Ні кроплі сораму. Чаму лёс «харошых рускіх» на фоне вайны застаецца складаным

У працяг тэмы «харошых рускіх» — аповед пра іх панылую долю падчас вайны ва Украіне. Пра іх беспрытульнасць і самоту паміж молатам і кавадлам. Пра тое, наколькі і чаму пасад між народамі беларусаў сёння нашмат больш пачэсны, чым у гэтай стракатай катэгорыі людзей.

Ілюстрацыйная выява, створаная нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява, створаная нейрасеткай


4 чэрвеня антыпуцінскі настроеныя расійцы выйшлі на мітынгі з нагоды дня народзінаў галоўнага апазіцыянера РФ Аляксея Навальнага. Той сядзіць фактычна пажыццёва (паводле новага абвінавачання рэальна можа атрымаць 30 гадоў), а яго прыхільнікі раскіданы па ўсім свеце. І вось у нядзелю яны зладзілі шматлікія акцыі ў падтрымку палітыка — у краінах ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і нават Тайландзе. Аднак уражання ўсеагульнага ўздыму расійскай эміграцыі неяк не склалася. І тым больш — уражання сілы, якую яна ўяўляе.


Чаму? Усё проста: і колькасць мітынгоўцаў аказалася адносна невялікай, і антываеннай скіраванасці мерапрыемствы па вялікім рахунку не мелі, ну і пячатка «рускасці» сёння заўсёды пакідае асадак.
У гэтым сэнсе расійская дыяспара моцна саступае беларускай — якасна, а не колькасна — і гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў.

Акцыя ў падтрымку Навальнага. Getty Images

Акцыя ў падтрымку Навальнага. Getty Images


Самі па сабе, няма лідара

У палітычным сэнсе расійскае грамадства вельмі атамізаванае, прычым як унутры краіны, так і за яе межамі. Так званых «ватнікаў», якія за Пуціна, шмат толькі ў лічбах сацыялагічных апытанняў. Калі рэжыму трэба пацвердзіць сваю еднасць з народам, то на Z-мітынгі ў цэнтр Масквы людзей даводзіцца завозіць па разнарадцы ды яшчэ прыплачваць за гэта.

Фота: iz.ru

Фота: iz.ru

Па ўласнай ініцыятыве Крэмль падтрымліваюць хіба толькі смешныя бабулькі з «атрадаў Пуціна». Вам яны, напэўна, трапляліся ў інтэрнэце — гэта тыя самыя пенсіянеркі, што часта выступаюць са зваротамі да заходніх палітыкаў. У прыватнасці, яны рэгулярна папярэджваюць «русафоба» Байдэна, што яму не паздаровіцца. Хаця колькі ў той вар’ятні сапраўды ўласнага імпэту, а колькі таварна-грашовых адносін, пытанне таксама адкрытае.
У апазіцыйна настроенай часткі расійскага грамадства ўвогуле легітымнага лідара няма. У беларусаў ён, вядома, ёсць — у асобе Святланы Ціханоўскай, з якой сустракаюцца вядучыя палітыкі Захаду. А вось каб нехта з іх прыняў з візітам кагосьці з расійскіх апазіцыянераў — не, такога не было і не прадбачыцца.
У Міхаіла Хадаркоўскага ёсць грошы, у Гары Каспарава — сувязі, у якога-небудзь Дзмітрыя Гудкова — маладосць і энергія. Легітымнасці ні ў каго з іх няма, бо праз выбары яны не праходзілі.

Міхаіл Хадаркоўскі. Фота: republic.ru

Міхаіл Хадаркоўскі. Фота: republic.ru

Адсутнічае легітымнасць і ў Навальнага. Дый сацыялогія — пры ўсёй яе ўмоўнасці ў пуцінскай аўтакратыі — кажа не на яго карысць.
Нядаўна ў медыя трапілі вынікі травеньскага апытання, праведзенага кампаніяй «Russian Field». З аднаго боку, лічбы там не надта прыемныя для Пуціна, за якога «заўтра» прагаласавала б усяго 30,2%. З іншага — на другім месцы там вагнеравец Прыгожын з 2%, і толькі на трэцім — Навальны з 1,8%.
Пры гэтым ганаровае чацвёртае месца (1,3%) заняў Жырыноўскі, які памёр больш за год таму. Гэта да пытання аб абазнанасці расійскага грамадства ў палітычных пытаннях.
То відавочна, што расійцам, якія супраць вайны, самотна і няма да каго прыхіліцца. Таму на радзіме яны сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю, а за мяжой — раздрабляюцца, дэпалітызуюцца, засяроджваюцца на сабе і ў самым лепшым выпадку хіба што цішком данацяць УСУ.

