«Тут больш бяспечна, чым у Беларусі». Як цяпер жывуць беларусы ва Украіне

Калі ў лютым 2022-га першыя расійскія ракеты паляцелі на Кіеў, ва Украіне жыло шмат беларускіх уцекачоў, і некаторыя з іх усё яшчэ там. «Наша Ніва» спытала ў двух беларусаў з Адэсы і Львова, як ім жывецца пасля двух гадоў поўнамаштабнай вайны.

Станіслаў Салавей. Фота з сацсетак

Станіслаў Салавей. Фота з сацсетак

«Думаю, камера ў наваполацкай турме менш камфортная, чым перыядычныя прылёты расійскіх ракет ці дронаў»

Станіслаў Салавей (медык, жыве ў Адэсе):

— На жаль, беларусы адсюль з’язджаюць. У кагосьці сканчаецца тэрмін пашпарта, нехта не можа абысці блакіроўку рахункаў з-за беларускага пашпарта, а без рахунку складана працаваць. Калі ты маеш ПМЖ, то жывеш ва Украіне без праблем, хіба што могуць на мяжы памарынаваць. Але калі ў цябе ДНЖ, твае рахункі заблакаваныя.

Былі выпадкі, калі людзі пісалі ў СБУ ці Нацбанк, і камусьці разблакавалі рахункі, камусьці іх потым зноў заблакавалі.

У мяне сканчаецца пашпарт, і калі не вырашу пытанне з ім і магчымасцю падацца тут на міжнародную абарону, то буду вымушаны праз месяц-два з’язджаць.

Ходзяць чуткі, што ў кагосьці з беларусаў не хацелі нават прымаць дакументы на абарону. Калі ты былы ці дзейны вайсковец, маеш больш шансаў, што кейс вырашыцца станоўча, калі ж не вайсковец, з верагоднасцю амаль у 100% ты атрымаеш адмову.

Некаторыя стамляюцца змагацца з усёй гэтай бюракратыяй. Праз усё гэта за апошні год з’ехалі 5-6 чалавек з майго блізкага асяроддзя. Хаця і ведаю пару выпадкаў, калі беларусы наадварот вырашылі пераехаць ва Украіну, і гэта не вайскоўцы.

Як цяпер тут жывецца? Гэта прагучыць жудасна, але ўсё нармальна, да ўсяго прывыкаеш. У цябе ў крыві, што мусіш сканчаць усе справы да каменданцкай гадзіны і быць апоўначы дома. У галаве не ўкладваецца, што людзі могуць жыць недзе ў Еўропе і не мець гэтай праблемы.

Тое ж самае з паветранай трывогай ці шумам ад «шахедаў» — ставішся да гэтага як да маланкі ці завірухі, а прылёт ракеты — гэта быццам жудаснае ДТЗ. Хаця я і жыву ў краіне, якая ваюе, мала што бачу — хіба раз на тыдзень-два над горадам праляціць пара дронаў. Гэта не параўнаць з рызыкай у тых, хто паехаў на фронт.

Крамы працуюць, ходзіш на працу і з працы, на выхадныя можаш пайсці ў спартзалу або недзе выпіць кавы. Гэтая зіма была лягчэйшая — няма перабояў са святлом і цяплом, з вадой.

Не ўлічваю тое, што турбуе ўкраінцаў. Напрыклад, супрацоўнікі ваенкамата могуць спыніць на вуліцы маршрутку і, калі ўнутры будуць хлопцы, выдаць ім позвы ці забраць іх з сабой.

Канешне, тут дагэтуль бываюць прылёты. З-за працы і актывізму не хапае часу сачыць за навінамі, таму пра прылёт я дазнаюся або ад калег, або сам яго чую, хаця добрыя навушнікі здымаюць шмат праблем. Пад Новы год бамбілі з ахвярамі, потым было некалькі налётаў, здаецца, на гэтым тыдні параніла мужчыну. «Шахеды» тут — рэгулярная з’ява, раз на тыдзень-два дакладна лётаюць, а ракеты з’яўляюцца радзей. Не кажу пра паветраную трывогу — не памятаю дня, каб яе не было.

