Паляжаць «па-жаночаму», або Пяць дзён з жыцця аддзялення гінекалогіі
У нашай палаце былі збольшага цяжарныя. Дзяўчыны майго
веку (25–27 гадоў), дзве з іх былі зусім знясіленыя — не набіралі вагі, а
арганізм амаль не прымаў ежы. Адна з іх штодня тэлефанавала сяброўкам і слёзна прасіла
зрабіць ёй «гарошак». Больш за ўсё яна баялася, што пра захаванне даведаецца свякруха...
Гэты тэкст з'явіўся ў 2008 годзе, пасля таго, як я праляжала няпоўны тыдзень у адной з клінік Мінска. Тады тэкст нідзе не быў надрукаваны. Мне здавалася, што ён нефарматны, несур'ёзны, другасны. У ім не было так званай «грамадскай значнасці», якая дазваляе выстаўляць што-кольвек на разгляд публікі. Пагатоў, насцярожвала тэма. Гінекалогія? Толькі не гэта! Пазбаўце нас ад падрабязнасцяў!
Але за дзевяць гадоў, якія мінулі з часу напісання, беларускае медыйнае поле заўважна змянілася. Значна больш увагі цяпер надзяляецца асабістаму досведу самых розных людзей, і найперш сацыяльных груп, якія раней заставаліся па-за ўвагай журналістаў.
Не ў апошнюю чаргу пайсці на публікацыю мяне падштурхнула ініцыятыва грамадскай актывісткі Веранікі Заўялавай «Я нарадзіла тут». Паўплывала на мяне і самастойнае шматгадовае вывучэнне асаблівасцяў нацыянальнага дзетанараджэння і праблем жаночага здароўя. Аднойчы на тэматычным форуме я прачытала: «Дзевачкі, запісвайце! Прайсці беларускую радзільню — гэта як прайсці беларускую турму. Людзі, якія не пабывалі ўнутры, не здагадваюцца, што там дзеецца, і табе адной ніхто не дае веры. Але калі сведчанняў будзе шмат, да нас нарэшце прыслухаюцца».
У 2008 годзе я не была цяжарнай, але тым больш мае нататкі, па свежым прачытанні, здаліся менавіта такім важным сведчаннем. Наша грамадства, па інерцыі ад савецкага часу, вельмі любіць спаганяць на людзях, якія знаходзяцца ў слабай пазіцыі. І чым слабейшая пазіцыя, тым большы ўціск. Жанчына ў гінекалогіі ж зазвычай пастаўленая прыродай і абставінамі ў сітуацыю скрайняй бездапаможнасці.
Яшчэ дзесяць гадоў таму гэта ўспрымалася як норма, але здаецца, беларускія пацыенткі ўсё менш пагаджаюцца маўчаць.
Галоўным штуршком да публікацыі, сталі «Нататкі з псіхбальніцы» Марыны Весялухі, якія яна змяшчае на партале 24health.by. Марына праляжала тыдзень у вар'ятні ў Горадні, дзе вяла дзённік: спантанная па метадзе, натуралістычная дакументацыя ўсяго, што адбывалася з ёй у закрытым жаночым аддзяленні.
У маіх нататках, хоць яны зусім іншыя па падачы, я таксама імкнулася без рэфлексій зафіксаваць усё перажытае. Сёння я ўнесла ў іх адно пару стылістычных зменаў.
МАНІПУЛЯЦЫЯ
Аддзяленне гінекалогіі ўразіла мяне тым, наколькі там пастаўлены на паток працэс ператварэння жанчын рознага веку і сацыяльнага статусу ў аднародную хворую масу. Абавязковая ўніформа з «такімі» хваробамі — халацік. Калі бачыш дзясяткі стракатых халацікаў, якія маўкліва стаяць у бальнічнай сталоўцы ў чарзе па кашу, робіцца ніякавата. Ты ў такім сама халаціку ўстаеш у чаргу за імі.
Медперсанал у гінекалогіі з самага пачатку трымаецца так, нібы ты — Касандра, якая наперад мусіць ведаць, куды ісці, што рабіць, як паводзіцца. Тое, што ты, магчыма, у лякарні ўпершыню ў жыцці, нікога не цікавіць. З хворымі ў гінекалогіі не нянькаюцца. Ніхто не траціць каштоўнага часу, каб патлумачыць, якія «маніпуляцыі» і калі з табой будуць праводзіць. Пра тое, што табе прапісалі нейкія таблеткі, ты даведваешся з абураных заўваг медсястры, якая пытаецца, чаму ты ня выйшла на калідор забраць іх. Самае дзіўнае, што ўжо напрыканцы першага дня ты пачынаеш падладжвацца — і сапраўды, напружваючы мозг, прагназаваць дзеянні дактароў і сёстраў.
Аперацыю мне зрабілі праз паўгадзіны пасля шпіталізацыі. Мяне папрасілі «пасядзець каля кабінету» з надпісам «Манипуляционная». Тое, што гэта ўжо аперацыя, я сцяміла, калі папярэднюю даму вывезлі на каталцы. «Як у канцлагеры, калі адразу з транспарту вялі ў крэматорый», — падумалася мне.
