Маргарыта Ляўчук: Мне заўсёды хацелася, каб опера была хобі — зараз я да гэтага прыйшла

З опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук пра яе новыя яркія праекты, паездку ва Украіну і спробу падмануць жыццё, паразмаўляла DW.

Фота: Alina Golubeva

Фота: Alina Golubeva

Маргарыта Ляўчук — беларуская оперная спявачка, якая падтрымала пратэсты ў 2020 годзе і, як многія беларусы, аказалася ў эміграцыі. Цяпер Маргарыта жыве ў Вільні і, акрамя оперы, актыўна развівае ўласныя праекты, у тым ліку звязаныя з палітычнай сатырай. У інтэрв’ю Маргарыта распавяла, што яе натхніла на новы праект «ЕўраначОс», як гэта — выступаць на ўкраінскім фронце перад вайскоўцамі, і калі Беларусь стане вольнай.

— Маргарыта, вы нядаўна запусцілі новы праект «ЕўраначОс» у жанры палітычнай сатыры. Як у вас атрымліваецца знаходзіць ідэі для такіх праектаў і захоўваць пазітыў, калі вакол навіны толькі пра вайну і рэпрэсіі?

— У мяне проста вельмі добрая каманда. Людзі, якія са мной працуюць, вельмі крэатыўныя і таленавітыя, як і ўсе беларусы. Я дзялюся ідэяй са сваёй камандай, і яны такія: ок, робім. Мне пашанцавала мець класных людзей побач.

Калі ўсё дрэнна, толькі гумар і сатыра могуць нас выратаваць. Можа, у мяне такія жарты, якія не ўсім падыходзяць, не ўсе іх разумеюць — але які час, такія і жарты, атрымлівайце (смяецца)!

— Адкуль вы бераце энергію на такія пазітыўныя праекты?

— Ад сваёй бабулі. Ёй хутка ўжо будзе 90 год, і яна вельмі пазітыўная. Напрыклад, яна зламала руку і кажа: «Дзякуй Богу, што не правую, я хоць лыжку магу трымаць». І так ва ўсім. Я вырашыла быць як яна, і таму я заўжды пазітыўная і аптымістка.

— Што вас натхніла на гэтыя праекты?

— Мусіць, ва ўсім вінаватая «Баба Рыта» — канал, які з’явіўся ў мяне на Youtube у 2020 годзе, адсюль усё пачалося. А потым «Красная зелень», жанчына з начосам, і неяк, я памятаю, мы запісвалі відэа з Павуком (блогер Андрэй Павук) для «Краснай зелени», і ён сказаў, маўляў, а давай ты будзеш Яленаўнай. І я сказала: о, прыкольна! Вось так і нарадзіўся гэты персанаж.


Глядзіце таксама

— 24 снежня вы таксама выпусцілі на Youtube «Калядны кватэрнік» са знакамітымі беларускімі музыкамі. Як да вас прыйшла гэтая ідэя?

— Гэтая ідэя да мяне прыйшла некалькі гадоў таму. Я вельмі хацела запісаць «Калядны кватэрнік», бо, на маю думку, калі прыходзяць Каляды, беларусам абсалютна няма чаго слухаць, акрамя «Калядачак» і «Завірухі». Уключаеш плэйліст і там замежныя песні, а ты жадаеш свае. Я доўга выношвала гэтую думку, шукала грошы і каманду таксама. У гэтым годзе 24 снежня на маім канале адбылася прэм’ера «Кватэрніка». І я вельмі ганаруся гэтым праектам — гэтая мая мара, яна спраўдзілася, і зараз беларусам ёсць, што слухаць.

— Як зараз развіваецца ваша оперная кар’ера?

— Я заўсёды казала, што не люблю оперу. Так, я оперная спявачка і не люблю оперу (смяецца). Мне заўсёды хацелася, каб опера была хобі — зараз я да гэтага прыйшла, мне вельмі падабаецца. Я магу спяваць, калі захачу, і не павінна з раніцы да вечара быць у тэатры. Так шмат усяго цікавага: я і валанцёру, і езджу на фронт, і здымаю Яленаўну, і нешта з «Краснай зелени», і оперу спяваю. І мне ўсё падабаецца, я не хачу выбіраць нешта адно. Калі хапае майго рэсурсу на ўсё, то чаму б і не?

— Праўда, што вы адмовіліся ад канцэртаў у Літве, каб паехаць ва Украіну спяваць для вайскоўцаў?

— Так, было такое. Я думала, што трэба будзе заплаціць няўстойку, але не, мне сказалі, што ўсё разумеюць, а я малайчына. Я патлумачыла, што я валанцёрка, што не зарабляю недзе яшчэ, што гэта сапраўды трэба. Яны зразумелі, усё класна.

— Якой вы ўбачылі Украіну?

— Я была ва Украіне перад вайной і бачыла, якая яна была. Улетку была зусім іншая карцінка. Па-першае, там вельмі мала святла, эканомяць жа электраэнергію. І мне стала так сумна, бо раней Кіеў проста ззяў, свяціўся, а зараз не так. Па-другое, няшмат людзей. Так, пробкі на дарогах ёсць да гэтага часу, але не так шмат людзей, як было раней.

