Як браліся шлюбам беларусы? «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» (фота)
У межах месяца фатаграфіі 12 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася экспазіцыя «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня».
У адрозненне ад іншых выставаў фестываля тут апроч фотаздымкаў прадстаўлены фальклорныя гуказапісы, слайд-фільм і дакументальнае кіно «Радзілавіцкае вяселле». Куратары праекта: Настасся Даніловіч і Дзіна Даніловіч.
У шмат якіх народаў свету традыцыйнае вяселле — самае яркае свята ў жыцці чалавека, якое мае найбольшы размах сярод урачыстасцяў і паводле працягласці правядзення, і паводле колькасці ўдзельнікаў. Разам з тым традыцыйнае вяселле — гэта шматкампанентнае сакральнае дзеянне, накіраванае на пераход галоўных яго персанажаў у новы сацыяльны статус: дзяўчыны — з бацькоўскага роду ў род мужа, хлопца — у статус сямейнага чалавека.
Беларускае вяселле як рытуал сваімі каранямі ўзыходзіць да старажытнаславянскіх часоў. Паступова яно стала спалучаць у сабе паганскія і хрысціянскія кампаненты і выкрышталізавала свой абрадавы мінімум, які ў кожнай мясцовасці можа мець адметныя варыянты.
Носьбітамі вясельнай песеннай традыцыі да апошняга часу былі дарослыя і сталыя вясковыя жанчыны. Сёння, калі традыцыйнае вяселле як песенна і абрадава імкліва адыходзіць у нябыт, яны працягваюць захоўваць гэтае сакральнае веданне ў сваёй памяці. Жанчыны — носьбіткі песенна-абрадавай традыцыі. Партрэты мужчынаў — гэта выявы вясковых музыкаў. Яны былі на вяселлі адмысловымі фігурамі, бо адказвалі за танцавальную частку свята, якую ўсе госці асабліва любілі і чакалі.
Па словах аўтарак, выстава імкнецца паказаць твары тых людзей, аўдыязапісы галасоў або выканальніцкага майстэрства якіх складаюць скарбонку фонаархіву ў кабінеце традыцыйных музычных культураў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Фатаграфіі зробленыя ў 1970–2010-я гады ў музычна-этнаграфічных экспедыцыях БДАМ. Фотакалекцыя налічвае больш за 1000 экспедыцыйных аматарскіх здымкаў, зробленых працаўнікамі і студэнтамі Акадэміі.
Частку фатаграфіі на выставе можна праглядзець у фармаце слайд-фільму, у якім кожны здымак агучаны «вясельным голасам» таго, хто на ім выяўлены, а ўвесь экспазіцыйны цыкл (партрэт+гук) абагульнена выбудаваны ў паслядоўнасці вясельнага рытуалу і маркіруе галоўныя яго этапы.
Выстава працуе да 13 кастрычніка штодзень апроч нядзелі і панядзелка. Агульны білет на ўсе экспазіцыі галерэі каштуе 5 р. Школьнікам, студэнтам, пенсіянерам ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, людзям з інваліднасцю і дзецям да 10 гадоў — уваход вольны.