Судмедэксперты: псіхічнае расстройства Коржыча не можа быць прычынай самагубства

У Мінску працягваецца суд па "справе Коржыча". Трое сяржантаў абвінавачваюцца ў давядзенні да самагубства радавога Аляксандра Коржыча з вайсковай часці №43064 у Печах. Маці загінулага салдата, Святлана Коржыч, прытрымліваецца версіі, што яе сына забілі, піша Еўрарадыё.

Зала судовага паседжання, дзе разглядаюць "справу Коржыча". Фота Еўрарадыё

Зала судовага паседжання, дзе разглядаюць "справу Коржыча". Фота Еўрарадыё


Пасмяротная комплексная судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ў дачыненні да Аляксандра Коржыча ўстанавіла, што салдат пакутаваў ад псіхічнага расстройства ­–– “саматаформнай вегетатыўнай дысфункцыі”. 3 верасня пракурор агучвае заключэнне экспертаў у судзе, а адвакат аднаго з абвінавачаных (сяржанта Бараноўскага) просіць выклікаць у якасці сведак тых спецыялістаў, якія праводзілі даследаванне. Яны даюць паказанні 6 верасня.
Пракурор зноў зачытвае вынікі экспертызы:
“<…> 7 верасня ў Коржыча апісвалася сімптаматыка, характэрная для дадзенага расстройства: болі ў сэрцы, высокі ўзровень асобаснай трывожнасці, песімістычнасць, раздражняльнасць. Пасля 20 верасня ён перастаў прад'яўляць скаргі на болі ў сэрцы, быў спакойны і адэкватны ў паводзінах. Да моманту выпіскі праявы дыягнаставанага псіхічнага расстройства выяўляліся мінімальна <…>”.

Сімптомы псіхічнага расстройства з'явіліся ў Коржыча ў 2016 годзе


Следства сцвярджае, што ў Коржыча было псіхічнае расстройства. Але ці так гэта?
Судмедэксперт Аляксей Олекс з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз распавядае суду, што экспертыза, пра якую ідзе гаворка, праведзена ў студзені 2018 года [цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі 3 кастрычніка 2017 года. –– Еўрарадыё]. Перад камісіяй быў пастаўлены шэраг пытанняў. Напрыклад, ці пакутаваў Коржыч ад нейкіх псіхічных расстройстваў; якія псіхалагічныя асаблівасці паўплывалі на яго паводзіны; у якім стане ён знаходзіўся перад смерцю.
"Мы вельмі старанна вывучылі матэрыялы справы, прадастаўленыя следчым, і медыцынскія дакументы Аляксандра Коржыча. Мы вывучылі ўсе дакументы, пачынаючы са школы і заканчваючы апошнімі днямі яго жыцця", –– кажа судмедэксперт.
Першыя сімптомы СВД, мяркуючы па дакументацыі, якую вывучыла камісія, з'явіліся ў Аляксандра Коржыча яшчэ ў 2016 годзе.
"Мы вывучылі медыцынскую дакументацыю, якая паказвае на тое, што Коржыч скардзіўся на болі ў сэрцы пачынаючы з 2016 года. Звязана гэта было, па нашым меркаванні, з наяўнасцю ў яго сімптаматыкі дадзенага псіхічнага расстройства.​
Пасля прызыве на службу са здароўем у яго было нядрэнна да верасня 2017 года, калі ён патрапіў у медчастку з прастудай. Пралячылі ад прастуднага захворвання, ён вярнуўся ў сваю часць і рэзка, без заўважных на тое прычын, адчуў даволі моцныя болі ў сэрцы. Гэта і ёсць сімптаматыка СВД. Пры гэтым, як другасная сімптаматыка, у яго мелі месца трывожнасць, страх смерці. Чалавеку было балюча, было дрэнна, ён перажываў з гэтай нагоды. Ніхто дапамогу яму не аказваў, хоць яго вазілі на абследаванне да псіхіятраў".

Адвакаты абвінавачаных сяржантаў у зале судовага паседжання. Фота Еўрарадыё

Адвакаты абвінавачаных сяржантаў у зале судовага паседжання. Фота Еўрарадыё



“Нідзе, ні ў адной кнізе мы не знойдзем, што для гэтага захворвання характэрная схільнасць да суіцыду”

