Вельмі прыгожая выстава вельмі прыгожых людзей

Так назваў экспазіцыю твораў светлай памяці мастакоў Валеры і Міхася Свістуновых, якая адкрылася вечарам 11 ліпеня ў мінскім Палацы мастацтва, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. 



sv_stunovy_3.jpg

Хлебнае поле (В. Свістуноў)

“Я вельмі блізка быў з імі знаёмы, а з Валерам моцна сябраваў на творчым і светапоглядным абсягу, таму што мы абодва трымаліся беларускай ідэі. І калі паўстала новая магутная хваля нацыянальнага адраджэння, мы разам да яе далучыліся і добра шчыравалі нават на ніве так званага вулічнага мастацтва, таму што афармлялі шматлікія акцыі. І зараз з гонарам магу сказаць, што гадоў дзесяць мы займаліся такім мастацтвам, якое калісьці будзе ацэненае нашымі нашчадкамі і нашай Бацькаўшчынай.

А сёння мы бачым тое, што вельмі хораша і таленавіта рабілася для душы гэтымі вельмі адданымі мастацтву, добразычлівымі людзьмі, сапраўднымі свабоднымі беларусамі, якіх не так шмат. Творчасць братоў Свістуновых годная нашай увагі і нашай памяці”, — сказаў Рыгор Сітніца. За арганізацыі выставы ён выказаў асаблівую падзяку жонцы Міхася Свістунова, графіку Алёне Сеслікавай.

sv_stunovi_1.jpg

Алёна Сеслікава

Выступоўцы адзначалі сціпласць братоў Свістуновых — прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы. Дарэчы, выстава стала першай, на якой дэманструюцца творы Валеры Свістунова.

sv_stunovi_2.jpg

sv_stunovi_5.jpg

Валер (20.06.1949, горад Барысаў Мінскай вобласці — 21.05.2007) і Міхась (17.03.1946, вёска Актавія Крупскага раёна Мінскай вобласці — 20.09.2010) Свістуновы пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута шмат гадоў плённа працавалі ў акварэлі і выкладалі ў Рэспубліканскай школе-інтернаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву.

Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч звярнуў увагу на тое, што розныя па творчай манеры акварэлі братоў Свістуных хоць і адлюстроўваюць спецыфіку акварэлі 1970-х гадоў, але застаюцца сучаснымі і сёння.   

Як адзначае мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, “пра творы Валеры Свістунова адным словам казаць немагчыма, настолькі шырокую гаму ўражанняў ускалыхваюць яны. Акварэлі яго, здаецца, прагнуць змясціць у сабе Сусвет і часам набліжаюць да гэтага наша ўяўленне шматпланавасцю сюжэтаў, шматколернасцю і зычнасцю фарбаў. А пачуццёвы лад ў іх настолькі абвострана-выразны, што выклікае амаль фізічнае адчуванне веснавой энергіі, абнаўлення, свежасці і дрыготкасці веснавога паветра, яго натоленасці пахамі травы і кветак, ці задуменнай заглыбленасці. У творах Свістунова захапляе прадуманасць, вымаляванасць вобразаў, якая ў той жа час пакідае месца стыхійным магчымасцям пісьма акварэльнымі фарбамі па мокрай паперы: у гэтым адметнасць мастакоўскага почырку. Разумееш, што за лёгкасцю і празрыстасцю твораў стаіць шмат працы, сапраўднага майстэрства і душа аўтара, яго бязмежнае захапленне хараством роднага краю, услаўленне мілагучнасці і спакою, мудрасці і велічы, раўнавагі і гармоніі”.

sv_stunovi_6.jpg

  На возеры (М.Свістуноў)

Акрамя акварэлі Міхась Свістуноў займаўся мастацкім праектаваннем — аформіў шэраг музеяў, у тым ліку Музей-сядзібу Іллі Рэпіна ў Здраўнёва пад Віцебскам, музей Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і Музей прыроды ў Экалагічным цэнтры навучэнцаў (абодва — у Мінску). У 1989 годзе мастак выканаў канцэптуальны праект “Прапанова да праграмы стварэння музеяў дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь”.

Выстава працуе па 28 ліпеня.

sv_stunovi_4.jpg

Валошкі (В.Свістуноў)