Алесь Дзянісаў: У Беларусі па-за палітыкай быць немагчыма. Яна сама да вас пагрукаецца

Гродзенскі гурт «Dzieciuki» з беларускай уладай заўсёды меў няпростыя дачыненні — праз негалосную забарону сольныя канцэрты амаль не адбываліся, АМАП арыштоўваў падчас здымак кліпу. Падзеі пратэснага жніўня таксама непасрэдна закранулі двух удзельнікаў калектыву.

1dzjanisau.jpg



«Я папрасіў не “тыкаць”, і ён паставіў мяне на “расцяжку”»

У ноч з 9 на 10 жніўня быў моцна збіты наш басіст Андрэй “Пітон” Пятко: у яго была зламаная скроневая костка, страсенне мозгу, гематома мозгу, парваная шчака... Да яго ў шпіталь некалькі разоў наведваліся міліцыянты, і ўзнікла небяспека, што з Андрэя хочуць зрабіць не пацярпелага, а абвінавачанага. Таму 11 жніўня разам з Пашам “Траблам” мы паехалі на роварах падпісваць дамову з адвакатам.
На адваротным шляху, калі я ўжо накіроўваўся дадому, пабачыў, што невядомыя ў чорным, у балаклавах і без апазнавальных знакаў, цягнуць жанчыну. (Як высветлілася, ім падалося, што яна іх фатаграфуе.) Я спыніўся, каб пацікавіцца, за што і куды яе забіраюць, але нават рот не паспеў адкрыць, як на мяне накінуліся і сцягнулі з ровара. Крычалі, што я таксама “іх кліент”, “каардынатар” ды яшчэ шмат абразаў, якія паўтараць не хочацца. Напэўна, іх напружыла цішотка “Нізкі мастацкі ўзровень”, да таго ж, яны заўважылі налепку “Пагоня” на ровары. Карацей, поўны камплект. Ровару, у выніку, дасталася больш, чым мне: яго пачалі ламаць яшчэ па дарозе да базы гарадзенскага АМАПу. 
Мяне працягнулі па асфальце, парваўшы шорты, паставілі на калены і сціснулі за спінай пластыкавы “хамут” на руках. Абшукаўшы заплечнік, пабачылі лекі, бінт і перакіс вадароду, якія заўсёды са мной. Але ў вачах “чорных” усё было доказам таго, што я рыхтаваўся да боек і закалотаў.
Быў яшчэ такі момант: мне ўвесь твар размалявалі фламастарамі. Пазней я даведаўся, што такім чынам пазначалі арганізатараў, хто адбіваўся і г. д. Але з мяне проста здзекаваліся. Знаёмая дзяўчына, пабачыўшы, як мяне вядуць па прыступках, падумала, што мой твар у крыві і пабоях. Вось чаму з’явілася інфармацыя, што мяне моцна збілі, хоць гэта было не зусім так.
Нас вырашылі адвезці ў ІЧУ. Мяне паднялі і двойчы ўдарылі ў жывот, а калі ім не спадабалася, што я недастаткова нізка сагнуўся, дадалі каленам у пах. Праз гэта я некалькі дзён кульгаў. Гэты ўдар адгукнуўся пазней: праз паўтары тыдні боль вярнуўся, правае яечка апухла і гарэла. Пяць дзён я правёў у аддзяленні ўралогіі, дзе мне прапісалі абязбольванне і антыбіётыкі, праз якія я ледзь не “свяціўся”. Добра, што хірургічная аперацыя не спатрэбілася.
У ІЧУ людзі ў цывільным зноў абшукалі заплечнік, з якога знянацку выпала нейкая папера. Яны сказалі, што гэта схема размяшчэння АМАПу ў горадзе, а я — каардынатар і арганізатар пратэстаў, таму надоўга сяду па крымінальным артыкуле. Я казаў, што я журналіст і музыка, што я не маю ніякага дачынення да таго, што яны кажуць. Праз нейкі час прыйшоў чалавек у цывільным і сказаў: «Добра. Гэта не ваша папера. Супакойцеся». Як яна так выпадкова трапіла да мяне ці хто яе падкінуў як доказ майго "каардынатарства", я не ведаю. Што мяне ўратавала? Наўрад ці дапамагло журналісцкае пасведчанне БАЖ, а вось афіцыйная акрэдытацыя ад футбольнай і хакейнай асацыяцый маглі паўплываць.
