Праваабаронцы звярнуліся ў ААН з нагоды намеру рэжыму сачыць за беларусамі ў інтэрнэце
Беларускі Хельсінскі камітэт, «Human Constanta» і міжнародная няўрадавая арганізацыя «Access Now» звярнуліся да шэрагу прадстаўнікоў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў з нагоды ўказу Лукашэнкі № 368, які, пішуць яны, выводзіць сачэнне на беспрэцэдэнтны ўзровень.
Праваабаронцы звярнуліся да Працоўнай групы ААН у бізнесе і
правах чалавека, да спецыяльных дакладчыкаў па праве на абарону прыватнага
жыцця, па свабодзе выказвання меркаванняў і па Беларусі.
У Беларусі, пішуць праваабаронцы, сачэнне праз
тэлекамунікацыйныя паслугі і праслухоўванне тэлефанаванняў шырока
распаўсюджаныя як мінімум з 2010 года, але новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі
«інстытуцыяналізуе сачэнне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень»:
абавязвае інтэрнэт-сэрвісы даваць сілавікам наўпроставы доступ да звестак
кліентаў.
Гэты ўказ тычыцца сэрвісаў электроннай пошты, мэсэнджараў,
онлайн-крамаў, службаў таксі і каршэрынгу, дае сілавікам неабмежаваны доступ да
звестак, які нават нельга аспрэчыць у судзе.
Праваабаронцы лічаць, што ўказ парушае права на свабоду ад
адвольнага ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё (артыкул 17 Міжнароднага пакту аб
грамадзянскіх і палітычных свабодах) і на свабоду выражэння меркаванняў
(артыкул 19 гэтага ж пакту), прыцягвае да парушэння правоў чалавека беларускія
IT-кампаніі і пастаўнікаў онлайн-паслугаў (што супярэчыць Кіроўным прынцыпам
ААН у бізнесе і правам чалавека 2011 года).
Працоўную групу ААН у бізнесе і правах чалавека просяць
звярнуцца:
у «БелДІЭ» (дзяржаўны аператар сістэмы сачэння) і
акцэнтаваць увагу на тое, што выкананне ўказу пацягне да масавых парушэнняў
правоў чалавека;
у Міжнародны звяз электрасувязі з патрабаваннем ціснуць на
ягоных партнёраў – Міністэрства сувязі Беларусі і дзяржаўнага правайдара
«Белтэлекам», паведаміць «Белтэлекаму» аб непрымальнасці ўказу;
да бізнесу, які працуе ў Беларусі ці з Беларуссю з заклікам
да «належнай абачлівасці» ў галіне правоў чалавека і да празрыстасці адносна
выканання патрабаванняў уладаў Беларусі.
Праваабаронцы просяць кампаніі:
устрымацца ад выканання патрабаванняў беларускіх уладаў,
якія супярэчаць стандартам у галіне правоў чалавека;
не захоўваць звесткі на беларускіх серверах, улічваючы
незаконнае ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё з боку беларускіх уладаў;
захоўваць інфармацыю пра запыты беларускіх уладаў і ўключаць
яе з звесткі аб празрыстасці.
Самі праваабаронцы звярнуліся да Міжнароднага саюзу
электрасувязі з такімі ж патрабаваннямі, а таксама з патрабаваннем спыніць
любую супрацу або фінансаванне «БелДІЭ» і «Белтэлекаму».
Паводле БАЖ).