Суд разгледзеў скаргу на прысуд Дзмітрыю Гопту
Гомельскі абласны суд 2 красавіка разгледзеў скаргу, якую падалі на прысуд жлабінчаніну Дзмітрыю Гопту, піша gomel.today. У хлопца разумовая адсталасць, дыягназ, з якім у 21 год, паводле слоў маці, ён па развіцці падобны да 12-гадовага дзіцяці.
Раней Дзіму прызналі вінаватым ва ўдзеле ў пратэстах і ў тым, што ён нібыта кідаў камяні ў бок міліцыі і аўтазакаў. Тады эксперты вырашылі, што малады чалавек, хоць і мае асаблівасці развіцця, можа адказваць за свае ўчынкі. Жлобінскі суд прысудзіў яго да двух гадоў калоніі.
Беларусы стварылі петыцыю за вызваленне Гопты, пад ёй паставілі подпісы звыш 3 тысяч чалавек. Пра хлопца шмат пісалі СМІ, на сваіх старонках вядомыя асобы.
Бацькі спадзяваліся, што сына адпусцяць, але абласны суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле, піша «Камсамольская праўда ў Беларусі».
Сям'я яшчэ можа звярнуцца да старшыні Гомельскага абласнога суда і ў Вярхоўны суд.