Вандроўкі з «Новым Часам»: Траецкі касцёл у старажытным мястэчку Ішкальдзь
Траецкі касцёл у старажытным мястэчку Ішкальдзь — найстарэйшы храм на тэрыторыі Беларусі. Ён дайшоў да нашых дзён у першародным выглядзе ажно з сярэдзіны XV стагоддзя. Гісторыю касцёла сёння распавядуць Ян і Юлія. Запрашаем у чарговую вандроўку з «Новым Часам»!
Паводле меркавання беларускіх навукоўцаў, гісторыя мястэчка пачалася з 1449 года, калі смаленскі намеснік Мікалай Неміровіч, герба Ястрабец, сын Яна Неміровіча, фундатара Усялюбскага касцёла Святога Казіміра, заснаваў у Ішкальдзі святыню ў гонар Святой Тройцы, Звеставання Панны Марыі і Святога Мікалая.
Паміж 1468 і 1471 гадамі біскуп віленскі Ян Ласовіч, вядомы рэлігійны дзеяч, асвяціў новазбудаваны касцёл.
У другой палове XVI стагоддзя намаганнямі менавіта Мікалая Радзівіла Чорнага, галоўнага спадзвіжніка рэфармацыі у Вялікім Княстве Літоўскім, які атрымаў княжацкі тытул ад самой Святой Рымскай Імперыі, касцёл быў перададзены кальвіністам амаль на цэлае стагоддзе.
Пасля праз напады Маскоўскага княства на Рэч Паспалітую ў 1665-1667 гадах святыня моцна пацярпела. На жаль, у першую чаргу менавіта праз агрэсіўную палітыку Масковіі, а потым і Расійскай імперыі, Беларусь страціла выбітныя помнікі архітэктуры.
Калі мы ўважліва агледзім пабудову, то з лёгкасцю скажам, што Траецкі касцёл узведзены ў стылі готыкі.
Але ж ён усё роўна даволі моцна адрозніваецца ад храмаў Заходняй Еўропы. Нягледзячы на тое, што само збудаванне з’яўляецца даволі масіўным, у яго архітэктуры няма ўзнёслай цэнтральнай кампазіцыі ці нейкага складанага скульптурнага афармлення.
Будынак выкананы стрымана, у форме прастакутніка, накрытага высокім двухсхільным дахам.
Унутры касцёл падзелены на тры нефы. Нервюры, зробленыя са спецыяльнай цэглы, утвараюць уласна каркас гатычнага збудавання.
Няма ў касцёле і прэзбітэрыя — адмысловай прасторы паміж навамі і алтаром, у чым таксама палягае адна з асаблівасцей гэтага храма.
Што адбылося з касцёлам пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай? Усё вельмі проста: спачатку расійскія ўлады яго закрылі, а потым пераабсталявалі пад праваслаўную царкву.
А ці ведалі вы, што Напалеон Орда, знакаміты мастак, гравюрыст, гісторык і этнограф, у другой палове XIX стагоддзя напісаў гэты храм і захаваў пацвярджэнне яго ўнікальнасці і першароднасці на старонках гісторыі нашай зямлі.
Калі вы жадаеце наведаць старажытнае мястэчка Ішкальдзь, то туды можна дабрацца ад Мінска, пераадолеўшы ўсяго 112 кіламетраў.