Партыя БНФ даслала кнігі ў вайсковыя бібліятэкі

З нагоды Дня Беларускай Вайсковай Славы Партыя БНФ даслала ў бібліятэкі беларускіх вайсковых частак і навучальных установаў кнігі па вайсковай гісторыі краіны і часопісы патрыятычнага зместу.

knihi_8_verasnja.jpg


Акцыя прымеркаваная да 504-й гадавіны слаўнай перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскамі Маскоўскага княства ў бітве пад Воршай 8 верасня 1514 года. Гэтая дата ў беларускім патрыятычным календары адзначаецца як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.
Як паведаміў адказны сакратар Управы БНФ Зміцер Салошкін, патрыятычная літаратура дасланая ў бібліятэкі вайсковых частак ва ўсіх абласцях краіны і ў Мінску, а таксама ў навучальныя ўстановы, якія належаць да сілавых міністэрстваў і ведамстваў. Сярод дасланых выданняў – першы выпуск новага гістарычнага навукова-папулярнага часопіса “Наша Гісторыя” і адмысловы нумар часопіса “ARCHE-Пачатак”, прысвечаны стагоддзю БНР, кнігі пра беларускіх ваеначальнікаў, пра перамогі беларускай зброі, пра беларускі вайсковы рыштунак ды пра іншыя аспекты вайсковай гісторыі, а таксама матэрыялы пра Беларускую Народную Рэспубліку.
“Мы ўпэўненыя, што менавіта ў бібліятэках вайсковых частак навукова-папулярная літаратура знойдзе свайго ўдзячнага чытача і будзе карыстацца попытам. Гэта датычыць як добра ілюстраваных глянцавых часопісаў, так і іншых навукова-папулярных выданняў”, – сказаў Зміцер Салошкін у камэнтары прэс-службе Партыі БНФ.
У суправаджальным лісце за подпісам старшыні БНФ Рыгора Кастусёва, што адрасаваны загадчыкам бібліятэкаў вайсковых частак, адказным за выхаваўчую працу і загадчыкам клубаў, адзначаецца важнасць гістарычнай даты перамогі 8 верасня 1514 года для гісторыі беларускага войска. Таксама ў сваім звароце кіраўнік БНФ прапануе рэкамендацыі па выкарыстанні гістарычнай літаратуры ў вайскова-патрыятычным выхаванні ў вайсковых частках ды навучальных установах.