Сумесная дэкларацыя дэмакратычных партыяў і рухаў: «Лукашэнка прайграў выбары і ажыццявіў сілавы захоп улады»
Лідары палітычных партыяў і рухаў падпісалі дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу, паведамляе «Свабода».
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў
канстатавалі, што на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня перамогу атрымала Святлана
Ціханоўская. На гэтай падставе яны запатрабавалі неадкладнага сходу ў адстаўку
Аляксандра Лукашэнкі — як кандыдата, які не атрымаў падтрымкі народу Беларусі і
ажыццявіў сілавы захоп і ўзурпацыю ўлады.
Таксама падпісанты патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцыяў пратэстаў і палітвязняў.
«Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў КДБ і КДК Валерыя Вакульчыка і Івана Тэртэля, якія шантажавалі расправай над мужам і дзецьмі Святлану Ціханоўскую і прымусілі яе з’ехаць з краіны. Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў МУС і АМАП Юрыя Караева і Юрыя Падабеда за ўчыненыя іх падначаленымі жорсткія расправы і зверствы, неабгрунтаваны гвалт, катаванні з чалавечымі ахвярамі, ужыванне траўматычнай і агнястрэльнай зброі ў адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Патрабуем адстаўкі і арышту чальцоў ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай за арганізацыю масавых фальсіфікацыяў, якія прывялі да сілавога захопу і ўзурпацыі ўлады».
Лідары партыяў і рухаў заклікалі грамадзянаў, у тым ліку працоўныя калектывы, не спыняцца, нарошчваць актыўнасць сваім удзелам у мірных акцыях пратэсту супраць сфальсіфікаванага галасавання і абараніць сапраўдныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
Падпісаліся: старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня ПСП Уладзімір Навасяд, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.