Загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік — былы вайсковец і камандзір выведкі «Тэрору»
Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Павел Горбач з пазыўным «Борт», пра гэта паведамляе «Свабода» і спасылаецца на інфармацыю з трох розных крыніц.
Пра смерць ваяра таксама ў сваіх акаўнтах паведамляюць сябры Горбача ў Instagram. Апошні раз у Telegram ён з’яўляўся на гэтым тыдні. Падрабязнасці гібелі беларуса пакуль невядомыя.
Павал Горбач нарадзіўся 10 студзеня 1992 году. Вядома, што з 2012-га да 2015 году працаваў на кантракце ў беларускім войску, быў старшыной. У Беларусі Горбача асудзілі за нестатутныя адносіны, ён адбываў пакаранне на «хіміі».
Сам Павал Горбач у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» казаў, што мае на руках усе дакументы і хацеў бы абскардзіць гэты прысуд.
Вядома, што Павал быў фанатам футбольнага мінскага «Дынама». У размовах з журналістамі добраахвотнік расказваў, што яго як фаната яшчэ да 2020 году спрабаваў завербаваць ГУБАЗіК.
Горбач актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў вымушаны выехаць з краіны, каб не трапіць пад крымінальны пераслед. У Польшчы працаваў дальнабойнікам.
Ва Украіну паехаў ад самага пачатку вайны разам з сябрам Змітром «Тэрорам» Апанасовічам. У сакавіку 2022 году «Борт» і «Тэрор» удзельнічалі ў баях у Ірпені Кіеўскай вобласьці. Там Апанасовіч атрымаў смяротнае раненне.
У далейшым Павал «Борт» быў камандзірам выведкі ў батальёне «Тэрор». Удзельнічаў у баях на поўдні Украіны, у вызваленні Херсону.
Паводле звестак «Свабоды», за некалькі месяцаў да смерці Павал Горбач пакінуў «Тэрор». Апошнім часам ён ваяваў у іншым падраздзяленні.
Гэта як мінімум 36-ты беларускі добраахвотнік, які загінуў ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.