Наркоз, на маё шчасце, быў поўны. Я яшчэ не заснула, а нейкі доктар (магчыма, інтэрн) пачаў «с выражэнием» чытаць маю карту і дасціпна каментаваць моманты, якія яго асабліва ўразілі (месца працы — газета «Новы час»). Уяўляю сабе, што яны сабе дазваляюць падчас аперацый.
Ачуньвала я ўжо ў палаце. Першым спрацаваў сіндром радысткі Кэт. Дзяўчаты глядзелі нейкі фільм на міні-DVD. «Панееенкі!» — закрычала я. «Панееенкі!» Паненкі не адгукаліся. Я вырашыла, што трэба перакласці. «Барышні!!!» — пачала крычаць я. «Га!» — нарэшце адгукнуліся яны. «Што вы гледзіцё?»
Яны назвалі фільм. Назва яго мне нічога не сказала, але саўндтрэк быў такім пафасным, што стан (круціцца галава, цёмна і музыка) нагадаў мне мой нядаўні паход у Венскую оперу. І тады я сказала: «У вас проста жахлівы густ. Выключыце гэта і пастаўце Вагнэра».
Ніхто мне пасля гэтага не пераказваў. Я сама ўсё помню крыштальна ясна.
PRENATAL POWER
Такіх, як я, шпіталізуюць на адзін паверх з жанчынамі, што захоўваюць цяжарнасць на маленькіх тэрмінах. Прычым у палаты размяркоўваюць не па дыягназе, а «дзе свабодна». Такім чынам, цяжарныя ляжаць разам з нецяжарнымі або — з ужо не цяжарнымі. Час ад часу па калідоры разносіцца нечалавечы роў — і аддзяленне аціхае. Звычайна ён азначае самую жахлівую рэч, якая тут можа здарыцца: нягледзячы на дбанні дактароў — смерць плоду.
Цяжарныя пачуваюцца тут цэнтравымі. Яны ходзяць па калідоры з выразам нейкай адмысловай годнасці на тварах, трымаючы рукі на жываце — нават калі ён плоскі, як дошка. На ранніх тэрмінах у многіх моцны таксікоз. Зранку яны абрыгваюць тумбачкі, а потым усёй палатай любоўна, нават з гонарам выціраюць ваніты. Яны вылоўліваюць насамі розныя непрыемныя пахі навокал і гадзінамі абмяркоўваюць іх. Пасля працэдураў яны збіраюцца купкамі на калідоры і, не хаваючыся, пляткараць пра нецяжарных.
— Нам здаецца, «гэтых» варта згружаць асобна, — кажуць адны, маючы на ўвазе мяне, а таксама студэнтку з кістой, і пенсіянерку, якой выдалілі матку. — Калі іх прывозяць з аперацыі, у палаце смярдзіць сырым мясам і антысептыкамі. Немагчымы пах, бляваць хочацца.
— Але ладна «гэтыя». Пасмярдзяць і перастануць. Я не разумею, чаму яны кладуць да нас «выкідышы». Чаму мы абавязаныя глядзець на такое?
Але ў тым і жах сітуацыі, што, раз ужо яны тут, «выкідышам» можа стаць кожная. І калі яна стаецца «выкідышам», сёстры кладуць яе на ложак, і ставяць кропельніцу, і загадваюць цяжарным таварышкам паклікаць акушэраў, калі пачнуцца роды плоду.
АБАРТЭСЫ
«Манипуляционная» — гэта працэдурны кабінет, у якім робяць, між іншых аперацый, кюрытажныя аборты. Кюрытажны аборт — гэта такі аборт, калі вакуум рабіць ужо позна. Умяшанне ў арганізм пры такой «маніпуляцыі» значна большае, чым, напрыклад, пры аперацыі, якую рабілі мне. Я прабавіла тут пяць дзён пад наглядам, каб выключыць ускладненні. Абартэс шпіталізуюць, толькі калі іх пазбавілі дзіця па медыцынскіх паказніках. Звычайныя «аборты» адпускаюць дадому, як толькі няздзейсненая маці ачуньвае ад наркозу. Яна ці, што часцей, яе бацькі падпісваюць паперы, маўляў яны азнаёмленыя з наступствамі і не будуць падаваць у выпадку чаго на клініку ў суд.
Па-харошаму, такую пацыентку трэба назіраць 4-5 дзён, колючы ёй спецыяльныя прэпараты. «Але ніхто не будзе трымаць гэтых забойцаў на дзяржаўнай койцы», — тлумачаць цяжарныя адна адной на калідоры пасля працэдураў. Гэты жэст — рукі на жываце — умоўны рэфлекс: для многіх цяжарнасць — гэта саракатыднёвае змаганне з прыродай за права мець дзіця.
