728-мы дзень вайны: збіта 13 «Шахедаў» з 19, вяртанне ўкраінскіх дзяцей, дапамога Еўразвязу

Сабралі важныя навіны, датычныя вайны паміж Расіяй і Украінай.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

***

У ноч на 21 лютага армія дзяржавы-агрэсара нанесла ўдары двума беспілотнымі лятальнымі апаратамі тыпу «Shahed» па Дабраполлі.

У выніку ўдара па жылым сектары дзве жанчыны 37 і 63 гадоў, якія пражывалі ў адным з дамоў, атрымалі цялесныя пашкоджанні. Пацярпелым аказана кваліфікаваная медыцынская дапамога, а старэйшая жанчына шпіталізавана. Акрамя таго, абломкамі пашкоджаныя 4 аўтамабілі. Цяпер на месцы працуюць ратавальнікі і праваахоўнікі.

***

Акупанты запусцілі зенітную кіраваную ракету С-300 і чатыры крылатыя ракеты Х-22 з Растоўскай вобласці, кіраваную авіяцыйную ракету Х-59 з Белгародскай вобласці і 19 беспілотнікаў «Shahed» з расійскага горада Прыморска-Ахтарск.

У выніку ў Палтаўскай вобласці была знішчана кіраваная авіяцыйная ракета Х-59, таксама былі знішчаны 13 з 19-ці беспілотнікаў у межах Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай і Данецкай абласцей.

Частка з шасці не знішчаных варожых БпЛА не дасягнула сваіх мэтаў. Да адбіцця паветранага нападу прыцягвалі зенітныя ракетныя падраздзяленні, мабільныя агнявыя групы і сродкі радыёэлектроннай барацьбы сіл абароны Украіны.

***
Паветраныя сілы УСУ збілі расійскі знішчальнік-бамбавік Су-34. Самалёт збілі на ўсходнім кірунку.

***

Расійская служба BBC паведамляе, што ўзброеныя сілы Украіны 20 лютага, імаверна, ударылі HIMARS па будынку расійскіх мотастралкоў у акупаванай частцы Данеччыны (па палігоне каля вёскі Тружэўскае ў Валнавахскім раёне), пакуль захопнікі чакалі камандуючага — загінулі прынамсі 60 акупантаў, паводле розных ацэнак.

У гэты момант на палігоне ў будынку знаходзіліся вайскоўцы 36-й гвардзейскай мотастралковай брыгады (воінская часць 06705), пастаянным месцам дыслакацыі якой з'яўляецца горад Борзя Забайкальскага краю.

У момант удару вайскоўцы 4, 5 і 6-й роты гэтай брыгады былі выстраеныя на палігоне і чакалі прыбыцця камандуючага 29-й арміі Усходняй ваеннай акругі, генерал-маёра Алега Майсеева. 

***

Першая група ўкраінскіх пілотаў завершыць навучанне на самалётах F-16 да лета.

Пілоты пачалі падрыхтоўку ў сярэдзіне кастрычніка на базе 162-га знішчальнага палка ў Тусоне, штат Арызона. Пентагон заявіў, што працэс падрыхтоўкі будзе доўжыцца некалькі месяцаў.

Са слоў капітана Эрына Ханігана, прадстаўніка Нацыянальнай гвардыі Арызоны, другая група з чатырох пілотаў пачала падрыхтоўку ў студзені, а трэцяя група з чатырох пілотаў цяпер праходзіць навучанне англійскай мове, неабходнай для кіравання амерыканскім знішчальнікам чацвёртага пакалення.

Чакаецца, што ўсе пілоты завершаць навучанне ў перыяд з мая па жнівень, хоць дакладны графік залежыць ад ходу праграмы.

***

Еўрасаюз працягнуў на год дзеянне антырасійскіх санкцый.

