Беларусь, якая чакае: Паўночныя скарбы Берасцейшчыны (ФОТА)

Восеньскія, а тым больш кастрычніцкія вандроўкі па Беларусі — не толькі самыя прывабныя і захапляльныя, але ж і самыя складаныя. Калі раней можна было амаль спакойна ехаць ад кропкі да кропкі, зрэдку спыняючы погляд на нейкім зусім ужо выбітным краявідзе, то зараз так не атрымаецца — за кожным збочваннем ці пагоркам хаваюцца невымоўна прыгожыя малюнкі каляровай беларускай восені. Сённяшні маршрут мы выбудоўвалі дастаткова працяглы час, і вось надышоў дзень, калі ўсё ўсіх задаволіла. Паехалі! 

Світанак сустракаем ужо ў дарозе. Спачатку надвор’е досыць падазрона ставіцца да нашых планаў, і ледзьве мы пакідаем кропку старту і выязджаем на шашу — капрызная раніца шчодра палівае нас халодным восенькім дажджом. Кіроўца, сціснуўшы сківіцы, нешта бурчыць аб нашых здольнасцях правільна карыстацца метэапрагнозамі, але праз паўгадзіны ўзыходзячае сонца ўсё больш настойліва прабівае сабе вокны праз шчыльныя аблокі і пераконвае ў тым, што ўсё будзе добра.

Сёння мы вырашылі зрабіць чарговае «збочванне з адпрацаваных маршрутаў» і паказаць нашым чытачам цікавосткі, што калісьці засталіся без нашай увагі, але якія вартыя наведвання. Пачынаем са сталіцы беларускіх гаспітальераў ці рыцараў Мальтыйскага ордэну. Так, на Беларусі было і такое! Мястэчка Сталовічы побач з Баранавічамі непарыўна звязана з гэтай старонкай нашай гісторыі, і ўсё дзякуючы колішняму гаспадару гэтых мясцінаў Мікалаю Радзівілу Сіротке і ягонаму сыну Жыгімонту Каралю Радзівілу. Менавіта яны ў 1610-1612-х заснавалі тут камандорыю Мальтыйскага ордэну і пабудавалі першыя капліцы, на месцы якіх у 1746 годзе паўстаў мураваны касцёл Святога Яна Хрысціцеля.

Гаспітальеры праіснавалі на Беларусі крыху больш за два стагоддзі, у 1817 годзе Мальтыйскі ордэн у Расійскай імперыі быў скасаваны. Пасля паўстання 1863 году касцёл Святога Яна Хрысціцеля быў пераданы ў праваслаўе, перабудаваны і дагэтуль працуе як храм Святога Аляксандра Неўскага. Падчас перабудовы былі знішчаны ажурныя вежы, амбон і арган, а цудадзейная скульптура Маці Божай Ларэтанскай, якая была прывезена Жыгімонтам Каралем Радзівілам з самой Італіі, бясследна знікла. Магчыма, яе вывезлі кудысьці ў Расію.

Зусім побач з храмам месціцца сціплы камень, які нагадвае пра бітву 1771 году войскаў Міхаіла Казіміра Агінскага і Аляксандра Суворава. Войска Агінскага налічвала каля 4000 ваяроў, а Сувораў меў каля 900. Тым не менш, Агінскі атрымаў паразу. Расейскі «вялікі стратэг» ударыў па Сталовічах ноччу, калі войскі Агінскага адпачывалі. А гэта супярэчыла тагачасным нормам вядзення вайны.

Глядзіце таксама

Сам пераможца пісаў: «Нападение на литовцев было со спины». Відавочна з гэтай нагоды толькі ў 1990 годзе было вырашана неяк аднавіць памяць аб гэтай «славутай перамозе» на карысць Расійскай імперыі, якая вельмі паскорыла першы раздзел Рэчы Паспалітай.

Зусім побач з былым касцёлам Святога Яна Хрысціцеля месціцца касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса, пабудаваны на сродкі мясцовых жыхароў у 1911 годзе пасля шматлікіх зваротаў да тагачасных уладаў. Больш за паўстагоддзя мясцовыя каталікі заставаліся без свайго храму, але ж цуд здзейсніўся і працягвае здзяйсняцца, інакш як можна патлумачыць зусім нядаўнюю (2022 год) знаходку тутэйшага пробашча? Пасля пабудовы новага касцёла мясцовыя жыхары неслі сюды ўсё, што здолелі захаваць ад старога касцёла Святога Яна Хрысціцеля. Старажытныя каштоўнасці захоўваліся ў металічнай шафе, сярод іх быў і рэлікварый з мошчамі Святога Сімпліцыя, які выпадкова заўважыў святар і зацікавіўся знаходкай. Дагэтуль лічылася, што мошчы Святога Сімпліцыя знаходзяцца толькі ў мястэчку Ольбія на Сардзініі, але ж ужо не. Такое вось прывітанне ад Радзвілаў і Мальтыйскага ордэну!

