Вандроўкі з «Новым Часам»: Сталовічы — галоўны цэнтр мальтыйскіх рыцараў у Беларусі
Сённяшняя вандроўка з «Новым часам» у мястэчка Сталовічы. Ян і Юлія распавядуць вам пра камандорыю Мальтыйскага ордэна і касцёл у гонар Святога Яна Хрысціцеля, галоўны цэнтр мальтыйскіх рыцараў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Падпісвайцеся на наш канал, каб не прапусціць новыя цікавыя гісторыі пра архітэктурныя славутасці Беларусі!
Упершыню Сталовічы згадваюцца ў XIV стагоддзі, але сваю славу мястэчка здабыло толькі на пачатку XVII стагоддзя, калі Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка», знакаміты дзеяч ВКЛ і аўтар «Перегрынацыі», заснаваў тут Камандорыю Мальтыйскага ордэна, на чале якой стаў яго сын Жыгімонт Караль Радзівіл.
Жыгімонт пабудаваў драўляны касцёл і Ларэтанскую капліцу, што потым стане прэзбітэрыем каменнага касцёла.
У 1740 годзе якраз і распачалося будаўніцтва сучаснага храма. А ці ведалі вы, што менавіта Ян Глаўбіц, славуты архітэктар Вялікага Княства Літоўскага, рэканструктар полацкай Сафіі, завяршыў праект касцёла Мальтыйскага ордэна ў гонар Яна Хрысціцеля?
Мальтыйскі ордэн, ці Суверэнны рыцарскі Ордэн Гаспітальераў святога Яна Ерузалемскага, Родаса і Мальты, афіцыйна ўзнік у XII стагоддзі пасля першага крыжовага паходу і з’яўляўся важным абаронцам Святой Зямлі ад муслімаў. Цягам гісторыі і турэцкай навалы, на жаль, ордэн быў вымушаны пакінуць Палесціну. У 1530 годзе імператар Святой Рымскай імперыі, каб абараніць Міжземнае мора ад туркаў, выдзеліў рыцарам востраў Мальта, адкуль і пайшла назва ордэна.
У 1817 годзе, пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, дзейнасць ордэна спынілася і касцёл стаў царквою.
Перабудова пачалася ў 1868 годзе і заключалася ў стварэнні 5 глухіх цыбулепадобных купалаў, а ў інтэр’еры — алтароў, адзін з якіх быў зроблены ў гонар Аляксандра Неўскага. Таму цяпер царква і завецца Свята-Аляксандра-Неўскай.
Святыня ўяўляе сабой трохнефную базіліку з больш нізкімі прэзбітэрыем і сакрыстыямі. Галоўны фасад складанай прасторава-аб’ёмнай кампазіцыі з дзвюма вежамі па баках падзелены на тры ярусы. Уваход падкрэслены чатырма паўкалонамі. Высокія аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі аздоблены ляпнінай.
А ці ведалі вы, што ў Сталовічах зусім нядаўна былі знойдзены мошчы святога Сімпліцыя, біскупа Ольбіі, што быў закатаваны за веру яшчэ на пачатку IV стагоддзя? Пэўна, нехта з рыцараў-манахаў прывёз з Італіі на Беларусь рэлікварый, але пасля таго, як расійскія ўлады адабралі касцёл, мошчы захоўваліся ў местачкоўцаў. Па збудаванні неагатычнага касцёла ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса рэлікварый быў схаваны і знойдзены больш чым праз стагоддзе.