Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў беларускага добраахвотніка і экс-палітвязня Эдуарда Лобава

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў указ аб узнагароджанні чарговай групы вайскоўцаў. У лік некалькіх дзясяткаў адзначаных урадавывымі ўзнагародамі ўключаны і загінулы беларус Эдуард Лобаў. Пасмяротна ён атрымае ордэн «За мужнасць» ІІІ ступені.

photo_2023_01_27_17_33_36_rmkls_logo.jpg.webp

Ва ўказе адзначаецца, што ўзнагароды ўручаныя «за асабістую мужнасць, праяўленую ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, самаадданае выкананне воінскага абавязку».

Беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня ў баях пад украінскім Вугледарам.

Паводле слоў пабраціма, Лобаў з пераносным супрацьтанкавым ракетным комплексам «Джавелін» змагаўся з расійскімі танкамі, але ўступіў у блізкі бой і атрымаў асколачнае раненне, ад якога неўзабаве памёр. Паведамлялася, што беларус загінуў, ратуючы параненага камандзіра.

Эдуард служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці і Чарнобыля. Апошнія некалькі месяцаў да сваёй гібелі ён быў пад Вугледарам. Эдуарду было 34 гады.

Эдуард Лобаў пасля службы ў беларускім войску далучыўся да дзейнасці «Маладога Фронту». Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.

У 2011 годзе Эдуард быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі паводле артыкула «Хуліганства» разам з лідарам «Маладога Фронту» Змітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 снежня 2014 года.


Глядзіце таксама

Ініцыятыва камандзіра

Петыцыя з просьбай аб узнагароджанні Эдуарда Лобава з'явілася на сайце Уладзіміра Зяленскага яшчэ ў лютым. Гаворка ішла аб прысваенні добраахвотніку пасмяротна звання Героя Украіны.

Петыцыю зарэгістраваў камандзір Эдуарда сяржант Іван Завершынскі.

«У сваім апошнім баі Эдуард Лобаў выратаваў мне жыццё. Расійцы ўзарвалі дэсант паблізу нашых пазіцый. Эдуард выйшаў з акопа і спакойна адзінкавымі стрэламі з аўтамата абясшкодзіў усіх ворагаў. Менавіта гэтыя дзеянні дазволілі эвакуіраваць параненага мяне з поля бою. Смяротнае раненне Эдуард атрымаў ад асколка танкавага снарада, калі страляў па варожым танку з "Джавеліна", — адзначыў у петыцыі камандзір загінулага Іван Завершынскі.

«З лета 2015 Эдуард удзельнічаў як добраахвотнік у абароне Украіны ад расійскай узброенай агрэсіі, — гаворыцца таксама ў петыцыі. — У 2017 годзе, калі ва ўкраінскае войска дазволілі набіраць замежнікаў, падпісаў на тры гады кантракт з 8-м асобным палком спецыяльнага прызначэння ў Хмяльніцкім. Улетку 2020 года падпісаў кантракт з 72-й механізаванай брыгадай «Чорных запарожцаў». Нельга не ўзгадаць, што Эдуарду Лобаву, нягледзячы на тое, што ён з 2015 года абараняў незалежнасць Украіны, было адмоўлена ў атрыманні ўкраінскага грамадзянства. Галоўнай прычынай адмовы стала тое, што пашпарт Эдуарда Лобава знаходзіцца ў базе міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) і быў несапраўдны.

У вольны час Эдуарду даводзілася ездзіць у Кіеў, каб вырашаць пытанне са статусам і легалізацыяй, а затым ён вяртаўся на фронт. Злачынны рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабаваў адпомсціць Эдуарду Лобаву толькі таму, што сапраўдны воін абараняў Украіну. Менавіта таму імя Эдуарда было ў базе Інтэрпола, таму сям'я падвяргалася рэгулярным рэпрэсіям у Беларусі, таму сям'я Эдуарда была вымушаная пакінуць бацькоўскі дом і пераехаць у Польшчу».

Згодна з заканадаўствам Украіны, для таго, каб прэзідэнт разгледзеў петыцыю, яе павінны падпісаць 25 тысяч чалавек.