Час ідзе, і нам трэба выпраўляцца далей, але ж па дарозе немагчыма не спыняцца і не атрымліваць асалоду ад кастрычніцкага паветра, сонца і краявідаў, якія нікога не пакінуць абыякавым. Фатограф радасна бегае і скача як натуральнае дзіця!

Наш наступны прыпынак — вёска Вялікая Сваротва. Калісьці тут месцілася вялікая сядзіба роду Незабытоўскіх, быў немалы гаспадарчы двор з паркам, але цяпер на гэтых месцах сумны восеньскі лес негасцінна шамаціць лісцём, і жаданне пашукаць хоць руіны хутка згасае. Рушым да самай незвычайнай царквы Беларусі — трохкутнай царквы Святой Тройцы. Гэты ўнікальны храм быў пабудаваны на месцы старой уніяцкай драўлянай царквы ў 1823 годзе на сродкі Якуба Незабытоўскага. 

На думку некаторых гісторыкаў, такая незвычайная форма была абрана таму, каб у храме маліліся прадстаўнікі каталіцтва, праваслаўя ды ўніяцтва, для якіх быў свой асобны ўваход у кожнай сцяне. Алтар быў агульны і месціўся пасярод храму. Іншыя прытрымліваюцца меркавання, што першапачатковая трохкутнасць будынку была дзеля адрознення ад касцёлаў і праваслаўных храмаў. Абедзве думкі маюць права на існаванне, але ж асабіста мы лічым першы варыянт найбольш дакладным. У 1943 годзе храм быў знішчаны і адноўлены толькі на пачатку 2000-х. Цяпер гэта праваслаўная царква, алтар перанесены ў кут. На жаль, не атрымалася трапіць унутр, таму шпацыруем побач.

Пад кропелькамі лёгкага дажджу пакідаем гэтае вельмі цікавае месца і накіроўваемся да вёскі Карчова, дзе нас чакае геалагічна-культурны помнік. Камень Філарэтаў «ахоўваюць» адразу тры шыльды — Міністэрства прыроды, Міністэрства культуры і агульнарэспубліканская. Гэта самы вялікі валун Брэсцкай вобласці, які прыбыў з ледавіком са Скандынавіі каля 20 тысячаў гадоў таму ды вырашыў застацца менавіта ў гэтым маляўнічым кутку. Падчас Першай сусветнай вайны немцы спрабавалі ўзарваць магутнага госця дзеля вырабу шчэбню, але ж ён часткова ацалеў.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў сядзібе Верашчакаў, якая месцілася зусім побач у Туганавічах, любілі збірацца чальцы таварыства філаматаў — Тамаш Зан, Ігнаці Дамейка, Антоні Адынец, Ян Чачот і, вядома ж, Адам Міцкевіч, які быў закаханы ў Марылю Верашчаку. Сакрэтнічаць у сядзібе было не вельмі добрай ідэяй, таму сябры збіраліся ля гэтага старога камяню і, магчыма, менавіта тут упершыню прагучала «Песня філарэтаў» Адама Міцкевіча.з

Наведаем і Туганавіцкі парк, па якім любілі шпацыраваць Адам Міцкевіч з Марыляй Верашчакай, тым больш, што гэта зусім побач. Вядома, ад колішняй сядзібы гаспадароў не засталося нават каменю, але ж магутныя ліпы і дубы дакладна памятаюць часы Міцкевіча. Надвор’е злітасцівілася і падаравала нам трошкі сонца падчас наведвання гэтага прыгожага кутка Берасцейшчыны. Дзесьці тут месціліся альтанкі, а паміж дрэвамі віліся сцежкі да самых таемных куткоўа парку, якія, безумоўна, бачылі і чулі шмат цікавага.

Абавязкова ў парку трэба наведаць вялічэзныя дубы-блізняты, якія растуць ад аднаго кораня і самі па сабе з’яўляюцца помнікам прыроды з адпаведнай шыльдай побач. Навокал месцяцца яшчэ некалькі іх магутных братоў, на адным з якіх мы заўважылі невялічкі абразок. Таксама тут ёсць і грыбы, але ж грыбнікі з нас у гэтым сезоне прыблізна такія ж як і рыбаловы, таму пашанцавала нам толькі на мухаморы. Не ўсё так сумна — ля каранёў аднаго з дрэваў пад лісцём мы знайшлі старое надмагілле. Хто б ён ні быў — Вечны спакой даруй яму, Пане.