Чаму для мяне гэта больш прымальна, чым лукашэнкаўская Беларусь? Думаю, камера ў наваполацкай турме менш камфортная, чым перыядычныя прылёты расійскіх ракет ці дронаў, тут я адчуваю сябе больш бяспечна. Можа прыляцець, я гэта ведаю, але ў лукашэнкаўскай Беларусі цябе могуць скрасці і катаваць, проста таму што ты — гэта ты. Пра што тут можна разважаць?

З майго кола тут засталіся тыя беларусы, хто з’язджалі праз палітыку і маюць сур’ёзныя прычыны думаць, што ў Беларусі іх бы пасадзілі за краты. Хто з’язджаў па іншых прычынах, тыя лягчэй і раней перабраліся адсюль у Польшчу і іншыя краіны. У беларусаў цяпер няма прычын тут заставацца, акрамя жадання дапамагаць Украіне, бо ў іншай краіне ты можаш лягчэй уладкаваць жыццё — тут і вайна, і бюракратычныя перашкоды. Паколькі лукашэнкаўская Беларусь удзельнічала ў поўнамаштабцы, у дзяржаўных установах на простых беларусаў заўсёды глядзяць падазрона. Таму тут засталіся або вельмі ідэйныя беларусы, або тыя, каго з Украінай шмат звязвае — яны пражылі тут шмат гадоў ці маюць тут сваякоў.

Здароўя гэта не дадае — напэўна, ПТСР ёсць ва ўсіх, хто тут жыве, і разграбаць гэта мы будзем яшчэ вельмі-вельмі доўга. Як паказвае практыка, жыць можна і ў краіне, якая ваюе, і, калі б не цяганіна з пашпартам, наўрад ці я б думаў адсюль з’язджаць. З Беларусі мяне выбілі, таму не хацеў пакідаць і Украіну.


Глядзіце таксама

«Ёсць людзі, якія не хочуць ісці на вайну, а людзей трэба ўсё больш і больш»

Яўген Атцецкі (фатограф, жыве ў Львове):

— Большасць працэсаў у горадзе стабілізавалася, людзі вярнуліся да штодзённых спраў. Транспарт ходзіць, кафэ адкрытыя, людзі ходзяць на працу, у паркі. Але пры гэтым у горадзе вельмі шмат людзей у вайсковай форме — гэта тыя, хто прыехаў з фронту ў адпачынак, або вайскоўцы, якія яшчэ толькі пойдуць на фронт, а можа, тыя, хто на ратацыі. Да гэтага прызвычайваешся і нават гэта не заўважаеш.

Амаль кожны дзень тут пахаванні. Ёсць царква, дзе праходзяць цырымоніі развітання з вайскоўцамі з гэтага рэгіёна, яны адбываюцца пастаянна, і гэта заўважна.

Яшчэ праходзіць вельмі шмат мерапрыемстваў, якія так ці інакш адрэфлексоўваюць вайну ці прыцягваюць увагу да гэтай тэмы, ёсць падзеі, дзе збіраюць грошы на падтрымку вайскоўцаў. То-бок так ці інакш вайну ты бачыш, асабліва калі не жывеш стала ў Львове.

Яшчэ адна акалічнасць — ракетныя абстрэлы. Часцей за ўсё яны адбываюцца ноччу, а ракеты, калі далятаюць да Львова, з’яўляюцца тут ранкам. Калі такое адбываецца, вельмі шмат львавянінаў праводзяць ноч з тэлефонамі і сочаць, дзе ляцяць ракеты і наколькі гэта небяспечна. Калі небяспека сапраўды моцная, магчыма, людзі пойдуць у бамбасховішчы ці неяк яшчэ будуць сябе абараняць. Гэта заўжды цяжка і трошкі нервова, ты прачынаешся ў 5 ранку і да 8 глядзіш у тэлефон. Добра, калі ракеты не далятаюць, але бывала, што і даляталі, хаця апошнім часам гэта здараецца нячаста.

Цяпер я не маю працы. У беларусаў ва Украіне ёсць праблема з дакументамі, і ў такіх людзей, як я, у каго толькі ДНЖ, амаль няма ніякіх правоў. Нам блакуюць банкаўскія карткі — я не магу карыстацца рахункам і атрымліваць на яго грошы, калі я буду іх зарабляць.

Калі ты іншаземец, табе цяжка знайсці працу, бо браць іншаземца нязручна, для гэтага трэба больш дакументаў.

