Мастачка Надзея Саяпіна: Хочацца, каб людзі не апускалі рукі. Мы народзім новыя наратывы
Гісторыя цыклічная. Цяперашнія рэпрэсіі, выгнанне, туга па Беларусі — усё гэта ўжо было сто гадоў таму і зафіксавалася ў мастацтве. Што мастакі фіксуюць цяпер?
Беларуская мастачка Надзея Саяпіна прадставіла ў Познані выставу карцін у тэхніцы «філіграмы». Яна стварае карціну словамі, якія зашыфраваны на палатне. Пры гэтым малюе белым па чорным. Пра загадкавыя карціны пагутарыў з аўтаркай карэспандэнт «Польскага радыё».
— Надзея, чаму выстава называецца «Покуць»? Адкуль узялася такая назва?
— Покуць — гэта проста назва ад чырвонага кута ў хаце, як прынята казаць у Беларусі. Чырвоны кут — гэта сакральны кут у доме, які існаваў у розных славянскіх народаў. Гэта месца, дзе вісіць ікона, адбываюцца малітвы і іншыя рытуалы. І «покуць» — гэта менавіта назва для гэтага кута.
— У вашых карцінах найбольш уражвае тэхніка, якой яны намаляваныя. Раскажыце, калі ласка, пра яе.
— Вы, напэўна, маеце на ўвазе серыю малюнкаў «Краявіды». Яны зробленыя ў тэхніцы «філіграмы». Раней у такой форме пісаліся вершы, якія станавіліся выявай, малюнкам. Я паўтараю нейкае слова ці цэлую цытату шмат разоў і з гэтага фармую малюнак. У дадзеным выпадку гэта зроблена па фотаздымку: спачатку мне даслалі фотаздымак, і я ўжо па ім рабіла малюнак, паўтараючы прымаўкі і прыказкі.
— Але словы прачытаць немагчыма, вы іх кадуеце…
— Так. Гэта важная дэталь, бо, калі можна прачытаць кожнае слова, філіграма будзе занадта зразумелай. Але для мяне важны момант — тое, што мае надпісы становяцца нечытэльнымі. То-бок, гэта нейкі код, які трэба расшыфраваць. Калі мы кажам пра беларускую культуру, яе традыцыі, то, на жаль, гэта часта для нас нешта забытае, схаванае ці закадаванае. І вось гэта такая раскопка: ты пачынаеш шукаць, што гэта, аб чым, на якой мове, якім шрыфтам…
— З формай зразумела, а вось калі па сутнасці — што вы шукаеце ў гэтым куце?
— Я хутчэй не шукаю, а паказваю сам пошук, які ў гэтым куце адбываецца. Мы ж увесь час шукаем адказ: што такое беларускасць, у чым нашы традыцыі, ці сапраўды яны такія, што менавіта наша, а што, магчыма, падаецца такім. Але, на самой справе, тут важна і тое, што сам пошук мае значэнне, і тое, што мы маем права на нейкае сцвярджэнне. І ў гэтым няма нічога страшнага, нават калі гэта нешта новае. То-бок, калі мы выйдзем з кута і нават нешта пра яго раскажам ці нават нешта створым, то маем на гэта права. Гісторыя важная, і пра гэта ў маёй выставе таксама шмат. І цікава яе адкапаць, знайсці і стварыць на гэтай падставе нешта новае.
— А што вы кадуеце? Гэта сучаснікі ці, магчыма, проста гісторыя беларускай літаратуры?
— У гэтым і сэнс, што я міксую. Я не хачу сказаць, што гэта праект адраджэння нечага старога. Я хачу паказаць, што ёсць нешта агульнае, цыклічнае, як тое, што аснова выказванняў пра пошук ідэнтычнасці ў стане эміграцыі — яна якраз цыклічная. І, як сто гадоў таму Якуб Колас у выгнанні, калі яго краіна была падзеленая, успамінаў сваю Бацькаўшчыну і пісаў свае вершы, якія мы потым вучылі некалькімі пакаленнямі, то цяпер і мы ў такой сітуацыі і таксама нешта ствараем. У гэтым ёсць нейкі сэнс, і мне хочацца паказаць, што ўсе гэтыя справы адбываюцца цыклічна. І становіцца трохі сумна, што мы так і не прыходзім урэшце да вольнай Беларусі. А з іншага боку, у нас зноў такі перыяд, зноў мы нешта створым і адродзім, і народзім нейкія новыя наратывы. Хочацца, каб людзі, бачачы гэта, не апускалі рукі і разумелі, што нашы знакамітыя творы былі зроблены за мяжой, і гэта нармальна.
— Нягледзячы на тое, што па форме ваша выстава незвычайная, падаецца, яна ўсё ж вельмі беларуская. Як так?
— Калі гэта адчуваецца, то, мне здаецца, гэта праз негатыўную тэхніку. Негатыўную ў тым сэнсе, што белы малюнак ідзе па чорнай паперы. Гэта адсылае да нашых традыцый, бо наш арнамент не толькі бела-чырвоны — у ім ёсць і чорны колер. Напрыклад, у посцілках выкарыстоўваюцца бліскучыя і яркія элементы, нібы ствараючы нейкі негатыўны эфект. І вось белая выява, зробленая на чорным, можа здавацца таксама нечым традыцыйным.
— Беларуская гісторыя шмат у чым трагічная, і прысутнасць чорнага колеру ў арнаментах здаецца натуральнай.
— Я нядаўна падумала, што гэта нечым нагадвае драпіны на помніках. У гэтым аспекце ўсё максімальна трагічна, але выявы, якія людзі выбіраюць для сваіх фотаздымкаў, тыя, што яны асацыююць з беларускім, — гэта нам знаёмыя хаткі, сучасныя «панэлькі» ці проста краявіды. Праз гэта мы таксама разумеем, што гаворка пра наш край, наш родны кут.
— Як звычайна ўспрымаюць вашы карціны гледачы?
— Мне цяжка сказаць, бо я апошнім часам рэдка выстаўляю такія працы. У мяне зараз больш мультымедыйных праектаў, інсталяцый, а з гэтай тэхнікай я выстаўляла толькі паштоўкі. Сама тэхніка цікавіць людзей і для еўрапейскага гледача выглядае незвычайнай. Нехта прыгадвае сюррэалістаў, авангардыстаў і іншых мастакоў, якія працавалі з філіграмамі. Сёння ёсць мастакі, якія працуюць у гэтай тэхніцы, але, мне здаецца, найбольш здзіўляе людзей гэты негатыўны падыход, калі малюнак робіцца белым па чорным, а не як звычайна — чорным па белым. І дзе страчваецца тэкст, застаецца нешта мільгаючае. Усё гэта, дарэчы, звычайна заснавана на досведзе людзей, на іх аповедах праз інтэрв’ю, апытанкі, архівы, да якіх я звяртаюся. Так, як на гэтай выставе — я звярнулася да фотаархіваў людзей. Для мяне вельмі важны гэты сацыяльны падыход, і абсалютна кожны мой праект пачынаецца з таго, што я звяртаюся да людзей. Мне важна спачатку пачуць гэтыя галасы, траўматычныя ў нечым, і потым ужо стварыць выказванне, якое будзе паказваць нешта агульнае і асабістае.