Не дазволіўшы звязацца з адвакатам, адвялі на допыт. З’явіўся чалавек у цывільным і пачаў крычаць "Каардынатар! Мы зараз спраўдзім, рыхтуйся, сядзеш па крымінальнай справе!" Я ветліва папрасіў не “тыкаць”, і ён паставіў мяне на “расцяжку” да дзвярэй. Колькі гэта ўсё працягвалася, не памятаю. Забягаў чалавек у аліўкавай форме і паабяцаў, што мяне “добра сустрэнуць у дворыку”. Я тады не ведаў, што гэта двор ІЧУ, дзе збівалі затрыманых, але зразумеў, што нічога добрага гэта не азначае, таму маральна рыхтаваўся да катаванняў.
Вярнуўся чалавек у цывільным і звярнуўся ўжо на “вы”: “Чаму вы без настрою?” Я адказаў, што мне “шыюць” крыміналку, таму я, натуральна, не ў гуморы. І тут я проста афігеў, бо ён выбачыўся, сказаўшы, што яны штосьці пераблыталі, і ніякай крымінальнай справы не будзе, аднак на мяне ёсць паказанні з АМАПу. І мяне хутка аформілі паводле Артыкула 17.1. Адміністрацыйнага кодэксу, ці за дробнае хуліганства.
Вялі не праз “дворык” — ці пашчасціла, ці пашкадавалі. Дарэчы, элементы чалавечага стаўлення час ад часу мільгалі ў паводзінах міліцыянтаў. Напрыклад, у мяне забралі толькі адзін тэлефон, хоць з сабой было два. У ізалятары не здзекаваліся, хоць, напрыклад, туалетную паперу не выдалі, калі мы прасілі. Мой сябра Зміцер “Баламут” Радзевіч, які сядзеў у турме №1, а таксама некалькі знаёмых казалі пра больш чалавечае стаўленне: кармілі, давалі ваду, мыла, туалетную паперу, дазвалялі курыць. Усяго гэтага камфорту ў ІЧУ на Гая не было. 12 чалавек у 4-х мясцовай камеры. З гэтага тузіну пяцёра былі моцна збітыя. Асабліва дасталася мужчыну гадоў 30–35, якога закінулі апошнім: яго білі па спіне, ягадзіцах, нагах. Ён нейкі час трываў боль і стому на адрэналіне, але бліжэй да вечара наступнага дня пачаў страчваць прытомнасць.
Судзілі амаль апошнім, і суддзя спытаў, чаму ў мяне іншы артыкул, не 23.34. Я сказаў, каб ён пачытаў пратакол. Мне падалося, што вочы ў яго павялічваліся ад здзіўлення. У пратаколе АМАПаўцы напісалі: “Грамадзянін Дзянісаў А.М. ехаў на ровары па вуліцы Чырвонаармейскай у бок аўтавакзала, гучна лаяўся матам. Пад'ехаў да брамы вайсковай часткі, злез з ровара і, не спыняючы лаянкі, пачаў калаціць рукамі ў жалезныя дзверы. На шматлікія заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў, пасля чаго быў затрыманы”. Ці то мне пашчасціла, ці то супрацоўнікаў АМАПу падвяла буйная фантазія, ці то суддзя Раманішка Дзяніс Сяргеевіч напраўду сумленны чалавек, але мяне адпусцілі з позвай на паўторны суд. Суддзя вырашыў праглядзець запісы з камераў і выклікаць сведкаў. У выніку я быў апраўданы, бо сведкі ў суд не прыйшлі, а камеры, як высветлілася, у той дзень не працавалі. Сведкай з майго боку была тая жанчына, з якой я падарожнічаў у міліцэйскім бусе. Я яе знайшоў з дапамогай праваабаронцаў.

