У Расіі заканадаўча хочуць забараніць відэагульні, дзе ёсць гвалт, жорсткасць і ЛГБТ
У Дзярждуме РФ прапанавалі забараніць відэагульні з «прапагандай» ЛГБТ, гвалту і жорсткасці. Цікава, ці шмат незабароненых гульняў у выніку застанецца?
Дэпутат Дзярждумы Яна Лантратава прапанавала забараніць распаўсюджваць у Расіі відэагульні, якія «прапагандуюць» гомасексуальнасць, парнаграфію, жорсткасць і гвалт.
Лантратава падрыхтавала адпаведныя папраўкі да законапраекта аб забароне «прапаганды нетрадыцыйных сексуальных адносін», які дэпутаты Дзярждумы прынялі ў першым пра чытанне ў канцы кастрычніка. Змены прапануецца ўнесці ў закон «Аб інфармацыі».
Сярод іншага дэпутат прапанавала забараніць відэагульні, якія:
- утрымліваюць інфармацыю аб вырабе наркотыкаў;
- распавядаюць пра спосабы самагубства;
- здольныя схіліць непаўналетняга да супрацьпраўных дзеянняў;
- утрымліваюць ненарматыўную лексіку.
Яна Лантратава таксама падрыхтавала папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Дэпутатка прапанавала ўвесці штрафы за «прапаганду» ЛГБТ у гульнях — дакладна такія ж, як і за «прапаганду» ЛГБТ у цэлым, гэта значыць да 400 тысяч рублёў для грамадзян і да пяці мільёнаў рублёў для юрыдычных асоб.
Адметна, як піша РІА «Новости», што такую ж адказнасць прапануецца ўвесці за гвалт і жорсткасць у гульнях.
«Відэа-і кампутарныя гульні, якія распаўсюджваюцца на любых відах носьбітаў <...> не павінны ўтрымліваць інфармацыі, якая праяўляецца ў непрыстойнай форме, якая абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць, відавочную непавагу да грамадства, дзяржавы, афіцыйных дзяржаўных сімвалаў», — пазначана ў дакуменце.
Паўстае пытанне, ці шмат знойдзецца ў выніку гульняў, дзе “пільныя грамадзяне” не здолеюць знайсці жорсткасці?
Паводле РІА «Новости», meduza.io