Палітвязня Іллю Лабацэвіча пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач. Цяпер ён у лякарні праз тромб

Палітвязня Іллю Лабацэвіча ў калоніі пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач да 16 траўня праз незразумелыя прычыны. Цяпер ён у лякарні.

Ілля Лабацэвіч з маці. Фота з архіва маці

Ілля Лабацэвіч з маці. Фота з архіва маці

Пра гэта «Вясне» паведаміла маці палітвязня — Наталля Лабацэвіч. Гэта распавёў ёй намеснік ПК №17, калі ўчора, 17 сакавіка, яна прыехала ў Шклоў, каб перадаць сыну перадачу. Ён сказаў, што Іллю пазбавілі гэтага праз «пад'ём» і тое, што «некуды хадзіў» — ніякіх падрабязнасцей маці не паведамілі. Спадарыні Наталлі таксама паведамілі, што яна не атрымлівае лістоў ад сына, таму што ён «не хоча іх пісаць».

Таксама ўжо не з калоніі, а праз іншых людзей маці даведалася, што Ілля зараз знаходзіцца ў лякарні: у яго ўтварыўся тромб у назе.

«Але калі б я не прыехала ў Шклоў, нават не даведалася б, што адбываецца з сынам», — абураецца жанчына.

Ілля Лабацэвіч — жыхар Наваполацка, асуджаны на паўтара года калоніі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.  

14 верасня, у адзін з нядзельных маршаў, Ілля гуляў з маці, калі побач з імі амапаўцы пачалі збіваць чалавека. Яны вырашылі заступіцца за хлопца. У выніку іх таксама пачалі збіваць. Ілля стаў бараніць ад удараў маці, за што атрымаў сур'ёзны ўдар па галаве дубінкай.