«Мяне знайшлі апошнім». Дзеці, якіх забіла Расія
Украінская платформа памяці «Мемарыял» сумесна з suspilne.media падрыхтавалі кранальныя гісторыі ўкраінскіх дзяцей, якія загінулі падчас вайны. Хтосьці з іх хацеў весці свой блог, хтосьці — стаць чэмпіёнам. Але расійскія ракеты перашкодзілі здзяйсненню дзіцячых мар.
Паводле звестак ювенальных пракурораў, за час поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны загінулі 483 дзіцяці. Украінская платформа памяці «Мемарыял» расказвае гісторыі маленькіх украінцаў, чые жыцці адабрала РФ. Гэта аповеды ад імя загінулых дзетак, якія створаны разам з іх роднымі.
Калі на мяне ўсе глядзелі, я ўяўляла сябе будучай зоркай
Паліна Тутунжы. Загінула ў Марыупалі 16.03.2022
Вітаю! Мяне клічуць Паліна, мне восем гадоў, і ўсё жыццё я пражыла ў тым самым Марыупалі, пра які гаварыў цэлы свет.
Маё дзяцінства праходзіла ў некалі светлым горадзе ля мора, там я і загінула.
13 сакавіка 2022-га я ўгаварыла маму Надзю вывесці мяне ненадоўга з хаты на двор, дзе суседзі гатавалі есці. Праз акно я ўбачыла, што сярод людзей гуляе знаёмая дзяўчынка. Толькі мы зрабілі першыя крокі на вуліцу — пачаўся абстрэл з мінамётаў. Мая дарагая матуля загінула на месцы, як і мая сяброўка са сваім татачкам, і іншыя людзі, а мяне тры дні ратавалі ў бальніцы Марыупаля. Але бессэнсоўна.
Вучыцца мне падабалася не вельмі, не хапала ўседлівасці. Больш за ўсё я любіла прыродазнаўства і маляванне, а вось ад матэматыкі хацелася ўцячы. Я ледзь вывучыла табліцу множання, і тое — дзякуючы настойлівасці бацькоў.
Іншая справа — танцы і сцэна. Тут я адчувала сябе на сваім месцы. Мне так падабалася выступаць у прыгожых сукенках, рабіць прычоскі! Калі на мяне ўсе глядзелі, я ўяўляла сябе будучай зоркай. Я выбрала, чым буду займацца, калі вырасту — хацела стаць моднай блогеркай і здымаць ролікі пра сябе і сваё жыццё. Ужо пачала патроху гэтым займацца і была ўпэўненая, што ў мяне ўсё атрымаецца. Таму што, як гаварыла мама, у мяне быў характар бацькі — баявы і мэтанакіраваны.
Перад поўнамаштабным уварваннем мая сям'я рыхтавалася пераязджаць у Харкаў. Тата ўжо працаваў у новым горадзе, а мы з мамай, старэйшым братам і сабакам яшчэ заставаліся ў Марыупалі. У мяне было некалькі сяброў, з якімі я весела бавіла час — сярод іх я была самай смелай і рашучай. І нават калі побач з домам у Марыупалі выбухалі велізарныя бомбы, я не хвалявалася і ўсім гаварыла, што адважная, як і мой татачка.
У дзень, калі мы трапілі пад абстрэл, мой брат Герман заставаўся дома, а татачка збіраўся ехаць у Марыупаль. Але праз некалькі дзён ён ужо не заспеў мяне жывой... Нас з мамай не далі пахаваць акупацыйныя ўлады, родным давялося шукаць маё цела сярод соцень загінулых. Дзякуючы іх намаганням на маёй магіле нарэшце з'явіліся крыжык і шыльда.
Тата часта кажа, што самае горшае — страціць уласнае дзіця. А ён яшчэ застаўся без жонкі — маёй пяшчотнай матулі Надзеі. Як і мой брат Герман. Цяпер ім даводзіцца быць адважнымі за нас усіх.