Гармідары і каруселі музычнага жыцця

Зараз на маршы не хаджу, бо мне нельга трапляць на “суткі” праз аперацыю (не звязаную з траўмай 11 жніўня), зажывае вельмі доўга. Штодня патрабуецца рабіць некалькі перавязак, з гэтым я папросту не дам рады ў ІЧУ: пачнецца нагнаенне ды іншыя непрыемныя наступствы. Я планую паўдзельнічаць у 2-х культурніцкіх творчых праектах. Пакуль не буду распавядаць якіх, бо гэта тычыцца не толькі мяне. Адзін ужо фактычна завершаны. Чакаю рэлізу. У асабістых творчых планах — скончыць нарэшце “доўгабуды” сваёй творчасці: альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча і альбом гурта "Людзі на балоце" на вершы дзвюх беларускіх паэтак. Славутай гарадзенкі Дануты Янаўны Бічэль ды падляшскай паэткі Марыі Базылюк-Саснюк.  
Альбом на творы Караткевіча зроблены напалову. За ўласныя грошы я запісаў гітару і вакал. Запісваўся на хатняй студыі Яўгена Кучмейны, вядомага па праекце “.К”. Ведаю, што Жэнька сядзіць без грошай, а я таксама не маю лішкаў. Запіс прыпыніўся. Яўген мог бы зрабіць задарма, але сумленне не дазваляе яго пра гэта прасіць. Шукаю грошы на працяг запісу. Калі высветлілася, што да праекту хоча далучыцца Наста Назарук (Цыбізава) — скрыпачка гурта “Людзі на балоце” і ейны муж, перкусіяніст Макс Назарук, я вырашыў, што гэта будзе наступны альбом гурта, а не мой сольнік. Калі ўсё пойдзе добра, у “Людзей на балоце” спачатку выйдзе трэці альбом, а потым будзе дарабляцца другі. Такія вось гармідары і каруселі нашага музычнага жыцця.  
Другі альбом “ЛНБ” мы пачалі запісваць яшчэ гадоў 6 таму. Тады мы запісалі амаль усё: галасы, гітару, акардыён, флейты, скрыпку, частку перкусіі. Прапісаў палову сваіх партый віяланчэліст. Зараз ён жыве і працуе ў Польшчы, і наўрад ці атрымаецца з ім дарабіць працу. А вось бас і перкусію трэба дапісаць, каб пачаць звядзенне і майстарынг. Але і тут патрэбныя грошы, якіх няма. Дэ-факта “ЛНБ” не функцыянуюць ужо доўгі час, таму на дапамогу былых паплечнікаў я не разлічваю. Хаця дэ-юрэ гурт яшчэ існуе, бо мы дамовіліся, што абвесцім пра распад гурта пасля рэлізу другога альбома. І вось, з аднаго боку, хочацца “пахаваць нябожчыка ў труну”, каб ягоная душа вызвалілася, з іншага – нарэшце падарыць беларусам гэты альбом. Песні атрымаліся сапраўды прыгожымі. А яшчэ мне хацелася, каб іх пачула пры жыцці Данута Янаўна. Вельмі хочацца. Гэта апошні наш жывы беларускі класік часоў і маштабу Васіля Быкава ды Рыгора Барадуліна.
А вось гурт “Dzieciuki” у сваёй дзейнасці зрабіў перапынак. Неяк моцна псіхалагічна паўплывалі на на нас апошнія падзеі ў Беларусі, асабліва на мяне. Матэрыял, з якім працаваць, ёсць. Мы пачалі рыхтаваць новы альбом. Ён планаваўся ў духу першага. Такі гармідарны. Спліт вясёла-раздзяўбайскіх і сур'ёзных песень. І сучаснасць, і гістарычнасць. На адну вясёлую песню, прысвечаную паходнікам-байдарачнікам, мы нават знялі кліп больш за год таму. Вось уявіце сабе такі нонсэнс: песня яшчэ не запісаная, а відэа на яе ёсць! Ёсць у нас песня, прысвечаная раварыстам, пад назвай “Па гарах”, а тут нібыта працяг паходнага тэмату: “Вясёлы Роджэр над Котрай”. Як гэта зараз дарабляць? Каму гэта зараз патрэбна? Гурт трапіў у нейкую псіхалагічную варонку. Магчыма, трэба адпачыць, каб набрацца сіл…
З канцэртамі яшчэ складаней. Праз каронавірус адмяніліся ўсе нашыя выступы, у тым ліку, некалькі фестываляў у Польшчы. Мы адыгралі сёлета 6 канцэртаў: 4 – у Польшчы, 2 – у Беларусі (у тым ліку, анлайн-выступ з Гародні). Наўрад ці сёлета штосьці будзе...