Рада Еўрапейскага Звязу падоўжыла дзеянне санкцый супраць Расіі ў сувязі з вайсковай агрэсіяй супраць Украіны да 24 лютага 2025 года. У ЕЗ нагадалі аб непахіснай падтрымцы Еўразвязам незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і яе неад'емным праве на самаабарону ад агрэсіі РФ.

***

Швецыя прадаставіць Украіне рэкордны пакет дапамогі.

Улады Швецыі прадставілі 15-ты пакет вайсковай дапамогі Украіне, кошт якога стаў самым вялікім — 7,1 млрд шведскіх крон. Яшчэ 1 млрд крон пойдзе на закупку ваеннай тэхнікі праз розныя фонды, яшчэ 1 млрд — на заказ новых бронемашын Stridsfordon 90 для Украіны. Яшчэ 400 млн шведскіх крон будуць накіраваныя на розныя адукацыйныя ініцыятывы для ўкраінцаў.

***

Еўрасаюз прадаставіць Украіне і Малдове гуманітарную дапамогу ў памеры 83 млн еўра.

У Еўракамісіі заявілі, што з 83 млн еўра гуманітарнага фінансавання 75 млн еўра выдзелена на гуманітарныя праекты ва Украіне. Гаворка ідзе аб аказанні экстранай дапамогі, уключаючы дасяжнасць асноўных патрэб, такім як жыллё, паслугі абароны, чыстая вада, адукацыя і ахова здароўя.

***

Ва Украіну ўдалося вярнуць 11 дзяцей.

Ва Украіну ўдалося вярнуць шэсць дзяўчынак, сярод якіх дзве родныя двухгадовыя сястрычкі-двайняткі, і пяць хлопчыкаў. Самаму маленькаму вернутаму дзіцяці — два гады, самаму старэйшаму — 16 гадоў. Двух дзяцей сустракалі з машынай хуткай дапамогі, паколькі адно дзіцё зусім не можа перасоўвацца.

***

У Эстоніі затрымалі меркаваных агентаў Расіі.

У Эстоніі затрымалі дзесяць меркаваных агентаў Расіі, іх лічаць членамі агентурнай сеткі, якая дзейнічала па ўказаннях расійскіх спецслужбаў. Затрыманыя асобы датычныя да актаў вандалізму ў дачыненні да аўтамабіляў міністра ўнутраных спраў Лаўры Ляенеметса і журналіста ў 2023 годзе.

***

Спецыялісты з ЗША будуць навучаць курсантаў у ваенных ВНУ Украіны

Курсантаў у ваенных ВНУ Украіны будуць навучаць спецыялісты з ЗША. Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы намесніка міністра абароны Украіны Наталлі Калмыковай з прадстаўнікамі амерыканскай кампаніі Sonata. Таксама ў рамках пілотнага праекта ў адным з украінскіх навучальных цэнтраў ўкараняць інструменты ацэнкі, якія выкарыстоўваюць у войску ЗША.

***

Агульныя баявыя страты асабістага складу расійскіх войскаў з 24 лютага 2022 года па 21 лютага 2024 арыентыровачна складаюць 406 080 (+1130) чалавек забітымі (у дужках прыведзены дадзеныя за папярэднія суткі, 20 лютага). Такія звесткі прыводзіць Генштаб УСУ.

Акрамя таго, войска краіны-агрэсара за час поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страціла:

  • танкаў — 6516 (+13) адз.,
  • баявых браніраваных машын — 12 338 (+70) адз.,
  • артылерыйскіх сістэм — 9826 (+53) адз.,
  • РСЗА — 992 (+4) адз.,
  • сродкаў СПА — 678 (+3) адз.,
  • самалётаў — 338 (+0) адз.,
  • верталётаў — 325 (+0) адз.,
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7560 (+39) адз.,
  • крылатых ракет — 1903 (+1) адз.,
  • караблёў — 25 (+0) адз.,
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.,
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 12 861 (+56) адз.,
  • спецыяльнай тэхнікі — 1558 (+7) адз.