«Працягваем працаваць». Фонды BySol і By_Help абверглі сцвярджэнні прапаганды пра арышты «кур’ераў»

Кіраўнікі фонды BySol і By_Help Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык абверглі сцвярджэнні прапаганды пра арышты «кур’ераў».

Кадр з "фільма" АНТ. Скрыншот "Люстэрка"

Кадр з "фільма" АНТ. Скрыншот "Люстэрка"

«Некалькі тыдняў таму я папярэджваў пра тое, што лукашысты рыхтуюць серыю правакацый супраць гуманітарных арганізацый. Нашая сістэма не зазнала шкоды і працягвае працу», — напісаў праваабаронца, сузанавальнік фонда BySol Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Паводле яго слоў, задача прапаганды «падарваць давер і разарваць плыню салідарнасці з палітвязнямі» не дасягнутая.

«Асобна хачу заявіць — людзей у кадры, якіх выкарыстоўваюць прапагандысты, я лічу закладнікамі і ахвярамі тэрора. У іх становішчы яны могуць рабіць любыя заявы. Мы ведаем і разумеем што іх вымушаюць гэта казаць», — адзначыў Стрыжак.

«Кур’ерамі» фондаў сярод іншых называюць Дзмітрыя Кавалёва, Сяргея Кардаша і Аляксея Кубракова. Паводле сюжэту дзяржаўнага тэлебачання, цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА — за тое, што перадавалі грошы сем'ям палітвязняў.

У каментары «Люстэрку» Стрыжак дадаў, што яму невядомыя прозвішчы гэтых людзей. «Ніякіх нашых грашовых траншаў унутры краіны сілавікі не перахоплівалі. Чарговая хлуслівая і нізкапробная падробка», — адзначыў кіраўнік фонду.


Глядзіце таксама

Сузаснавальнік фонда By_Help Аляксей Лявончык у сваю чаргу таксама абверг заявы прапагандыстаў пра разбурэнне сеткі салідарносці.

«Беларускім госам вельмі б хацелася, каб нашая сетка салідарнасьці была разгромленай, — напісаў ён у фэйсбуку. — Не. Мы працягваем працаваць. Нашая сетка ўнутры краіны застаецца intact. Нашыя «дзясяткі кур’ераў» працягваюць заставацца at large.

Нашыя базы застаюцца недатыкальнымі. А аматарам намаляваць таблічкі ў «эксэлі» на каленцы асаблівы прывет.

Мы ведалі, што перад «выбарамі» супраць нас будуць правакацыі. Мы былі да іх гатовыя. Нашая сістэма дастаўкі дапамогі працуе як і раней. Працягваем працаваць. Дапамагаем сваім».

Нагадаем, што напярэдадні ў эфіры АНТ паведамілі пра затрыманне сілавікамі «кур’ераў фонда Байсол». Былі паказаныя людзі, якія нібыта дастаўлялі сваякам палітвязняў фінансавую дапамогу. У так званым «расследаванні» фігуруюць таксама Любоў Драгель і Алена Піскур. Першая нібыта была кур’еркай фонда By_Help, другая — ініцыятывы dissidentBY.