А калі ездзіш па Украіне і бачыш Ірпень, Бучу — гэта жахлівая карціна. Відэа — гэта адно, а на свае вочы — проста жах. Я ў Бучы пачала галасіць, мяне калаціла. Я не думала, што гэтак буду на гэта глядзець. Ня ведаю, як людзі гэта ўсё перажылі. Гэта жудасна.

— Што больш за ўсё ўразіла ва Украіне?

— Уразілі людзі, украінцы, нашы вайскоўцы. Яны ўсё настроены на перамогу, ніхто не падае духам, усё жартуюць, усміхаюцца, нават калі ног няма. Прыходзіш у лякарню, а яны такія: «Ды мы іх, ды ўсё нармальна». Там столькі пазітыву і столькі жыцця. Вайскоўцы разумеюць, што гэта можа быць іх апошні дзень, таму яны проста зараджаныя гэтым жыццём.


Глядзіце таксама

— Ёсць розніца — выступаць перад вайскоўцам і звычайнай аўдыторыяй?

— Так, і вялікая. Мы выступалі пад Аўдзееўкай, выбухі былі з усіх бакоў. А хлопцы — з аўтаматамі, у касцы, «броніку» — сядзяць і кажуць: ёсць 10 хвілін, і мы паедзем хлопцам дапамагаць, так што давайце, спявайце для нас. Пасля канцэрта адзін хлопец падыходзіць: «Ведаеш, можа, твае спевы былі апошнім прыемным момантам у маім жыцці». І я такая: не-не-не, гэта фільм нейкі, не можа быць такога.

А калі проста спяваеш прыгожыя кадэнцыі для звычайнай публікі... У мяне пераклін пасля фронту здарыўся, калі я тут спявала. Думаеш, вось навошта вам усім опера, калі людзям там патрэбен мой голас. Для іх гэта глыток свежага паветра, гэта значыць, што жыццё ёсць і яно будзе працягвацца.

І калі ёсць гэта параўнанне, то думаеш: вось якая опера зараз? Калі ты сваім спевам можаш падтрымаць чалавека, у гэтым зараз ёсць сэнс. А сама опера сэнс для мяне страціла.

— Пасля падзей 2020 года прайшло ўжо больш за тры гады, мы ўсе гэтыя гады правялі ў эміграцыі. Як гэты час вас змяніў?

— Калі я з’яжджала мне было 30, а зараз 33, гэта значыць я стала старэй (смяецца). Ня ведаю, якой я стала.

Ці хочацца мне ў Беларусь і ці сумую я? Вядома, сумую. Але я сёння якраз казала сябрам аб тым, што мне і тут добра. Канешне, я хацела б вярнуцца ў Беларусь, але ў мяне няма гэтага грузу на душы, што я не магу жыць ў эміграцыі. Я як быццам на гастролях — так сабе прыдумала, і сама сябе абдурыла. Я на гастролях і, калі захачу, вярнуся ў Беларусь (смяецца).

Хочацца проста дадому, да бацькоў, да бабулі, на могілкі. Гэта для мяне вельмі важна — прыходзіць на могілкі, дзе ўсе мае продкі.

А так я сябе вельмі добра адчуваю, калі шчыра. У тую Беларусь, якая зараз, я не хачу ўвогуле і ўсім рэкамендую адтуль з’язджаць. Бо жыццё тут.


Крыніца: Margarita Levchuk . Soprano [ youtube ]

— Год таму ў інтэрв’ю вы казалі, што марыце аб сям’і і дзецях. Як у гэтым напрамку развіваецца ваша жыццё?

— Я пра асабістае жыццё не гавару. Мне здаецца, нават калі я трэці раз буду выходзіць замуж, таксама нічога не раскажу. Магу проста сказаць, што я гэтага хачу і не толькі я гэтага хачу. Мара паступова здзяйсняецца.

— Мы ўсе чакаем, калі Беларусь стане свабоднай і мы вернемся. Калі гэта здарыцца, як вы думаеце?

— Я раней заўсёды казала: ну, калі ўжо, я так хачу дадому, калі Лукашэнка ўжо сыдзе, я хачу жыць у Мінску. А зараз кажу: я ўвогуле не хачу вяртацца, мяне ўсё тут задавальняе, мае дзеці і ўнукі будуць тут жыць. Кажу і думаю: а можа, я падману гэта жыццё? Яно мяне пачуе і зробіць усё наадварот? Колькі ўжо можна маліцца, колькі можна пра гэта казаць услых? Нічога не адбываецца. Мы чакаем, а час ідзе, і нашае жыццё праходзіць.

Вядома, мы ўсе верым у светлую будучыню, але яе можа і не быць. Мы павінны і да гэтага быць гатовыя, каб не марнаваць усё жыццё на спадзяванне. Я хачу пражыць сваё жыццё добра, кайфаваць, нягледзячы ні на што. І ў мяне гэта атрымоўваецца.