Пятнічныя затрыманні: за «ланцугі салідарнасці» і за званок у міліцыю
У пятніцу 26 чэрвеня ў розных гарадах краіны адбыліся новыя затрыманні удзельнікаў акцый «Ланцуг салідарнасці». Таксама быў затрыманы мужчына, які тэлефанаваў у РУУС Мінска з пытаннем, як прайсці па горадзе, каб не быць затрыманым АМАПам.
Ворша
Вядома пра два затрыманні ў Воршы. Гэта адміністратар тэлеграм-канара «Орша для жизни» Аляксандр Андрэеў і сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Павел Парфёненка. Верагодная прычына затрымання — удзел у «Ланцугу салідарнасці» 19 чэрвеня. Абодва прабудуць у ізалятары да панядзелка.
Браслаў
Затрыманы Канстанцін Галецкі, які ўдзельнічаў у мінулую нядзелю ў акцыі салідарнасці каля крамы «Еўраопт». Яго міліцыя забрала прама з дому.
Мінск
Пасля 15.00 у пятніцу перастаў выходзіць на сувязь Мікіта Наглін. Ён з Гомеля, але ў гэты дзень быў у Мінску. Ён удзельнічаў у гомельскай акцыі «Ланцуг салідарнасці».
Таксама ў сталіцы затрыманы Іван Пруст, які пасля затрымання людзей з чаргі ў краму Symbal.by патэлефанаваў у РУУС і спытаў, дзе ён можа хадзіць, каб не трапіць у аўтазак. Запіс той тэлефоннай размовы разышоўся па тэлеграм-каналах. Пасля абеду ў пятніцу Пруст перастаў выходзіць на сувязь. Калегі па працы знайшлі яго ў РУУС Маскоўскага раёна. Там паведамілі, што Пруст затрыманы за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП) і правядзе ў ізалятары да суда ў панядзелак.
spring96.org