Пад Бахмутам загінулі пяцёра байцоў палка Каліноўскага
Паводле афіцыйнай заявы Палка Каліноўскага, пад Бахмутам загінулі пяцёра ваяроў. Раней паведамлялася, што загінуў адзін чалавек, яшчэ чацвёра лічыліся зніклымі без вестак.
Прэс-служба ПКК распавяла дэталі гэтай аперацыі. Ваяры палка Каліноўскага батальёна «Волат» утрымлівалі пазіцыі ў Бахмуце. Яны адбівалі штурм акупантаў і вялі стралковы бой. Па дому, у якім знаходзіліся хлопцы, адпрацавала ствольная буйнакаліберная артылерыя ворага. У выніку адбыўся абвал будынка, і частка байцоў апынулася пад заваламі. Другая група высунулася разам з медыкамі для эвакуацыі і аказання дапамогі.
Чацвёра чалавек аказаліся пад заваламі без магчымасці іх выратаваць. У момант эвакуацыі і прыкрыцця групы загінуў камандзір групы: ён коштам свайго жыцця даў магчымасць выцягнуць параненых.
Пазней была адпраўлена трэцяя група для разбору завалаў і эвакуацыі целаў загінулых.
Праз шчыльны артылерыйскі абстрэл будынак быў цалкам разбураны. Зараз няма магчымасці забраць целы ваяроў.
Баі за Бахмут ідуць ужо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых месцаў на фронце.
На баку Украіны ваюе некалькі беларускіх падраздзяленняў: «Полк Кастуся Каліноўскага», «Полк Пагоня», «Батальён Тэрор» і вайсковая частка, пра стварэнне якой казаў Валерый Сахашчык, былы камандзір брэсцкай дэсантнай брыгады. Колькасць беларускіх добраахвотнікаў невядомая — такія правілы вайны. Ацэнкі вагаюцца ад «некалькіх сотняў» (Сяргей Бульба) да 1500 чалавек, пра якіх казаў Офіс Святланы Ціханоўскай.
18 траўня стала вядома, што пад Бахмутам быў паранены экс-лідар Маладога Фронту, а цяпер беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч. Гэта яго чацвёртае раненне ва Украіне.