1 ад БНФ, 5334 ад БРСМ. Хто будзе назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі
Цэнтравыбаркам акрэдытаваў 33 579 нацыянальных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах, сведчаць дадзеныя на сайце камісіі, паведамляе Радыё Свабода.
За апошні тыдзень колькасць акрэдытаваных назіральнікаў вырасла на 11 186.
Больш за ўсё нацыянальных назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя выбаркамы – 32 659. Раённыя камісіі акрэдытавалі 677 чалавек, раённыя камісіі ў межах гарадоў – 165, абласныя – 41, гарадскія – 23, Менская гарадская выбарчая камісія – 8, Цэнтравыбаркам – 6.
26 843 нацыянальныя назіральнікі, або 80%, прадстаўляюць грамадскія аб’яднанні. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 8059 чалавек, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – 5334, праўладнае аб’яднанне «Белая Русь» – 4326, Беларускае аб’яднанне ветэранаў – 3397, Беларускі саюз жанчын – 3005, Беларускі фонд міру – 1220, Беларускі Хельсінскі камітэт – 47, БНФ «Адраджэнне» – 1. Іншыя грамадскія аб’яднанні дэлегавалі 1454 чалавекі.
Ад палітычных партый выбаркамы акрэдытавалі 1111 нацыянальных назіральнікаў. Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 600 сваіх сябраў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 414, Ліберальна-дэмакратычная партыя – 67, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды – 21, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя – 6, Беларуская аграрная партыя, Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя – па адным.
Яшчэ 1712 назіральнікаў акрэдытаваныя ад працоўных калектываў.