Сілавікі пачалі кашмарыць асуджаных да «хатняй хіміі», бо ў іх «рэжым занадта мяккі»

Пад удар патрапілі тыя, хто адбывае ці нават ужо адбыў пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», піша «Н*ша Ніва».

_belarus_minsk_svjata_kantrol_videanaziranne_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Першае паведамленне пра ўзмацненне рэжыму для «хатніх хімікаў» апублікавалі праваабаронцы яшчэ 28 лістапада. Тады стала вядома, што ў Баранавічах і Мінску павялічылі колькасць праверак, ды так, што да некаторых пачалі прыходзіць нават ноччу, змушалі хадзіць на лекцыі ў РУУС раз на тыдзень (раней яны былі раз на два тыдні), а некаторым нават забаранілі вадзіць дзяцей у секцыі.

Пасля паведамленні пра ўзмацненне рэжыму пачалі паступаць масава да розных ініцыятыў — людзям змяншалі час на шлях да працы, скарацілі вольны час з дзвюх гадзін да адной, пачасцілі праверкі (у тым ліку стабільна сярод ночы і калі яны на працы), забаранялі працоўныя камандзіроўкі, а некаторых, хто ўжо адбыў пакаранне, зрабілі невыязнымі. Прычым у некаторых месцах гэта закранула і «хімікаў», асуджаных не па палітычных справах. Гэта адбываецца паступова ў розных месцах, але тэндэнцыя вельмі выразная.

Некалькі не звязаных між сабой крыніц расказалі, што каля трох тыдняў таму ў структурах МУС пачалася «актывізацыя» з нагоды таго, што ўлады палічылі рэжым у асуджаных на хатнюю хімію «занадта мяккім». Заўважылі, што шмат людзей у выніку з'язджае — да, падчас ці пасля адбыцця хатняй хіміі.

Відаць, кожнае аддзяленне міліцыі пайшло рознымі шляхамі: нехта ўзмацніў кантроль за тымі, хто адбывае пакаранне, а некаторыя вырашылі заціснуць гайкі да максімуму.

Якая мэта мусіць быць дасягнутая такім чынам, суразмоўцы не разумеюць — бо большасць людзей на «хатняй хіміі» і так выконвалі ўсе рэжымныя мерапрыемствы. А з'язджалі людзі звычайна менавіта праз складанасці з адбыццём пакарання і штучна створаны ціск сілавікоў на іх.