Чэслаў Сіповіч: «сьвятар, які паехаў у выгнаньне, каб клапаціцца пра беларусаў, якія ня мелі права заявіць пра сваё існаваньне»

Біскуп, які ўсё жыцьцё служыў беларусам. Напачатку ў радзімай старонцы, а потым, і да самай сьмерці, у эміграцыі. Да гадавіны сьмерці вялікага чалавека веры падрыхтавалі нататку пра ягонае жыцьцё.

Біскуп Чэслаў Сіповіч

Біскуп Чэслаў Сіповіч

У 2014 годзе, у сотую гадавіну з дня народзінаў сьвятара, у Друі адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне. Прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці (а на сёньняшні дзень ужо кардынал і адзін з прэтэндэнтаў на абраньне новым Пантыфікам у будучыні) сказаў, упершыню прамаўляючы на беларускай мове:

«Чэслаў Сіповіч не шукаў пакуты і пакутніцтва. Будучы чалавекам адукаваным і зацікаўленым праблемамі грамадзтва, ён не быў прарокам сацыяльнага характару, ані дзеячам культуры. Ён быў чалавекам, які шукаў Бога ўсім сваім сэрцам і быў гатовы заплаціць высокую цану гэтых пошукаў.

Ён мог бы мець спакойнае законнае жыцьцё. Дастаткова было б прыняць перакананьні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасьць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мысьленьня ён быў бы шчасьлівым.

Глядзіце таксама

Гэта было б мізэрнае, эгаістычнае і баязьлівае шчасьце, якое, у перакананьні Чэслава Сіповіча, не было годным Бога.

Было б дастаткова адрачыся ад сваёй беларускасьці, згадзіцца на тое, каб гэты народ быў бы яшчэ раз прыніжаны, як гэта было на працягу стагодзьдзяў: народ, які лічылі нікім і нічым, безыменнае стварэньне, невядомая зямля сярод вядомых краінаў, бязлюдная тэрыторыя.

Калі б Чэслаў Сіповіч зрабіў гэты крок, задаволіў бы гэтым шмат каго, у першую чаргу магутных гэтага сьвету, якія лічылі сябе цывілізаванымі пратаганістамі навяртаньня ў чужую культуру, а не ў веру».

Пакліканьне

Пакліканьне да касьцёльнага жыцьця Чэсь адчуў зь дзяцінства, што і прывяло яго ў гімназію пры Друйскім кляштары беларускіх айцоў-марыянаў. Як самыя блаславёныя гады прыгадваў Сіповіч час, калі слухаў у Віленскай alma mater курсы філязофіі й тэалёгіі й жыў у доме марыянаў, якім кіраваў айцец Язэп Германовіч. Атрымаўшы магчымасьць працягваць навучаньне ў Рыме, Чэслаў прыняў бізантыйскі абрад. Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт ён скончыў ужо сьвятаром,  адзначаў Уладзімер Арлоў.

Біскуп Чэслаў і Ян Павал ІІ

19 студзеня 1979 году Ян Павал ІІ прыняў беларускіх сьвятароў у сваёй рэзідэнцыі. Вось як пра гэта пісаў будучы апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандар Надсан: «Сярод беларускіх сьвятароў, якія сабраліся ў Рыме, панавалі даволі змрочныя настроі. Апрача біскупа Сіповіча, ix было ўсяго чатыры. Не забыліся пра патрэбу біскупа ў Беларусі. Вырашылі прасіць новага Папу ўзнавіць стараньні свайго папярэдніка ў гэтай справе.

Гэтак i зрабілі на прыватнай аўдыенцыі 19 студзеня. Перш Папа прыняў Уладыку Чэслава аднаго, які пасьля апісаў іхную гутарку.

Я сказаў, што, напэўна, ужо Сьвяты Айцец ведае, у якой справе прыходзім: просім назначыць для Беларусі біскупа ў асобе а. Уладзіслава Чарняўскага, бо periculum in mora (небясьпечна чакаць), i Каталіцкі касьцёл там загіне.

Айцец Сьвяты згадзіўся, што ёсьць небясьпека сьмерці для Касьцёлу на Беларусі…

Пытае: «Калі гаворка аб Беларусі, як мы гэта разумеем?»

Кажу: БССР, якая паўстала пасьля апошняй вайны з былой БССР i далучанай Заходняй Беларусі, якая была пад Польшчай…

Папа кажа: «Польскія біскупы i кардынал Вышынскі адсочваюць сытуацыю Касьцёла на Беларусі i высылаюць туды час ад часу сьвятароў i думаюць, што гэтакімі візытамі ратуюць сытуацыю, але я думаю, што біскуп патрэбны. Цяпер сытуацыя там… зьмяняецца быццам на лепшае». Вельмі далікатна Папа закрануў факт, што ў Беларусі моляцца па-польску, a савецкі ўрад каталікоў уважае за чужы элемент, за палякаў…

Я тут стараюся высьветліць: моладзь не ведае польскай мовы ў Беларусі, ёсьць інтэлігенцыя, якая ня ўся бязбожная i ня ўся варожая да рэлігіі. Гэтым трэба дапамагчы. Папа пытае пра а. Ул. Чарняўскага, кажа: «Гэтае прозьвішча мне вядомае. Хто ён такі, марыянін?» Кажу, што так!

