«Рок за жыццё». Папулярныя музыкі супраць смяротнага пакарання

Фестываль адбудзецца ў Мінску ўжо ў трэці раз. Сёлета на ім выступяць Nizkiz, «Петля Пристрастия», «Мутнаевока», SnopSnoŭ і Teleport.

rok_za_zyccjo__1.jpg

Штогадовы фестываль "Рок за жыццё", прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, пройдзе сёлета ўжо ў трэці раз. Каб падтрымаць увядзенне мараторыя на вышэйшую меру ў нашай краіне, папулярныя гурты Nizkiz, “Петля Пристрастия”, “Мутнаевока”, а таксама пераможцы конкурсу знакамітага фестывалю “Басовішча” двух апошніх гадоў, SnopSnoŭ і Teleport, сыграюць 7 кастрычніка ў мінскім клубе Re:Public (вул. Прытыцкага, 62).

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек. На думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў, чальца Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, экс-намесніка начальніка ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Пятра Атрошчанкі, Беларусь паступова ідзе да мараторыя, і яго падтрымлівае моладзь:

“З пачатку мінулага года я ўваходжу ў склад працоўнай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, — кажа дэпутат. — Выступаю перад рознымі аўдыторыямі, у тым ліку студэнцкімі. Усё часцей маладыя людзі прытрымліваюцца такой пазіцыі: нельга пазбаўляць чалавека жыцця свядома, якое б злачынства ён не здзейсніў”.

Не выпадкова фестываль “Рок за жыццё” штогод прыцягвае ўсё больш увагі моладзі. У папярэднія гады ён таксама праходзіў ў клубе Re:Public, сваім удзелам ідэю адмены смяротнага пакарання падтрымалі “Дай Дарогу!”, Akute, Re1ikt, :B:N: і іншыя гурты, а таксама тысячы іх прыхільнікаў. Акрамя Мінска, летась музыкі сыгралі аналагічны канцэрт у Брэсце. А сёлета ўпершыню “Рок за жыццё” пройдзе ў Віцебску. Фестываль адбудзецца ў самым міралюбівым месцы горада, “Бітлз-клубе”, 5 кастрычніка з удзелам Nizkiz, “Разбітага сэрца пацана”, Re1ikt і Teleport!

Дзе: клуб Re:Public (Мінск, вул. Прытыцкага, 62).

Калі: 7 кастрычніка 2018 года, дзверы: 17.30, пачатак: 18.00.

Даведкі: +375 29 12 12 296

 

rok_za_zyccjo___.jpg