«Гэта не палітыка. Гэта наша грамадзянская пазіцыя»

Мы заўсёды старанна трымалі дыстанцыю ад палітыкі. Падкрэлівалі, што займаемся гістарычна-адукацыйнай дзейнасцю, калі гэта можна так назваць. Але з кожным нашым крокам рабілася больш зразумела, што не толькі палітычныя погляды на сучаснасць, але і спробы альтэрнатыўных разважанняў пра мінуўшчыну, сутыкаюцца з сапраўдным дзяржаўным мурам непаразумення і варожасці.
Дарэчы, у апошнім сваім альбоме, трэцім па ліку, мы не ўтрымаліся. У некаторых песнях наўпрост выказаліся пра сітуацыю ў краіне. Гэта ізноў жа не была палітыка. Гэта была нашая грамадзянская пазіцыя. Хаця і яе ў нас лічаць за палітыку. Я хачу, каб мяне дакладна зразумелі. Бо ў нас ідзе нейкая падмена паняццяў. Гэтыя баязліўцы, якія чхнуць у сваёй кватэры баяцца, усіх называюць палітыканамі. Насамрэч, у нашай краіне па-за палітыкай быць немагчыма. Яна сама да вас пагрукаецца. 
Паколькі большасць музыкаў нашага гурта выйшла з глыбокага андэграўнда, дзе адмены канцэртаў, “накрыванне” іх міліцыянтамі і арышты ёсць нормай, нічым такім нас немагчыма было здзівіць. Можа, толькі пару разоў атрымалася. Напрыклад, калі пад мінскі клуб, дзе мы мусілі выступаць, падагналі аўтазак. Канцэрт не адмянілі, але арганізатараў папярэдзілі, што калі наш гурт выступіць, будуць вялікія праблемы. Напэўна, пачаліся б затрыманні.
Сам я ніколі не быў сябрам нейкай партыі, не збіраў подпісы за кагосьці, не спяваў на пікетах у падтрымку нейкага кандыдата. Галасаваў я ў сваім жыцці пару разоў. Выбарцам быў неактыўным. Напрыканцы 90-х – пачатку 2000-х у Гародні быў вельмі моцны панк-рух. Гэта была першая хваля гарадзенскага панк-року, за ім была другая, трэцяя.... Першая была вельмі палітызаваная. Найперш дзякуючы Стасю Пачобуту і анарха-панк-гурту “Deviation”. У іх кожны тэкст песні быў палітычным антырэжымным маніфестам. У прынцыпе, пад уплывам іх (але не толькі) паўстала мая першая панк-каманда "Кальян". Мы таксама шмат спявалі пра палітыку. Нас шмат што непакоіла. У тым ліку, і перспектыва таталітарызму ў краіне. Мы былі наіўнымі маладымі рамантыкамі, але вельмі шчырымі. Панкі ды іншы нефармалы тады трымаліся разам. Мы ладзілі нейкія канцы, акцыі, выпускалі самвыдат. Хадзілі на апазіцыйныя мітынгі. І хаця мы дыстанцыянаваліся ад апазіцыі, шмат па якіх пунктах нашыя погляды супадалі.

 «Тачанка з кулямётам пад бел-чырвона-белымі сцягамі»

