Павел Усаў: Нацыянальнае прымірэнне ці змірэнне і самапрыніжэнне?

Дзіўна чуць, калі словы пра прымірэнне гучаць ад імя збітых, згвалтаваных, пакрыўджаных, забітых, зняволеных, пазбаўленых радзімы і правоў, піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Павел Усаў.

Ілюстрацыя створана з дапамогай Midjourney

Ілюстрацыя створана з дапамогай Midjourney


Гэтыя словы гучаць як прызыў да іх усіх: прыніжаных, раздаўленых, прыгнечаных — прыняць свой лёс і прызнаць уладу гвалтаўнікоў, злодзеяў, забойцаў, катаў і тыранаў. Прыняць і прыніжана змірыцца з гэтым.

А ў імя чаго? У імя таго, каб гэтыя ж злачынствы працягваліся, каб гэтая ж улада трывала надалей. Адзінае, што пятля, у якой вісіць беларускі народ, можа на міліметр паслабіцца.

І гэтае прыняцце некаторыя прадстаўнікі культурнай інтэлігенцыі пафасна называюць нацыянальным прымірэннем.

Прымірэнне — гэта палітычная воля і жаданне двух бакоў.

Але ці хто-небудзь чуў словы пра нацыянальнае і чалавечае прымірэнне з вуснаў саміх катаў і забойцаў, якія прадстаўляюць і бароняць гэты рэжым? Канешне, не!

Акрамя як забіваць, нішчыць, гвалтаваць, у тым ліку Беларускае, яны больш ні да чаго не прызываюць, ды і прызываць не ў стане.

Ці хто-небудзь чуў з вуснаў Эйсмант, Гігіна, Шпакоўскага словы пра тое, што ўлады павінны вызваліць з вязніц хаця б беларускіх дзяўчын і жанчын?

Не! Наадварот, яны ўсе ў адно горла крычаць: «Так іх, забіце іх, знішчыце іх, забярыце іх дзяцей!».

Як вынік, яны прысуджаюць жанчынам па 10-12 гадоў пазбаўлення жыцця.

Можа, хто-небудзь са 110 «парламентарыяў» (магчыма, Васілевіч) казалі пра прымірэнне? Не! Яны ўсе галасавалі за расстрэльныя законы.

Прымірэнне па-лукашэнкаўску — гэта максімальнае прыніжэнне, цалаванне крывавага бота, прызнанне свайго нявольніцтва, адданне сябе ў рукі ката і чаканне яго міласці. Менавіта так выглядае «камісія па вяртанні».


Сёння няма ніякай магчымасці для нацыянальнага прымірэння, бо:

  • Знішчана і прыніжана ўся нацыя;
  • Не можа быць прымірэння, калі пра яго просіць ахвяра, якая не мае правоў, зброі і магчымасці бараніцца. Яна проста бязвольная, безабаронная ахвяра, і такое прымірэнне не дасць ахвярам ніякіх правоў. Ахвяры застануцца ахвярамі, а каты — катамі.
  • Прымірэнне адбываецца толькі для таго, каб трагедыя не адбылася больш ніколі. То-бок, калі былыя ахвяры абяцаюць не пераследаваць былых катаў, калі каты і злачынцы страцілі канчаткова магчымасць уладарыць.
  • Прымірэнне патрэбнае для таго, каб спыніць грамадзянскае супрацьстаянне. Зараз жа мае месца не супрацьстаянне, але татальнае вынішчэнне грамадства.
  • Прымірэнне — гэта вяртанне роўнасці правоў і палітычных магчымасцей усіх грамадзян, і перш за ўсё магчымасці ўсім жыць вольна, без страху і пераследу.

У Беларусі прымірэнне проста немагчымае, бо на тых умовах і ў тым выглядзе, у якім прапаноўваецца, яно азначае, што прыніжаная частка грамадства проста павінна прызнаць уладу Лукашэнкі, новы, больш тыранічны, уклад і ўласнае бяспраўе.

Ніхто не верне тым, каго растапталі, іх жыццё, свабоду, уласнасць, працу. Так было і раней.

Ніхто не надасць ім права прымаць законы ў краіне, лічыць галасы, выбіраць сваіх дэпутатаў ці быць абраным.

Давайце будзем шчырымі ў словах — гэта нельга назваць прымірэннем, гэта змірэнне з лёсам укрыжаванага. І гэтае змірэнне перш за ўсе азначае адмову закатаванага грамадства ад усялякай барацьбы супраць палітычнага зняволення.

А ўзвышаныя словы пра «прымірэнне» — гэта не што іншае, як інтэлектуальнае самапрыніжэнне.