У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кнігі пра партызан. Хронікі рэпрэсій 10 сакавіка

Суд Цэнтральнага раёну Мінска 6 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі «Кроў і попел Дражна: Гісторыі Партызанскага злачынства», «Партизаны СССР: от мифов к реальности», «Советские партизаны: Мифы и реальность». «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на 10 сакавіка. 

1_1097_1.png

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі Telegram-бот «Digital Intelligence Team [bot]», суполка ў «Аднакласніках» «✔️Светлана Тихановская™ ツ», а таксама інфармацыйная прадукцыя, размешчаная на інтэрнэт-рэсурсе ganc-chas.cоm.

Працягваецца суд па справе палітзняволенага японца Наканісі Масатосі 

Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару».

Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.

«Машына мамы». Экс-палітзняволеная ўкраінка адрэагавала на спробу ўладаў Беларусі прадаць забраны ў яе аўтамабіль

У канцы лютага стала вядома, што ўлады Беларусі спрабуюць прадаць з аўкцыёна аўтамабіль, які яны адабралі ў грамадзянкі Украіны, былой палітзняволенай Наталлі Захаранкі. Жанчыну асудзілі да 9 гадоў калоніі, але пазней вызвалілі па абмене вызвалілі з беларускай турмы.

Наталля пракаментавала «Гомельскай Вясне» намер уладаў Беларусі распарадзіцца адабранай у яе маёмасцю.

«Самае цікавае, што гэтая машына не фігуравала ў крымінальнай справе, як прылада здзяйснення “злачынства”, у якім мяне абвінавацілі. Больш таго — гэта ўласнасць не мая, а маёй мамы, я гэтай машынай кіравала паводле даверанасці. Дакументы пра гэта так і засталіся ў міліцыянтаў і следчых у Беларусі. Тым не менш, яе забралі, нібыта дзеля пагашэння штрафу, які мне прысудзілі».

У Пінску сёння судзяць двух чалавек за пратэсты 2020 года

Сёння ў Пінску разглядаюць крымінальную справу супраць: Мацюх Вікторыя, Сачкоўскі Анатоль.

Абодвум прад'яўляюць ч. 1 арт. 342 КК (грубае групавое парушэнне парадку). Мяркуючы з усяго, іх судзяць за паслявыбарчыя пратэсты жніўня 2020 года.

Бізнесмена з Гродзеншчыны пачынаюць судзіць за «паклёп на Лукашэнку» і «распальванне варожасці». Апошняе, што ён апублікаваў — відэа з адпачынку ў Грузіі

Віталю Пятрэнку 46 гадоў. Па звестках з сацсетак, ён родам з Гродзеншчыны, з вёскі Міратычы Карэліцкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзіця. Віталь займаецца бізнэсам. Спачатку ён спецыялізаваўся на сэндвіч-панэлях для будаўніцтва дамоў. А з 2018 года ўзначальвае кампанію «Еўрапейскія будаўнічыя тэхналогіі».

Невядома, калі Віталя затрымалі, але сацсеткі перасталі абнаўляцца ў сярэдзіне верасня 2024 года. Апошні ягоны апдэйт — відэа з адпачынку ў Грузіі. З таго часу Пятрэнка нідзе не анлайн, пісала «Наша Ніва».

Віталя пачынаюць судзіць 10 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Суддзя — Мікалай Рачынскі.