З адной пракуратуры ў іншую: Павел Камінскі зноў атрымаў адмову
Берасцеец Павел Камінскі быў жорстка збіты ўчастковымі Ленінскага РУУС Брэста 3 ліпеня 2016-га, а Следчы камітэт увесь гэты час працягвае бяздзейнічаць...
Намеснік пракурора г. Брэста А. Верабей вынес адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па скарзе Паўла Камінскага, збітага ў аддзяленні міліцыі 3 ліпеня 2016 года.
Заяўнік мяркуе, што праверка па яго скарзе ўжо ў сёмы (!) раз была праведзена павярхоўна і неаб'ектыўна.
Пасля разгляду скаргі і вывучэння матэрыяла па заяве Паўла Камінскага намеснік пракурора мабыць памыліўся адносна падстаў больш ранняй адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. А. Верабей піша ў сваім адказе, што раней адмова была вынесеная ў сувязі з заканчэнне тэрміну даўнасці для прыцягнення да крымінальнай адказнасці, аднак, у Паўла Камінскага ёсць копія адказу, дзе пазначана, што ў задавальненні скаргі адмоўлена ў сувязі з тым, што ў дзеяннях супрацоўнікаў АУС адсутнічае склад злачынства. Акрамя таго, такая адмова не адпавядае абставінам справы і Крымінальнаму кодэксу, паколькі для злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 ( «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў») прадугледжаны тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў дзесяць гадоў.
Цяпер Павел Камінскі накіраваў скаргі непасрэдна пракурору г. Брэста, якога просіць ўсё ж пастанову следчага адмяніць і прыняць рашэнне ў адпаведнасці з арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да асобаў, якія прычынілі яму цялесныя пашкоджанні ў аддзяленні міліцыі.
Гэтак жа ён звярнуўся і ў Генеральную пракуратуру, якую просіць запатрабаваць матэрыялы па яго заяве з Брэста, «дзе іх ніколі не расследуюць належным чынам», правесці аб'ектыўную праверку і прыняць абгрунтаванае рашэнне.
Нагадаем, гісторыя жыхара Брэста Паўла Камінскага стала вядомая дзякуючы блогеру Сяргею Пятрухіну, які распавёў, што 3 ліпеня 2016 года мужчына жорстка і беспадстаўна быў збіты ўчастковымі Ленінскага РУУС Брэста, а Следчы камітэт увесь гэты час працягвае бяздзейнічаць.