Усё гэта падштурхоўвае рухацца ў іншае месца, бо тут цяжка афіцыйна працаваць. Можна рабіць гэта неафіцыйна, але я пакуль не ўпэўнены, што гэта найлепшы шлях. У мяне ёсць ДНЖ, але ён не дае мне падставы адкрыць рахунак або ІП, і магчыма, што я хутка адсюль з’еду. Пакуль што заставаўся ва Украіне, бо для мяне гэта было важна, мне была цікавая культура, атрымліваў важны досвед — бачыў, як людзі змагаюцца, і хацеў ім дапамагаць.

Падтрымліваю тыя каштоўнасці, за якія змагаецца Украіна. Калі адна краіна ўрываецца ў іншую са зброяй і пачынае гвалтоўна навязваць сваю культуру і лад жыцця, я ў гэтай барацьбе эмацыйна на боку Украіны. Не падтрымліваю, калі пытанні вырашаюць такім чынам, ды гэта ж і на мой дом напалі, я жыў ва Украіне, калі ўсё гэта адбылося, спаў у сваёй кіеўскай кватэры, калі па Кіеву ўдарылі ракетамі. Таму ў мяне была мэта падтрымліваць людзей, якія намагаюцца захаваць сваю культуру, дом і краіну. Але ў мяне скончыліся рэсурсы і я разумею, што не магу ўжо быць тут карысным, прыйшоў час паклапаціцца пра сябе, бо засталося вельмі мала энергіі.

Думаю, што ўсё, што адбылося за апошнія тры-чатыры гады — пратэсты, эміграцыя і вайна, — на ўсіх вельмі моцна адбіваецца, уплывае на нервовую сістэму. Яшчэ пяць-дзесяць гадоў мы будзем адчуваць наступствы гэтага. Не ведаю, наколькі моцна гэта паўплывала на мяне, але наступствы дакладна ёсць, як і ў нас усіх. Пытанне, наколькі мякка мы зможам гэта перажыць, колькі саломкі зможам падкласці, каб гэтыя наступствы былі для нас максімальна бязбольныя.

Ва Украіне яшчэ ёсць беларусы, але гэта невялікая супольнасць. Ведаю пра журналістаў і актывістаў, якія тут жывуць, а таксама тут ёсць беларусы, якія прыехалі задоўга да 2020-га, яны ўжо збольшага інтэграваліся ў грамадства.

Беларусы з майго асяродку паціху з’язджаюць, збольшага з-за сканчэння пашпартоў і іншых пытанняў па легалізацыі. Можна жыць без банкаўскай карткі, але шмат у чым гэта нязручна.

Здаецца, людзі асэнсавалі ці асэнсоўваюць, што контрнаступ быў не вельмі ўдалы, вайна працягнецца доўга і вораг моцны, што прыйдзецца яшчэ мабілізоўваць людзей і ніхто не ведае, колькі будзе пакладзена жыццяў. Гэта складаны этап для ўкраінцаў. Ёсць людзі, якія не хочуць ісці на вайну, і гэта таксама частка жыцця ўкраінскага грамадства, а людзей трэба ўсё больш і больш. Нядаўна выйшаў новы закон пра мабілізацыю, і людзі напружаныя з гэтай нагоды.

Думаю, усе чакаюць перамогі, але пытанне, якім коштам яна прыйдзе і як хутка. Ва ўкраінскім грамадстве ёсць багата працэсаў — шмат людзей з’ехала з краіны, частка ўкраінцаў цяпер на вайне. На фронце таксама ёсць розныя людзі: нехта хоча сысці адтуль і не павяртацца, нехта яшчэ мае полымя ўнутры.

Але цяпер адбываецца эмацыйны спад: людзі стаміліся, яны не ведаюць, колькі гэта ўсё будзе працягвацца. Няма ўпэўненасці ў будучым, і вельмі цяжка прадказаць, як далей будуць развівацца падзеі. Можа, зіма ўплывае на настроі і ўвесну будзе лягчэй.

Простыя ўкраінцы ставяцца да беларусаў нармальна, не бачу з іх боку ніякай агрэсіі. Мы не так хутка можам тут стаць сваімі, бо мы з іншай дзяржавы. Але тут прасцей інтэгравацца, чым у Польшчы, бо тут больш пунктаў паразумення. З мовай таксама прасцей, бо беларуская і ўкраінская мовы падобныя. Аднак тут людзі вельмі клапоцяцца пытаннямі Украіны, таму я і не падымаю тэму Беларусі.