ByMetal: «Наша місія – падтрымка метал-плыні і ўнясенне ў яе беларушчыны»
У мінскім клубе Brugge 18 траўня пройдзе канцэрт з нагоды дзесяцігоддзя руху ByMetal. Выступяць гурты Forodwaith, Nebulae Come
Sweet, In Search For, Dymna Lotva, Сымон-музыка, Alfar. Што такое рух
ByMetal распавядае заснавальнік аднайменнага сайта Ян Мачульскі.
– ByMetal – мая справа жыцця. Праект пачаўся 15 траўня 2008 года. Дакладней, у ноч з 14-га на 15-га. Таму фактычна нам ужо 11 гадоў. Але летась не адсвяткавалі, сёлета наганяем. ByMetal (спачатку BelMetal) – гэта была мая спроба стварыць нешта сваё, новы рух у цяжкой металічнай плыні. Тады было шмат іншых падобных рухаў. Спачатку працаваў форум, з 2011 года – сайт BelMetal.org. Мы арганізоўвалі канцэрты, і ў малых клубах, і на буйных open-air пляцоўках. Напрыклад, фестываль Burning Wheel у Малінаўцы, з гуртом Gods Tower за хэдлайнера, у 2013-м.
У 2017 годзе зрабілі рэбрэндынг і адкрылі новы сайт ByMetal.org. “Bel” у міжнародным разуменні асацыюецца з Бельгіяй, а назва “ByMetal” – больш гучная і сапраўды ўнікальная. Яна адпавядае англамоўнаму пазначэнню Беларусі, дазваляе гуляцца сэнсамі: “каля металу”, “металам”. На сайце самае цікавае для людзей – гэта фотарэпартажы. Найбольшы інтарэс выклікаюць справаздачы з канцэртаў сусветна вядомых гуртоў. Напрыклад, Amorphis посцілі ў сваім Інстаграме нашы фота, дзякавалі нам. Калі параўноўваць з лакальным, беларускім матэрыялам – гэта зямля і неба. Замежныя гурты маюць больш аўдыторыі і на канцэртах. Людзі глядзяць фотарэпартажы з падзей, якія яны наведалі, а тыя, хто не быў – таксама цікавяцца. Наша мэта – данесці, як гэта было, перадаць атмасферу. Паказаць твары публікі.
Праект ByMetal некамерцыйны, таму прагляды для нас – гэта ў першую чаргу адваротная сувязь. Мы бачым, што недзе цікаўнасць больш, а недзе менш, але гэта ўсё роўна трэба рабіць. Таму падтрымліваем усё: рэлізы нават самых дробных гуртоў. Не бярэм толькі зусім сыры матэрыял, нестудыйныя працы.
Фотарэпартажы займаюць менш часу, чым публікацыя тэксту. На сайце прыняты свой, спецыфічны варыянт тарашкевіцы. Артыкул кожнага аўтара трэба вычытаць, адрэдагаваць, выставіць… Таму ў большасці выпадкаў ад тэкставых рэпартажаў з канцэртаў мы цяпер адмаўляемся. Бывае, ставім інтэрв’ю, рэцэнзіі. Усе нашыя фатографы працуюць “за ідэю”, не заўсёды знаходзяцца такія ж альтруістычныя відэааператары. Бывае, ставім на сайт відэа, але не так часта, як нам бы хацелася. Мы вельмі ганарымся сваёй афішай, яна адна з самых поўных у нашай тэматычнай галіне. Хочацца, каб сайт быў сапраўдным сервісам, карысным людзям.
Мы сталеем, і разам з намі аўдыторыя, у нас шмат чытачоў ва ўзросце 25 – 35 гадоў. Але не цураемся і самых моладзевых стыляў, пашыраем кола прыхільнікаў. Раней у нас быў “металёвы метал”, а цяпер канцэпцыя шырэйшая. Назва ByMetal дазваляе легітымізаваць шырэйшае кола тэм “каля металу”, усю цяжкую плынь, не толькі так званы олдскульны метал. Падтрымліваем фальклорныя і рэканструктарскія імпрэзы. Гэта ўсё парасткі адной культуры.
Сёлета мы вырашылі вяртацца ў плынь арганізацыі канцэртаў. Гэта ўжо не першы Travień Fest, што мы робім. У 2014-м хацелі закласці ў беларускі музычны асяродак новае імя: ёсць жа Калядны фэст, Фэст вясновага раўнадзенства… Хацелася, каб канец вясны быў адзначаны таксама. Пасля таго ў нас канцэртных праектаў больш не было. Спадзяемся, на сёлетнім Травень-фэсце ўсё не скончыцца, будзем і далей нешта ладзіць.
Усе артыкулы і працы этнаграфіні і журналісткі НЧ Алёны Ляшкевіч чытайце на яе тэлеграм-канале.