Беларусь, якая чакае. Навагоднія месцы сілы
Цягам апошніх тыдняў дзясяткі разоў на дзень мы спрабавалі ўбачыць цуд у выглядзе зімовага надвор’я — каб і мароз троху чапаў нос, і сонейка натхняла зімовымі промнямі з-за хмараў. Дачакаліся! Усе справы адкладзены, выпраўляемся на апошнюю ў 2023 годзе вандроўку.
Мы вырашылі гэтым разам не займаць вашую ўвагу гістарычнымі даведкамі, бо месцы, якія сёння наведаем, вядомыя далёка за межамі Беларусі, а іх назвы і выявы знаёмыя кожнаму, для каго гісторыя краіны адлічваецца не з 1917 году. І пачынаем мы з невялікага мястэчка на Гарадзеншчыне з ягоным славутым замкам — Крэва. Канешне, тое, што мы зараз бачым, замкам не назавеш, але ягоныя парэшткі дагэтуль уражваюць і дазваляюць уявіць сабе былую веліч і прыгажосць першага каменнага замку ВКЛ. Падчас шпацыру трэба быць уважлівымі, бо навокал ідуць рэстаўрацыйныя работы. Прагноз надвор’я нас чакана падвёў, але спрабуем мужна вытрываць гэтую непрыемнасць.
Наведваючы Крэва, немагчыма прайсці міма касцёла Перамянення Гасподняга. Колькасць разбураных і нанова пабудаваных касцёлаў на гэтым месцы незлічоная. Толькі за ХХ стагоддзе высокі ўзгорак над Крэвам насіў на сабе тры касцёлы, і мы вельмі спадзяемся, што гэты сумны спіс больш ніколі не зазнае новых допісаў. Уздымаючыся дзвюма вежамі ў хмурныя нябёсы, храм адразу заметны на фоне пануючай шэрані, а побач, на самым ускрайку ўзгорка, ляжыць велічэзны валун, на якім нахіленая фігурка Езуса з разведзенымі рукамі нібыта бласлаўляе Крэва і спрабуе абараніць яго ад розных бядот. Насамрэч вельмі ўражвае!
Крэва, касцёл. Фота «Новы Час»
Развітваемся з Крэвам і едзем далей. Надвор’е неўзабаве вырашае патроху стаць, як кажуць у вядомых структурах, «на шлях выпраўлення» і пачынае ліквідаваць пахмурную воблачнасць. Праз некалькі хвілінаў перад намі з’яўляецца цудоўны зімні краявід. Баруны — туды і ляжыць наш шлях.
Баруны. Фота «Новы Час»
Баруны — таксама невялічкае, але вельмі прыгожае мястэчка на Гарадзеншчыне, якое абавязкова варта наведаць. Касцёл Святых Пятра і Паўла XVIII стагоддзя, пабудаваны пры базыльянскім кляштары, у архітэктурным плане вельмі незвычайны і назаўсёды застаецца ў памяці. У першую чаргу, з нагоды таго, што ягонае вонкавае аблічча не мае ніякай сіметрыі, што зусім нехарактэрна для будаўніцтва храмаў, тым больш тагачасных. І гэта дакладна робіць яго ўнікальным помнікам архітэктуры.
Баруны, касцёл. Фота «Новы Час»
Насупраць касцёла месціцца невялічкая капліца. Нягледзячы на тое, што рэстаўрацыя храма завершана і ён працуе, капліца таксама не стаіць занядбаная і з’яўляецца месцам для асаблівых патаемных малітваў.
Баруны, капліца. Фота «Новы Час»
Будынкі былога базыльянскага кляштару пакуль не могуць пахваліцца прыгожым выглядам, але працы вядуцца і, магчыма, яшчэ ў гэтым жыцці нас будзе чакаць цалкам адрэстаўраваны комплекс. Вельмі хочацца на гэта спадзявацца, бо такіх помнікаў у нашай краіне зусім не шмат.
Баруны, кляштар. Фота «Новы Час»
Дасведчаныя вандроўнікі пэўна ўжо здагадаліся аб наступным месцы сілы, куды мы зараз выпраўляемся, тым больш што яно не вельмі далёка. Канешне ж, гэта Гальшаны! Надвор’е канчаткова выправілася і шчодра дорыць нам і промні сонца, і лёгкі мароз — усё як мы жадалі. Пачынаем з вялікага касцёла Святога Яна Хрысціцеля, побач з якім знаходзіцца кляштар францысканцаў. Дарэчы, францысканцаў запрасіў у Гальшаны Павел Стэфан Сапега, пры якім быў дабудаваны славуты Гальшанскі замак. Касцёл і кляштар зараз працягваюць рэстаўраваць, але гэта зусім не замінае нам у нашай справе.
Гальшаны, касцёл. Фота «Новы Час»
Выбачайце, але ж руіны Гальшанскага замка пакінулі нас вельмі засмучанымі. І справа зусім не ў тым, што ад прыгожага замка засталіся толькі кавалкі сценаў — падобнае мы бачылі не аднойчы. «Сюр нейкі» — першае, што прыйшло ў галовы. Дзікунскі абрэзаныя дрэвы, суперсучасныя асвятляльнікі і незразумелыя чорныя шапікі-кубы касы ды інфацэнтру разам з «цукеркай-пернікам» адрамантаванай вежы і жалеззем лесвіцы ды аглядальнай пляцоўкі бянтэжаць і непакояць. Мы, канешне, не спецыялісты, але ж настолькі стэрылізаваць прастору нам падаецца звыш празмерным. Вельмі хочацца адтуль хутчэй з’ехаць, але ж краявід на Гальшаны з францысканскім касцёлам і царквой Святога Георгія троху ўзнімае настрой.
Гальшанскі замак. Фота «Новы Час»
Не ўсе ведаюць, але ў Гальшанах ёсць яшчэ адна цікавостка, вартая ўвагі. Гэта стары драўляны вадзяны млын на беразе рэчкі Гальшанкі недалёка ад касцёла францысканцаў. Даволі ўражваючы будынак, і не вельмі верыцца, што такая сціплая рачулка спраўлялася з моцнымі каменнымі жорнамі гэтага волата. Дарэчы, звонку можна заўважыць, што абсталяванне ўнутры на месцы, да і відавочцы кажуць, што яшчэ колькі год таму млын працаваў. Падаецца, што ён заснуў і адпачывае, але прыйдзе час...
Млын у Гальшанах. Фота «Новы Час»
Надышоў час развітвацца і рушыць дадому з новымі сіламі, якіх нам надаюць помнікі нашай гісторыі. Кожны свядомы чалавек мае свае такія месцы, куды прыходзіш засмучаны і стомлены, а сыходзіш адпачнулым і з новымі сіламі, марамі ды мэтамі. У надыходзячым Новым годзе мы шчыра жадаем вам болей такіх месцаў, чаканых і нечаканых падарожжаў і толькі прыемных людзей на сваім шляху. А мы паспрабуем дапамагчы!
P. S. Ледзьве не забыліся на традыцыйныя фотазамалёўкі напрыканцы. Выпраўляемся!
Фота «Новы Час»