На думку Олекса, псіхіятры, на прыёме ў якіх быў Коржыч, "не звярнулі ўвагу на нейкія моманты", хоць і "апісвалі сімптаматыку дадзенага расстройства".
Урачы медроты, па словах эксперта, правільна ўгледзелі дыягназ пацыента і выставілі яго –– "нейрацыркуляторная астэнія". Олекса пацвярджае, што паміж дыягназам СВД і НЦА можна паставіць знак роўнасці. Пра гэта суду казаў і ваенны псіхіятр Павел Зарэцкі, да якога вазілі Коржыча.
Адказваючы на пытанні адвакатаў, пракурора і маці Аляксандра Коржыча, эксперт адзначыў:
“Дадзенае псіхічнае расстройства ніяк не магло быць звязана з дзеяннямі Аляксандра Коржыча. Не характэрны для дадзенага псіхічнага расстройва суіцыдальныя думкі. Нідзе, ні ў адной кнізе мы не знойдзем, што для гэтага захворвання характэрная схільнасць да суіцыду. Яны адчуваюць боль, баяцца памерці ... Але каб думаць пра суіцыд – такога я нідзе не сустракаў.​
Гэта досыць лёгкае, кароткачасовае расстройства, якое часта праходзіць само па сабе. Для яго не характэрны такі зыход. Яно ў многіх бывае, праяўляецца. У тым ліку яно ў яго [Аляксандр Коржыча. –– Еўрарадыё], хутчэй за ўсё, і было”.
Аднак амаль адразу Олекса дадае: "Ніхто не адмяняе таго, што ён [Аляксандр Коржыч. –– Еўрарадыё] мог гэта зрабіць па якіх-небудзь іншых прычынах. Псіхічна здаровых людзей, якія здзяйсняюць суіцыд, велізарная колькасць".

"Былі падобныя выпадкі на сексуальнай глебе. Але каб пры суіцыдзе..."

Дзяржабвінаваўца Юры Шарснёў цікавіцца ў сведкі, ці даводзілася яму ў сусветнай практыцы сустракаць падобныя выпадкі самазабойства. "Каб пры самагубстве на галаву была накінута майка, звязаныя ногі", –– удакладняе пракурор..
"Я так скажу, што ў сваёй практыцы падобных рэчаў я не сустракаў. Былі падобныя выпадкі на сексуальнай глебе. Але каб пры суіцыдзе... " –– адказвае судмедэксперт
Псіхолаг дзяржкамітэта судовых экспертыз Уладзімір Сямёнаў таксама ўдзельнічаў у правядзенні экспертызы. На пытанне пракурора аб тым, ці можа стан Коржыча [сімптаматыка саматаформнай вегетатыўнай дысфункцыі. –– Еўрарадыё] быць прычынай для самагубства, ён адказвае:
"Прычынна-выніковай сувязі не існуе. І літаратурныя дадзеныя пра гэта сведчаць. Не існуе такога, што чалавек з наборам пэўных якасцей можа скончыць жыццё самагубствам. Яны могуць быць наборам умоў, але ніяк не з'яўляцца прычынай", –– кажа эксперт.
Суддзя Алег Лапека пытаецца ў сведкі аб тым, ці сустракаліся яму падобныя выпадкі самазабойства.
"У маёй практыцы я з такімі выпадкамі не сутыкаўся. У літаратуры –– таксама не сустракаў", –– адказвае Сямёнаў.

"Накінутай на галаву майкі ў сваёй практыцы я не сустракаў"

Судовы эксперт Іван Правада праводзіў эксгумацыю цела Аляксандра Коржыча.
"У судовай медыцыне, у той літаратуры, якую я чытаў, былі такія моманты, калі людзі, якія скончылі жыццё самагубствам, звязвалі сабе ногі ці рукі. Гэта матывуюць тым, што яны хочуць прадухіліць магчымасць выбрацца з пятлі. Накінутай на галаву майкі ў сваёй практыцы я не сустракаў", –– адказвае сведка на пытанні суда.
У пацярпелай Святланы Коржыч узнікае шмат пытанняў да эксперта: напрыклад, адкуль з'явіліся кропкавыя пашкоджанні на галаве. Аднак Правада не можа адказаць на гэтае пытанне, спасылаючыся на тое, што першаснае даследаванне праводзіў іншы эксперт.
Гэты спецыяліст –– Іван Зотаў, яго суд апытвае наступным. Зотаў аглядаў труп Коржыча ў кастрычніку 2017 года. Ён тлумачыць, што пашкоджанні на галаве Коржыча –– вынік маніпуляцый судовых медэкспертаў.
"Рукі і ногі санітары звычайна звязваюць бінтам, –– так Зотаў тлумачыць разоры, якія родныя і сябры Сашы Коржыча заўважылі на яго руках перад пахаваннем. –– Гэта ўсё пасмяротныя з'явы. Першапачаткова іх не было, я іх не бачыў".
Па словах Зотава, асноўны довад на карысць версіі пра самагубства радавога –– нераўнамернасць странгуляцыйнай разоры: "Калі мае месца забойства, странгуляцыйная разора роўная. Тут была адна слізготная замкнёная пятля і адна разора. Нераўнамернасць кажа пра тое, што гэта самапавешанне".