Узнагароджанне «20 дзён у Марыупалі» выразалі з міжнароднай тэлеверсіі «Оскара». Як гэта патлумачылі ў Disney?
У скарочаную міжнародную тэлеверсію цырымоніі «Оскар» не ўключылі
ўзнагароджанне дакументальнага фільма «20 дзён у Марыупалі» рэжысёра Мсціслава
Чарнова праз «абмежаванні па часе».
У скарочаную міжнародную тэлеверсію цырымоніі «Оскар» не ўключылі ўзнагароджанне дакументальнага фільма «20 дзён у Марыупалі» рэжысёра Мсціслава Чарнова праз «абмежаванні па часе». Прынамсі, так заявілі ў Disney Entertainment у адказ на запыт «Украінскай службы Голасу Амерыкі».
Пра тое, што ў міжнародную тэлеверсію ўручэння прэмій «Оскар» не ўключылі ўзнагароджанне ў намінацыі «Лепшы дакументальны фільм», 11 сакавіка паведаміў тэлеканал «Суспільне Культура», які транслюе цырымонію ва Украіне. Рэдакцыя канала выказала сваё абурэнне арганізатарам 96–й цырымоніі ўручэння прэмій кампаніі Disney, калі атрымала матэрыялы для трансляцыі.
«Магутная прамова Мсціслава Чарнова падкрэсліла адзінства паміж Украінай і светам — тым крыўднейшым бачыць выключэнне гэтага поўнага праўды і сілы эпізоду з версіі, распаўсюджанай для сусветных ліцэнзіятаў прэміі „Оскар“. Нагадаем, што летась для гэтай жа намінацыі, у якой перамогу атрымала дакументальная стужка пра Навальнага, знайшлося месца ў скарочанай версіі, як і для палітычнай прамовы яго жонкі Юліі Навальнай, якая прымала гэтую, здавалася б, апалітычную ўзнагароду», — заявіў выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Суспільне Культура» Лук'ян Галкін.
Прамова Мсціслава Чарнова на цырымоніі ўручэння «Оскар»:
«Верагодна, я першы рэжысёр у гісторыі, які скажа, стоячы на гэтай сцэне: “Хацеў бы я, каб гэтага фільма не было, — сказаў Мсціслаў Чарноў, калі атрымліваў «Оскар» за фільм «20 дзён у Марыупалі», і дадаў: — Я хацеў бы абмяняць яго на тое, каб Расія ніколі не нападала на Украіну, ніколі не акупавала нашыя гарады; каб рускія не забівалі дзясяткі тысяч маіх суграмадзян Украіны. Я б аддаў гэта, каб яны вызвалілі ўсіх закладнікаў, салдат, якія абаранялі нашу зямлю, мірных жыхароў, якія сядзяць у турмах... Але я не магу змяніць гісторыю, я не магу змяніць мінулае, мы усе разам супраць гэтага, вы і я, мы зараз сярод найталенавітых людзей у свеце. Мы можам зрабіць так, каб выправіць гісторыю, каб праўда перамагла. І каб загінулыя марыупальцы і тыя, хто аддаў сваё жыццё, — каб іх ніколі не забывалі. Таму што кіно стварае ўспаміны, успаміны фарміруюць гісторыю».
Прадстаўнікі Disney Entertainment патлумачылі, што асобныя намінацыі і часткі шоу не ўдалося ўключыць у 90-хвілінную версію для міжнароднай аўдыторыі з-за часовых абмежаванняў. У кампаніі заявілі, што выбар намінацый для скарочанай версіі вызначылі падчас планавання цырымоніі. «Зрэшты, зводны вынік усіх прапушчаных пераможцаў, у тым ліку «20 дзён у Марыупалі», у скарочаную версію уключаны», — сказалі ў Disney.
Пры гэтым у кампаніі адзначылі, што далі «Суспільне Культура» ліцэнзію на вяшчанне ва Украіне як поўнай версіі цырымоніі, так і скарочанай.
Што вядома пра фільм «20 дзён у Марыупалі»
«20 дзён у Марыупалі» — дакументальная хроніка жыцця Марыупаля падчас першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Каманда рэпарцёраў Associated Press, у складзе якой былі рэжысёр Мсціслаў Чарноў, фатограф Яўген Малалетка і прадзюсар Васіліса Сцепаненка, на працягу 20 дзён здымалі абложаны расійскімі войскамі горад.
Яны сталі апошнімі журналістамі, якія асвятлялі пачатак знішчэння Расіяй Марыупаля — за што ўсе трое атрымалі Пулітцэраўскую прэмію. Яны таксама былі ўдастоены Шаўчэнкаўскай прэміі ў 2024 годзе.
- Фільм стаў самым касавым дакументальным фільмам ва Украіне ў мінулым годзе, сабраўшы 500 тысяч грыўняў толькі за першыя выходныя пракату.
- Стужка таксама перамагла ў намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм» брытанскай кінапрэміі BAFTA.
- А Мсціслаў Чарноў атрымаў прэмію Гільдыі рэжысёраў ЗША (DGA Awards) за «выдатныя рэжысёрскія заслугі ў дакументальным кіно».
- Фільм «20 дзён у Марыупалі» атрымаў прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм». Гэта першая ўзнагарода, якой Амерыканская кінаакадэмія ўдастоіла Украіну.
Паводле suspilne.media, meduza.io