Вольга Залатар з-за кратаў: «З Божай дапамогай я адолею гэты шлях»
«Я адолею гэты шлях і вярнуся дадому здаровая і целам, і духам», — напісала палітзняволеная Вольга Залатар

Маці пецярых дзяцей Вольга Залатар даслала вестачку на волю. Яна піша, што часам да яе даходзяць лісты з волі, паведамляюць праваабаронцы.
«Як жа мне хочацца зноў пячы хлеб! Вельмі не хапае адчування дотыка да цеста. Праз работу з хлебам я зразумела лепей сябе: я вельмі тактыльны чалавек.
Будзьце за мяне спакойны. З Божай дапамогай я адолею гэты шлях і вярнуся дадому здаровая і целам, і духам. Веру, што ўсё будзе добра».
Палітзняволеная шматдзетная маці ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 15 месяцаў. У мінулым красавіку былы адвакат Вольгі Залатар Андрэй Мачалаў заявіў, што падчас допытаў Вольгу збівалі і «выбівалі» паролі ад тэлефона.
За гэтую заяву адваката пазбавілі ліцэнзіі. 3 снежня Вользе прысудзілі чатыры гады калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яна не прызнала віну ні па ніводным артыкуле.