«Што ж, можа, удасца штосьці зрабіць! Я тую палітыку савецкую, камуністаў, ведаю, але ня ведаю яшчэ ватыканскай», — тут Папа ўсьміхнуўся.

Дзякую Папу за яго беларускае прывітаньне i пажаданьне ў ягонай каляднай прамове. Ён на гэта вельмі моцна i энергічна: «Заўсёды i ў будучыні гэтак буду гаварыць! Мы, славяне, тысячу гадоў чакалі свайго Папу, дык нашто ж я тут сяджу?!» Тады я запытаў Папу, ці можна мне яго, калі прыйдуць мае сьвятары, прывітаць на беларускай мове? Ён адказаў: «Tak! Proszę!»

Скарынаўская бібліятэка

Біскуп Чэслаў у бібліятэцы

Біскуп Чэслаў у бібліятэцы

Гісторык Уладзімер Арлоў адзначае адно з дасягненьняў беларускага сьвятара: Як апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў абодвух абрадаў у эміграцыі Чэслаў Сіповіч зьдзейсьніў два падарожжы вакол сьвету, прывозячы адусюль архівы й бібліяграфічныя рэдкасьці для фондаў будучай Лёнданскай бібліятэкі імя Францішка Скарыны, сваёй даўняй запаветнай мары.

Адкрыцьцё Скарынаўкі ў траўні 1971-га падаравала яму адзін з самых шчасьлівых дзён жыцьця. Ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што якраз у дзень адзначэньня 10-годзьдзя бібліятэкі, якая зрабілася найбагацейшым беларускім кнігазборам па-за межамі Беларусі, уладыка адышоў у лепшы сьвет. Гэта здарылася роўна чвэрць стагодзьдзя таму. Сіповіч толькі-толькі пасьпеў адслужыць сьвяточную літургію ў лёнданскай Беларускай царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

Айцец Аляксандар Надсан узгадваў: Сіповіч яшчэ выяжджаючы зь Беларусі, калі яго сілком польскія ўлады выкінулі з Бацькаўшчыны, пасьпеў забраць з сабою беларускія кніжкі. Пасьля ў замежжы ён зьбіраў усё, што можна было знайсьці беларускае. Недзе ў 1969 годзе, калі ўжо айцец Сіповіч стаў біскупам ад яго выйшла думка – заснаваць афіцыйна беларускую бібліятэку. З Боскаю дапамогаю і з дапамогаю беларусаў усяго сьвету нам удалося заснаваць Бібліятэку імя Францішка Скарыны, якая была афіцыйна адчыненая 15 траўня 1971 году і якая існуе да гэтага часу.

Уплыў на беларускіх патрыётаў

Янка Філістовіч, які дэсантаваўся на тэрыторыю Беларусі дзеля выкананьня акцыяў, скіраваных супраць камуністаў у 1951 годзе, быў аднак хутка схоплены карнымі органамі і засуджаны. На працэсе быў наступны эпізод:

Суд: Суду вядома, што беларускія буржуазныя нацыяналісты асабліва гучна адзначаюць так званы дзень 25 сакавіка так званай БНР. Раскажыце, як гэта рабілася ў Парыжы ў 1947 годзе.

Янка Філістовіч: А другой гадзіне папалудні айцец Чэслаў Сіповіч адслужыў імшу, пасьля асьвяціў нашыя сьцягі і герб — Пагоню, выкананую мастаком Жаўняровічам. Потым усе сабраліся ў залі, і ўрачыстасьць адкрыў спадар інжынэр Рыдлеўскі, генэральны сакратар Задзіночаньня Беларускіх Работнікаў Францыі. З дакладам аб Дні 25 Сакавіка выступіў інжынэр Абрамчык. Ён зрабіў вялікае ўражаньне, у прыяцеляў нашых выклікаў радасьць і буру воплескаў, ворагам раскрыў вочы пакінуць усякія мары, таму пэўна не аднаму праходзіў мароз па скуры ад шчырых разумных словаў спадара Абрамчыка.

Біскуп Сіповіч аднойчы сказаў:

«Дазволю сабе заўважыць, што Савецкі Саюз, пазбаўляючы сваё грамадзтва рэлігіі, гэтым самым капае пад сабою яму. Вядома, што там, дзе няцьвёрды рэлігійны элемэнт, там зьнікаюць этычныя прынцыпы, там множацца злачынствы. Дзе няма Бога, там патрэбна больш паліцыі і больш тэрору. Гэта мая думка»

Кардынал Клаўдыё Гуджэроцьці ўзгадваў: «Потым, калі Чэслаў Сіповіч стаў біскупам (адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), прайшоў увесь сьвет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы.

Гэта цяжкі крыж. Чэслава Сіповіча абвінавацілі ў шавінізме, нацыяналізме, фанатызме. Ён бачыў, як паволі зьмяншалася паства, бачыў, як паміралі браты, з якімі ён згадзіўся перажываць гэтую прыгоду. Бачыў таксама, што сьвет, а часта і Касьцёл, не разумелі добра ягоны народ».

Кардынал Клаўдыё Гуджэроцьці. Фота: Павал Хадзінскі

Кардынал Клаўдыё Гуджэроцьці. Фота: Павал Хадзінскі

Увесь Касьцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэньня за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен

 – з прамовы кардынала Клаўдыё Гуджэроцьці ў 2014 годзе.

Беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч спачыў 4 кастрычніка 1981 года ў Лёндане.