«Можа, выжыву». На Гомельшчыне знайшлі смартфон расійскага вайскоўца. Што ён пісаў перад вайной
Чытач гомельскага выдання «Ф*агшток» знайшоў смартфон, які раней належаў афіцэру расійскага войска. Журналісты вывучылі змесціва прылады.
Інфармацыя са смартфона была перададзена журналістам чалавекам, які не захацеў называць сябе. Таксама невядома месца, дзе дэвайс быў знойдзены. Вывучыўшы ўвесь масіў інфармацыі, журналісты прыйшла да высновы, што матэрыялы са смартфона не з'яўляюцца
фальсіфікацыяй і верыфікуюцца данымі сацыяльных сетак уладальніка гаджэта і яго блізкіх.
Гэты матэрыял грунтуецца на фотаздымках, якія захоўваліся на
прыладзе, а таксама асабістай перапісцы вайскоўца з жонкай у Viber і яго
калегамі ў чатах Telegram і WhatsApp.
Інфармацыя са смартфона дазволіла ўстанавіць, што ён належаў
маёру, намесніку камандзіра роты па выхаваўчай рабоце 37-й асобнай гвардзейскай
мотастралковай брыгады, якая дыслакуецца ў горадзе Кяхта (Бурація), Паўлу Юр'янаву. З фота
пашпарта, знойдзенага ў тэлефоне, вынікае, што ён нарадзіўся ў вёсцы Харанхой
(Бурація) у 1980 годзе.
Змест перапіскі зампаліта дазваляе ацаніць маральны дух
расійскага ваеннага перад пачаткам уварвання ва Украіну.
Зыходзячы з перапіскі, можна меркаваць, што падрыхтоўка да
нападу пачалася яшчэ ў 2021 годзе. Пра тое, што выхадных больш не будзе, маёр
распавёў сваёй жонцы яшчэ 23 снежня 2021 года. З вайсковай часткі Юр'янава не
адпусцілі нават на Новы год.
Усведамленне таго, што адбываецца, было сур'ёзным стрэсам,
які прымусіў мужчыну прымаць заспакаяльныя прэпараты. Пра тое, што муж можа апынуцца
на вайне, відаць, ведала і яго жонка.
Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ваеннаслужачых, якіх
рыхтавалі да вайны, было арганізавана вельмі слаба. Пра гэта можна меркаваць па
тым, што Юр'янаву перад адпраўкай куртку і кітайскую радыёстанцыю набывала
жонка.
Нягледзячы на ўнутраную трывогу зампаліт працягваў весці прапагандысцкую працу сярод вайскоўцаў. «Узброеныя Сілы РФ на перадавых
рубяжах барацьбы з міжнародным тэрарызмам», «Экстрэмізм і тэрарызм як пагроза
нацыянальнай бяспецы Расіі», «Патрыятызм — статутны і маральны абавязак вайскоўца»
— тэмы лекцый, якія ён арганізоўваў па дарозе ў Беларусь.
«Дасць бог, спаткаемся»
Эшалоны з расійскімі вайскоўцамі прыбылі ў Беларусь у канцы
студзеня. Па фатаграфіях з тэлефона можна меркаваць, што месцам прамежкавай
дыслакацыі быў Рэчыцкі раён. Пра тое, што гэта будуць не проста вучэнні, маёр,
відаць, распавёў сваёй жонцы 4 лютага. З таго дня ён не хаваў, што можа больш
ніколі не вярнуцца дадому.
Ужо ў Беларусі высветлілася, што частка вайскоўцаў не
атрымала належнага грашовага забеспячэння. У памяці тэлефона ёсць 17 адпаведных рапартаў. Аказалася, што гэтыя вайскоўцы былі залічаны ў склад
перад самай адпраўкай. Асабістыя справы яшчэ не паспелі прыняць, таму зрабіць
налічэнне ім паабяцалі толькі ў сакавіку.
Перапіска зампаліта змяшчае доказы прадастаўлення тэрыторыі
Беларусі для агрэсіі супраць Украіны. У тэлеграм-чаце «На барыкады» 6
лютага былі апублікаваны шыфры перамоўнай табліцы, якія змяшчаюць назвы
паселішчаў Гомельскай вобласці: палігон Баршчоўка, палігон Баранавічы, н. п.
Рэчыца, н. п. Бязуева (верагодна, Бязуеў, вёска недалёка ад Рэчыцы, дзе
размяшчаўся палявы ваенны лагер у студзені — лютым 2022 года).
У гэтым жа чаце змяшчаецца доказ выкарыстання Палескага
дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка для агрэсіі супраць Украіны.
Месцам выгрузкі УВТ (узбраення і ваеннай тэхнікі) пазначана «кінутая вёска».
Яе каардынаты адпавядаюць урочышчу Дзярновічы (адселеная ў 1986 годзе з-за
радыяцыі вёска Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці).
Групоўка, сфарміраваная на захад ад ракі Прыпяць, прымала
ўдзел у ваенных дзеяннях у Жытомірскай вобласці, ажыццяўляла захоп Чарнобыльскай
АЭС, а таксама штурмавала паўночна-заходнія прыгарады Кіева.
Больш дакладных указанняў на далейшы шлях зампаліта смартфон
не ўтрымліваў.
Такім чынам, па перапісцы можна аднавіць шлях маёра
Юр'янава: каб дабрацца ад вайсковай часткі, размешчанай у Бурацкай Кяхце, да
беларуска-ўкраінскай мяжы ў Нараўлянскім раёне, ён пераадолеў больш за шэсць
тысяч кіламетраў.
23 лютага, за дзень да нападу, маёр Юр'янаў сфатаграфаваў калону ваеннай тэхнікі, у якой налічвалася 62 транспартныя сродкі:
пераважна КамАЗы, Уралы і ЗІЛы (разліковая даўжыня калоны — 3150 метраў).
16 сакавіка зампаліт сфатаграфаваў новы спіс тэхнікі. На
гэты раз у ім было толькі 15 транспартных сродкаў, адзін з якіх быў выкраслены.
Нумары транспартных сродкаў і прозвішчы вайскоўцаў супадаюць з часткай
прозвішчаў, якія былі пазначаны ў калоне за дзень да нападу.
Сацыяльныя сеткі Юр'янава на сённяшні дзень не актыўныя:
апошні візіт у «Вконтакте» адбыўся 17 лютага 2022 года, за
тыдзень да пачатку вайны. Апошнія допісы, зробленыя гаспадаром тэлефона,
датаваныя 17 сакавіка. У сетцы некралогаў аб гібелі Юр'янава яго родныя і
калегі не публікавалі, у бурацкіх СМІ такія публікацыі таксама не былі
знойдзены.
У адной з сацыяльных сетак «Ф*агшток» задаў пытанне пра лёс
Юр'янава яго знаёмаму. Той паведаміў, што Юр'янаў загінуў ва Украіне ў сакавіку
2022 года. У Юр'янава засталіся дзве непаўналетнія дачкі.