Развітваемся з маляўнічым духмяным паркам і спяшаемся ў Паланечку, дзе нас чакае вельмі прыгожы, нібыта з карціны касцёл Святога Юр’я. Першы касцёл у Паланечцы быў пастаўлены яшчэ ў 1751 годзе, і менавіта ў ім быў ахрышчаны наш славуты зямляк Ігнаці Дамейка. Аднак напрыканцы ХІХ стагоддзя стары храм было вырашана знесці, а на яго месцы ў 1895 годзе быў адкрыты новы драўляны касцёл Святога Юр’я.

Трапіць унутр ізноўку невырашальная справа, таму ходзім побач па вельмі дагледжанай тэрыторыі і атрымліваем асалоду ад яе аздаблення. 

Літаральна праз пару соцень метраў ад касцёла за каляровымі клёнамі чакае вырашэння свайго лёсу палац Радзівілаў, якія сталі тутэйшымі гаспадарамі ў XVII стагоддзі. Радзівілы дастаткова актыўна развівалі мястэчка: напачатку ХІХ стагоддзя тут былі палацавы комплекс, два паркі, бровар, млын, вялікі гаспадарчы двор і ўжо згаданы намі прыгожы касцёл. Як выглядаў палац у той час можна ўбачыць на малюнку Напалеона Арды.

palaneczka_palac_arda.jpg

ХХ стагоддзе не пашкадавала спадчыну Радзівілаў — палац гарэў у 1917 і 1943 гадах, яго неяк рамантавалі, але на пачатку 1990—х канчаткова закінулі. Бачна, што ў нашыя дні яго спрабуюць аднавіць (накрыты жалезам дах, сляды вонкавай тынкоўкі), але сур’ёзная праца патрабуе сур’ёзных грошай, без якіх валанцёры не дадуць рады. А палац незвычайны -- гэта копія палацу ў Трывулзіна (Італія). Мала таго, гэта адзіны палац на Беларусі, дзе ў вонкавым аздабленні выкарыстаны гермы — слупы са скульптурнымі выявамі галоваў старагрэчаскіх філосафаў. 

Выязджаем да апошняй кропкі сённяшняй вандроўкі і мімаволі ізноў ды ізноў спыняемся, каб паглядзець на раскошу беларускай восені, кастрычніцкія колеры і проста каб трохі пацягнуць час, бо ў горад ад усёй гэтай маляўнічасці не цягне зусім!

У гэтую невялікую, але вельмі знакамітую вёску мы імкнуліся трапіць даўно, некалькі разоў праязджалі літаральна ў дзясятку кіламетраў. А на пытанні, кшталту «А вы там яшчэ не былі??? Ды як так?» адказвалі сарамлівым мармытаннем. Але ж час надышоў. Мы едзем у Ішкальдзь да касцёла Найсвяцейшай Тройцы — самага старога касцёла Беларусі, што захаваў свой аўтэнтычны выгляд! Будаванне храму доўжылася з 1449 па 1472 год на сродкі ўладара мясцовых земляў Мікалая Неміровіча. І з таго часу, нягледзячы на істотныя пашкоджанні руска-польскай вайны XVII стагоддзя, касцёл практычна не змяніў свайго вонкавага абліччу.

Лёс і далей не вельмі шкадаваў гэтую беларускую святыню. У 1868 годзе яго аддаюць праваслаўным вернікам і надбудоўваюць класічную «цыбуліну», якую прыбяруць толькі ў 1921 годзе калі храм ізноў стане каталіцкім. У савецкія часы касцёл закрыілі і спрабавалі зрабіць тут зернясховішча. Шырока вядомая гісторыя, што пры спробе ўладаў вывезці ўнутранае абсталяванне мясцовыя жыхары блакавалі дарогу і ўваход у касцёл, а некаторыя наўпрост паклаліся пад колы грузавікоў. На нейкі час улады адступілі, але гэты выпадак дагэтуль адлюстраваны на адным з вітражоў. На пачатку 1980-х гадоў неўзабаве пачалася рэстаўрацыя і касцёл ізноў быў адчынены. На жаль, трапіць унутр мы ізноўку не здолелі, але навокал таксама вельмі прыгожа.

Чарговая вандроўка падышла да заканчэння і трэба класціся на зваротны курс. Але ўражанняў нам на сёння дакладна хапіла. Спадзяемся вам таксама спадабалася. Час ляціць хутка, і ўжо кастрычнік незадаволена збіраецца здаваць дзяжурства па сусвеце, але ж лістапад з ягонымі дажджамі і вятрамі яшчэ пакуль спіць. А мы будзем рыхтавацца да наступных цікавостак, якіх яшчэ так багата на нашай роднай старонцы. Прапаноўвайце і замаўляйце да наведвання свае ўлюбёныя месцы і чакайце нашых справаздачаў. Бывайце здаровы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.