МУЖЧЫНЫ Ў ГІНЕКАЛОГІІ
У гінекалогіі вялікую ролю адыгрываюць мужчыны. Не дактары мужчынскага полу, а проста мужчыны. Мужчына ў гінекалагічным аддзяленні патрэбны, каб кахаць. Каб падтрымліваць маральна. Круглыя суткі — на адлегласці, а з пятай да сёмай — сарваўшыся раней з працы, прарваўшыся праз заторы і блытаныя калідоры лякарні, збудаванай яшчэ ў 1930-я. З пяці да сямі мужчына павінен абдымаць, трымаць за руку, казаць цёплыя словы на вушка. Ідэальны мужчына пры гэтым не здымае з сябе ані кепкі, ані цяжкай скураной курткі.
Калі мужчыну можна паказваць людзям, ён павінен зайсці ў палату з вялізным пакетам соку, каробкай цукерак, фастфудам і сухамяткай, набытай у гіпермаркеце. Паставіць пакет да тумбачкі і пажадаць усім суседкам па палаце найхутчэйшага крыяння.
Калі мужчыну нельга паказваць людзям, пра мужчыну расказваюць. Перажываюць за яго, як ён там адзін. Пасярэдзіне размовы падымаюць яго мабільныя званкі са словамі: «Твае майткі ў левай шуфлядзе, левай, калі ты гэта запомніш!», — а потым кладуць і працягваюць перажываць, як ён там адзін. Мужчына ў гінекалогіі грае выключна дэкаратыўныя функцыі. Лічыцца вялікай удачай, калі ў пацыенткі ёсць блізкі сваяк жаночага полу ў Мінску — гэта значыць, сястра альбо маці прывязе хатні супчык, салацік і катлетку. Бо бальнічныя пахнуць непрыемна.
ЖАНОЧЫЯ ГІСТОРЫІ
У нашай палаце былі збольшага цяжарныя. Дзяўчыны майго веку (25–27 гадоў), дзве з іх былі зусім знясіленыя — не набіралі вагі, а арганізм амаль не прымаў ежы. Адна з іх штодня тэлефанавала сяброўкам і слёзна прасіла зрабіць ёй «гарошак». Больш за ўсё яна баялася, што пра захаванне даведаецца свякруха — растрындзіць усёй вёсцы, што сын знайшоў «худасочную»: нават вынасіць не можа...
Але, насуперак усяму вышэйсказанаму, душой палаты была не цяжарныя, а вельмі мілая, загарэлая, усмешлівая дзяўчына В., якая страціла плод на чацвёртым месяцы. Уласніца міні-DVD, што не магло не спрыяць статусу нефармальнай лідаркі. Яна была «старажыхаркай» – ляжала тут амаль два тыдні. Дасканалая ўва ўсім — ад знешнасці і кар’еры (уладальніца сямі прадуктовых шапікаў на двух рынках) да цудоўных плюшавых тапачак-сабачак і жаніха, які штовечар прывозіў ёй верхнюю вопратку і вёў у нейкую з рэстарацый каля лякарні. Жаніх увесь час парываўся зрабіць што-небудзь «на ўсю палату»: перадаць торт, марозіва ці DVD-дыскі. «Все падругі рыдалі ад такой красаты».
Адна з цяжарных дзяўчат, пасля ўцёкаў В. з жаніхом у рэстарацыю паўгадзіны на калідоры гаварыла праз мабільнік з мужам, пераконваючы таго выкрасці яе і адвезці ў піцэрыю. Пасля гэтага яна зайшла ў палату і з абыякавым выглядам сказала, што яе мужчына вядзе яе на піцу. Скончылася ўсе пяццю скрынямі халоднага і нясмачнага «Казачнага замку», які мужчына перадаў праз санітарачак «на ўсю палату». В. заставалася па-за канкурэнцыяй.
Калі ўсе канчаткова паадыходзілі ад наркозу і перазнаёміліся, В. расказала сваю гісторыю.
Жаніх, які рабіў такія прыгожыя жэсты цяпер, калі яна ляжала ў лякарні, два месяцы таму, даведаўшыся, што яна цяжарная, сказаў, што не гатовы стаць бацькам, развярнуўся, сышоў і спыніў кантакты. Яна вырашыла нараджаць адна. Каб не думаць пра ўчынак каханага, нагрузіла сябе працай. Плакала на начах, а потым прачнулася ўся ў крыві. Тыдзень у клініцы цяжарнасць спрабавалі захаваць — але ў выніку і В. пачула: «смерць плоду» — і аддзяленне скалануў яе роспачны крык.
Цікава, што першы тыдзень, пакуль ішло захаванне цяжарнасці, у аддзяленні яе адведваў іншы хлопец — неўзаемна ў яе закаханы. Гэта яму належаў наш любімы міні-DVD.
Цяпер, калі дзіця ўжо не жыве, дыскі DVD носіць няздзейснены бацька. Жаніх хоча вярнуцца да В. і просіць яму дараваць. І яна даруе – бо кахае.
“Жанчыны заўсёды кахаюць падонкаў. Адно выключэнне — адмірал Калчак, і таго бальшавікі расстралялі”, — да такой высновы прыйшла мая палата ў вечар напярэдадні маёй выпіскі. І яшчэ — што замуж трэба выходзіць не па каханні, а па «жэстачайшым» разліку — за такога, які б прэзентабельна глядзеўся з пятай да сёмай, у час для наведнікаў аддзялення гінекалогіі.