Цяжка быць электаральнай меншасцю

Дэмакратычна арыентаваныя расійцы складаюць электаральную меншасць у сваёй краіне. І гэта факт, які не аспрэчваюць і яны самі.
Адкуль гэты феномен? Чаму людзі падтрымліваюць вайну, забойствы і дыктатуру? Чаму бачаць нацыянальнага лідара ў маленькім, несамавітым чалавеку, які хаваецца ў бункеры? Ці адна толькі прапаганда ў век інтэрнэту замбіруе цэлыя мільёны на антызаходні дыскурс? Як атрымліваецца, што, нават жывучы ў Еўропе, гэтыя людзі не пазбаўляюцца імперскасці і хай употай, але зычаць перамогі ў вайне сваім былым суайчыннікам?
Усе гэтыя пытанні — тэма асобных навуковых даследаванняў, і не ўсе аналогіі з Нямеччынай 30-40 гадоў мінулага стагоддзя тут працуюць.
Але зноў жа: рэчаіснасць такая, што здаровая частка расійскага соцыуму была і застаецца ў меншасці. І вельмі добра трапляе пад абагульненні.


«Вы ўсе такія», — піша ўкраінец расійцу ў сацсетках, і таму цяжка пярэчыць. «Ты ўсё роўна імперац, а з’ехаў, каб не быць мабілізаваным», — кажа еўрапеец, упікаючы маскоўскага рэлаканта на антываенным мітынгу. «Вата», — коратка канстатуе актывіст-правакатар у Літве, выліваючы паўбутэлькі кетчупу ў твар пісьменніка Шандаровіча. «Латэнтныя рашысты», — піша на банеры іншы і дэманструе гэта ўдзельнікам мітынгу за Навальнага.
Беларусаў тут выбачае 2020 год. Беларусы тры гады таму паказалі, што ў меншасці якраз Лукашэнка са сваімі ябацькамі — будучы хаўруснік Пуціна ў злачыннай вайне. Расійцы да свайго 2020-га яшчэ не саспелі, і ў чорна-белай парадыгме ваеннага часу часта ўспрымаюцца «агрэсарамі».

«Ні кроплі сораму»

Расійскі сацыёлаг Аляксей Рошчын днямі падзяліўся ў фэйсбуку назіраннямі за рознымі фокус-групамі сваіх суайчыннікаў у іх стаўленні да вайны. Допіс выклікаў вялікі розгалас, а галоўнае ў ім тое, што расійцы — нават тыя, хто супраць пуцінскай агрэсіі — не адчуваюць сораму за тое, што робіць іх дзяржава.
«Сярод эмоцый былі самыя розныя: і адчай, і апатыя, і дэпрэсія, і злосць, і патрыятычны ўздым, і самаздаволенне, і выхвальства... Хтосьці ўсё яшчэ «верыць у перамогу», хтосьці ўжо сумняваецца, большасць не ў стане сфармуляваць, у чым жа «перамога» павінна заключацца... Але адной эмоцыі не было практычна ні ў каго. Гаворка пра сорам», — адзначыў сацыёлаг.
Канстатуючы, што «грамадства пакуль нават не пачало здаравець», Рошчын прыходзіць да высновы: «Мы дагэтуль далёкія ад адзінай эмоцыі, якая дае шанец на адраджэнне. Ад жаху ў дачыненні да саміх сябе».
«Тое, што ў Расіі нікому нікога ніколі не шкада — гэта зразумела, гэта мы заўсёды ведалі. Але поўная адсутнасць сораму, а замест яго — зноў гэтае неверагоднае па сваёй пошасці шкадаванне сябе, нас нешчаслівых, «якіх усе крыўдзяць» — гэта ўсё ж такі адкрыццё. Слухаеш, як зачаравана грамадзяне шкадуюць «рускі народ» — і толькі ахрэневаеш. Аблажаліся па поўнай, здрадзілі ўсім, рукі па локаць у крыві, нічога не могуць, нічога не ўмеюць — але няма сораму ні кроплі», — напісаў спецыяліст.
І дадаў: «Нішто не бярэ. У гэтым, па ўсёй бачнасці, і заключаецца галоўная трагедыя рускага народа».
Адсутнасць эмпатыі, мізэрная цана чалавечай свабоды і чалавечага жыцця, гатоўнасць здзяйсняць злачынствы на мяжы генацыду ва Украіне і тут жа побач — прага рабаваць, выносячы з разнесеных дамоў у чужой краіне пральныя машыны і ўнітазы… Гэта ўсё тое, чым у тым ліку запомніцца вайна. І гэта нейкім чынам, безумоўна, звязана з тым, што нават расійцы ліберальных поглядаў у значнай сваёй масе не адчуваюць сораму, а шкадуюць сябе.


