Ушанавалі памяць Веранікі Чаркасавай
Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) 21 кастрычніка наведалі магілу нашай калегі Веранікі Чаркасавай, якая была забітая ў сваёй кватэры 20 кастрычніка 2004 года.
Жанна Літвіна, Уладзімір Дзюба, Таццяна Мельнічук
Вераніка, ці проста Ніка, як яе ласкава называлі родныя, сябры і калегі, свой апошні прытулак знайшла побач з бацькам Анатолем Чаркасавым, таксама слынным беларускім журналістам, на Калодзішчанскіх могілках.
Тыя (ці той), хто здзейсніў забойства прыгожай, маладой, крухкай і вельмі таленавітай жанчыны, не знойдзеныя да гэтага часу. Праваахоўныя і следчыя органы выглядаюць бездапаможнымі ў такіх справах. Да Веранікі ўжо была справа нашага калегі, аператара расійскага тэлеканала ОРТ, сябра БАЖ Змітра Завадскага, якога скралі 7 ліпеня 2000 года. Але ні па той, ні па гэтай справе нічога ўцямнага ніхто з тых, хто павінен біцца аб сцяну, але бараніць жыццё сваіх суграмадзянаў, ці, на самы фатальны выпадак, знаходзіць іх забойцаў, не паведаміў.
Магілы Веранікі Чаркасавай і яе бацькі, журналіста Анатоля Чаркасава
А былі яшчэ імёны. Гэта Васіль Гроднікаў — пазаштатны аўтар «Народнай Волі», знойдзены акрываўленым у сваёй хаце ў Заслаўі, гэта і знойдзены ў пятлі на сваім лецішчы заснавальнік і рэдактар сайта «Хартыя-97» Алег Бябенін. Гэта ўсё нашы калегі. Але яшчэ гучаць увушшу імёны Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі. Што насамрэч здарылася з імі? Куды глядзела дзяржава? А можа, яна ведае адказы на гэтыя пытанні, але не жадае сказаць праўду?
Веранікі няма на гэтым свеце ўжо 11 гадоў. Але памяць пра яе жыве. Жыве ў душах тых, хто яе ведаў, хто чытаў яе рэпартажы і публікацыі, хто хоць раз бачыў гэтую чароўную жанчыну.
Так супала, што ў сераду, 21 кастрычніка, споўнілася 40 дзён ад дня сыходу з зямнога жыцця нашага любімага галоўнага рэдактара — Аляксея Сцяпанавіча Караля. Хочацца верыць, што ў гэты дзень, калі душы светлых людзей адлятаюць у Валадарства Нябёснае, душы Нікі і Сцяпанавіча сустрэнуцца. І ім там будзе добра разам з іншымі нашымі калегамі, сябрамі, блізкімі, якіх фізічна ўжо няма з намі тут побач. Хочацца ў гэта верыць. Дай Божа.