На дзіцячае «Еўрабачанне-2016» ад Беларусі паедзе Саша Мінёнак
12-гадовы Саша Мінёнак адправіцца на дзіцячае «Еўрабачанне-2016» ад Беларусі. Юны выканаўца стаў пераможцам фіналу нацыянальнага адбору на папулярным міжнародным песенным конкурсе.
За права выйсці на сцэну дзіцячага «Еўрабачання-2016» ад нашай краіны на прэстыжным музычным форуме на Мальце змагаліся восем сольных выканаўцаў і дзве групы.
Лідар вызначыўся шляхам адначасовага галасавання гледачоў і прафесійнага журы. Песня Сашы «Музыка моих побед» («Музыка маіх перамог») пра яго імкненне знайсці сябе ў музыцы, пра тое, што ён хацеў бы прысвяціць сваё жыццё музыцы і сцэне, пакінуць свой след — вывела яго на першае месца.
Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, Саша Мінёнак спявае з 8 гадоў, займаецца ў Заслужаным калектыве Беларусі, тэатры эстраднай песні «Хвiлiнка» ДК МАЗ. На сцэну дзіцячага «Еўрабачання-2016» ён выйдзе са сваім дэвізам «Ніколі не здавацца, ісці наперад да пастаўленай мэты, верыць у сябе!»
Паводле «Нашай Нівы»