Не ўсе, вядома, і фокус-групы сацыёлага Рошчына тут недасканалыя. Усё ж нехта ў РФ і пратэстуе супраць вайны, і гатовы за гэта пакутаваць — і гатоўнасць гэта ў значнай ступені грунтуецца на пачуцці сораму. Але і па ўдзельнай колькасці затрыманых за антываенныя акцыі, і па формах супраціву, якія ўключалі ў сябе дыверсіі на чыгунцы, і па ўзроўню салідарнасці з Украінай беларусы нашмат пераўзышлі расійцаў з іх выдуманай асаблівай «духоўнасцю».
Ну і з эмпатыяй, і цаной чалавечага жыцця ў нас неяк усё лепш. Нездарма Лукашэнка так баіцца адпраўляць войска ваяваць — не праз сваю «дабрыню», а праз адназначнае стаўленне грамадства. Тады як Пуцін працягвае марнаваць насельніцтва, бо «бабы яшчэ народзяць».

Спецыфічныя добраахвотнікі, рускія «срачы»

Адна з галоўных падзей вайны зараз — шчыраванні расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, у Белгародскай вобласці. Маральны складнік дыверсій у тым жа горадзе Шабекіна просты па сённяшнім часе: на памежныя тэрыторыі РФ вяртаецца бумеранг адплаты за ўчыненыя злачынствы. Вы ў іх не ўдзельнічалі, але вы іх падтрымлівалі. І, здаецца, слова папярок не сказалі свайму губернатару Гладкову, калі той хадзіў у сарочцы з літарай Z і абяцаў надалей нішчыць «укранацыстаў».


Ускладняе ўспрыманне хіба адно: Рускі добраахвотніцкі корпус, які вядзе рэй на Белгародчыне, мякка кажучы, спецыфічнае фарміраванне. Дастаткова сказаць, што камандзір РДК Дзяніс Нікіцін па мянушцы White Rex мае ўстойлівую рэпутацыю ўльтраправага актывіста. У агульным кантэксце вайны гэта істотнага значэння не мае, галоўнае — людзі ваююць за вызваленне Украіны.
Але праз рэпутацыю ДРК узніклі пэўныя спрэчкі ў шэрагах расійскай апазіцыі за мяжой. Вялікая яе частка рэзка адмоўна ставіцца да таго, каб неяк салідарызавацца з добраахвотнікамі. Тыя называюць выніковай мэтай сваёй дзейнасці звяржэнне пуцінскага рэжыму, ліберальныя палітыкі крывяцца: гвалт — не наш метад. Ці атрымаецца ў бакоў паразумецца, складана сказаць.
І хаця ў мастацтве «срачаў» беларусы змогуць даць фору каму заўгодна, але наконт каліноўцаў у пратэснай частцы грамадства спрэчак няма. Ці амаль няма, і тут мы зноў у больш выйгрышнай пазіцыі.