Наш першы адменены з палітычных прычын канцэрт быў 23 траўня 2012 г. у Гародні. Нават афіша захавалася. Канцэрт мусіў быць цалкам нелегальным, паводле олд-скульных традыцый андэграўнду. Не памятаю дакладна: ці там хацелі збіраць подпісы за ўсталяванне помніка Кастусю Каліноўскаму, ці гэта проста была нагода, але ўладам не спадабалася. Бо Каліноўскі ў нашай краіне не ў пашане. Дакладна, не наш гурт стаў прычынай адмены. Пра нас тады яшчэ ніхто не ведаў. Уладальніку будынку, у адным з памяшканняў якога павінна была адбыцца імпрэза, патэлефанавалі людзі з сілавых структураў, і падзею адмянілі. Дарэчы, гэта павінен быў быць першы наш выступ у родным горадзе, другі — у жыцці гурта. Не адбыўся.
Цікава зараз узгадваць гэты час. Гэта быў момант, калі пакрысе канаў мой стары панк-гурт “Кальян”, а я ўсё больш засяроджваўся на гурце “Dzieciuki”. Але мы ўсе сябравалі. Мы з часоў праекта “Людзі на балоце” пасябравалі з Пётрыкам Дудановічам. Вось ён арганізаваў некалькі выездаў у Польшчу ў 2012 годзе (дарэчы, мы з ім і дагэтуль супрацоўнічаем). Большасць музыкаў гралі ў абодвух гуртах. На сцэне ў тыя часы змяняўся толькі басіст: замест "кальянаўскага" Косці "Ката", выходзіў Андрэй "Пітон". А яшчэ з'яўляўся другі вакаліст – Паша "Трабл". Хоп! Быў "Кальян", і праз 5 хвілінаў ужо “Dzieciuki”. Напэўна, цікава было на гэта ўсё глядзець збоку.
А калі адмянілі наш канцэрт менавіта ў сувязі з нашым гуртом я дакладна не памятаю. Здаецца, мы патрапілі ў гэтую хвалю забаронаў у 2014 годзе. Потым была невялікая адліга ў 2015 годзе. Потым ізноў "чорная паласа" 2016 года. Неяк так усё было, як на арэлях. Пры гэтым у некаторых гарадах вымудраліся і выкручваліся. Напрыклад, у Віцебску і Гомелі. Там неяк усё спакойна праходзіла, нават ў часы самых татальных забаронаў. Большасць адмененых выступаў была ў Менску. А родная Гародня заставалася апошнім бастыёнам, які мы скарылі толькі 21 снежня 2019 года! Гэта быў першы наш легальны сольны канцэрт. Пры гэтым, каб вы разумелі, мы выступалі падпольна ці паўпадпольна некалькі разоў. Нават легальна выступалі, на мясцовым байк-фэсце. Але гэта – па-за горадам.
Аднойчы, у 2014-ым годзе, у нас быў ужо досвед кантактавання з АМАПам: тады са здымкаў кліпа і забралі ўсю нашую каманду. Крыху здзівіла колькасць аўтамабіляў, якія прыехалі. Штук пяць іх прыехала, каб браць нейкую злачынную крымінальную групоўку. Але я іх цалкам разумею. Я б сам на іх месцы прыехаў "пакаваць". Уявіце сабе, што паўдні па палях лётаюць конныя, тачанка з кулямётам, і ўсё гэта – пад бел-чырвона-белымі сцягамі. А там, здаецца, непадалёк – траса да адной з рэзідэнцыяў Аляксандра Рыгоравіча. Крый Божа, каб убачыў.
А паводзіліся нармалёва. Затрымалі, калі ўжо здымкі скончыліся. Завезлі ў нейкі раённы РАУС. Перапісалі дадзеныя і адпусцілі. Вось з рэквізітам было больш праблемаў. Гісторык і рэканструктар Ігар Мельнікаў, які дапамагаў з усім гэтым адзеннем, шаблямі, кулямётам, потым доўга не мог забраць муляжы зброі. Доўга цягнулася экспертыза. Але, наколькі ведаю, усё вярнулі. Сёння б наўрад ці такое магчыма было б. Як і тое, што здымкі таксама ўсе аддалі непашкоджанымі. У выніку кліп атрымаўся.

«Лепш не зробіш. Добрая кампанія сабралася»

Увага з боку ўладаў да мяне заўсёды была пільная. Не ўпэўнены, што ўдзел у песні "Вам" і кліпе на яе разам з іншымі вядомымі музыкамі неяк паўплываў. Прынамсі, ніхто не тэлефанаваў і нікуды не выклікаў наконт удзелу ў гэтым праекце. Пагадзіўся, таму што гэтак склаліся зоркі. Мне вельмі спадабаўся верш Някляева. Ён такі вельмі просты і сапраўдны. І словы ў ім хаця і вельмі асабістыя, але можна сказаць, што можна паставіць праекцыю і на мой светапогляд, стаўленне да жыцця. Таксама зачапіла прыгожая мелодыя, якую напісала Наста Шпакоўская. На мой погляд, яна на 100% пасуе да верша. Лепш не зробіш. Добрая кампанія сабралася. Трохі незвычайная. Але амаль з усімі музыкамі ў праекце я быў знаёмы. Плюс да ўсяго, я сам тады быў у нейкім разгубленым стане, у моцнай дэпрэсіі, з наступствамі якой дагэтуль змагаюся. У мяне нічога не пісалася, хаця жаданне было. А трэба было нешта зрабіць. Дарэчы, і зараз пакуль што знаходжуся ў творчым крызісе.


ПОСТСКРЫПТУМ

Якой я бачу будучыню Беларусі? Стратэгічна я – аптыміст, тактычна – песіміст. Але Бог з ёй, з гэтай геапалітыкай. Зараз значна важней тое, калі скончыцца гвалт супраць людзей. Колькі яшчэ пральецца крыві? Колькі яшчэ будзе загінулых, пакалечаных і збітых? Вось гэта важней зараз...
Гутарыла Марына Савіцкая, для TuzinFM
Фота Радыё Свабода