніх і ніжніх канечнасцяў, жанчына — асколачныя раненні твару і лапатачнай вобласці, а таксама кантузію. Акрамя таго, двое мужчын атрымалі кантузію сярэдняй ступені цяжкасці, а непаўнагадовы хлопец — кантузію галаўнога мозгу.
Раней у пятніцу расійскія ўлады паведамлялі аб некалькіх абстрэлах Белгарада, у тым ліку з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Vampire». Украінскі бок гэта не каментаваў.
Абстрэлы і атакі дыверсантаў на памежныя расійскія рэгіёны, якія неаднаразова адбываліся з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, пачасціліся з пачатку гэтага тыдня. У пятніцу прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што дыверсійныя групы ператварылі Курскую і Белгарадскія вобласці ў «зоны актыўных баявых дзеянняў».