Цэлы свет чакаў, пакуль я пазнаёмлюся з ім
Аліса Перэбійніс. Загінула падчас эвакуацыі з Ірпеня 6 сакавіка 2022 года
Прывітанне, я Аліса. Мне дзевяць. Я нарадзілася ў Данецку і правяла там першыя два гады жыцця. Калі наш горад аказаўся ў акупацыі, жыць там стала небяспечна, таму мы з бацькамі і старэйшым братам пераехалі ў Кіеў. А праз некалькі гадоў набылі кватэру ў прыгарадзе — Ірпені. Калі пачаўся поўнамаштабны расійскі наступ, мы спачатку заставаліся дома. Але ўжо праз некалькі дзён бацькі вырашылі, што трэба ратавацца. Тата тады быў далёка, з хворай бабуляй. Мы з мамай і братам тройчы спрабавалі з'ехаць. 6 сакавіка 2022-га, падчас апошняй спробы, мы трапілі пад мінамётны абстрэл арміі РФ. Разам з намі тады загінуў валанцёр, які спрабаваў дапамагчы. Нашы сабакі, Бенс і Кекс, таксама не выжылі.
Я вучылася ў чацвёртым класе. Маімі любімымі прадметамі былі матэматыка і інфарматыка. Ад дакладных навук я адпачывала за маляваннем, на творчых занятках. Апошнім часам займалася флай-ёгай, а да таго — спартыўнымі танцамі.
Гадоў у шэсць тата навучыў мяне ездзіць на ровары. З таго часу мы часта каталіся ўсёй сям'ёй. Мы наогул шмат рэчаў рабілі разам. Гулялі ў настольныя гульні, даглядалі сабак, шмат падарожнічалі.
Мне так падабалася падарожнічаць па Украіне! Увосень мы ездзілі ў Трускавец, а ўзімку — у Карпаты. Апошняя паездка была ў студзені, незадоўга да ўварвання. Мы каталіся на лыжах у Букавелі. У мяне ўжо няблага атрымлівалася! Яшчэ мы любілі цікавыя экскурсіі. Адна з самых запамінальных — наведванне Межыгор'я.
Мяне прыцягвала ўсё новае. Цэлы свет чакаў, пакуль я пазнаёмлюся з ім! За нядоўгае жыццё я была ў Егіпце, Польшчы, а паездка ў Балгарыю з сябрамі сям'і была адной з самых любімых.
Калі нас не стала, тату давялося некалькі дзён праз іншыя краіны вяртацца дадому, каб развітацца. Мяне, маму і брата пахавалі на могілках каля суседняга горада. Ірпень, у якім мы пражылі самыя шчаслівыя гады, тады яшчэ быў пад акупацыяй.
Тата шукае суцяшэння пасля трагедыі ў дапамозе іншым людзям, якія праз вайну таксама аказаліся ў бядзе. А яшчэ шмат трэніруецца, каб быць гатовым абараняць краіну.
Я ніколі не адчую, як гэтa — быць удзельнікам чэмпіянату свету
Арцём Прыймэнка. Загінуў у Сумах 07.03.2022
Усім прывітанне! Я Арцём, мне за некалькі месяцаў да смерці павінна было споўніцца 16 гадоў, я павінен быў стаць зусім дарослым і самастойным, але ў сакавіку расійская ракета разбамбіла наш дом. Мая сям'я — мама, тата, два малодшыя браты і бабуля — загінула разам са мной. Напярэдадні мы збіраліся эвакуявацца з Сумаў, ужо напагатове стаялі валізкі, але мы не паспелі.
Калі маё жыццё апісаць адным словам, гэта — спорт. Не было і шасці гадоў, калі пачаў займацца дзюдо і самба. У 2021 годзе выйграў чэмпіянат Украіны па самба, а праз год павінен быў спаборнічаць на чэмпіянаце свету ў Нідэрландах — атрымаў месца ў зборнай Украіны.
У жаданні быць лепшым у самба мяне не спыняла нішто: я сядзеў на жорсткіх дыетах, трэніраваўся па два разы на дзень. Але ніколі не забываў пра абавязкі ў школе і дома. Вучыўся добра, дадаткова займаўся з рэпетытарамі. Настаўнікі згадваюць мяне спакойным і ўсмешлівым. Я рос старэйшым сярод братоў і заўсёды стараўся клапаціцца пра маму Кацю. Спрабаваў ёй ва ўсім дапамагчы.
Разам з сям'ёй мы ездзілі адпачываць некалькі разоў на год. Мне не падабалася гадзінамі ляжаць на пляжы, я любіў актыўныя заняткі — кшталту лыжаў. Каля года сустракаўся з аднакласніцай, а на татавай працы ўжо зарабляў першыя грошы.
Тая расійская бомба, якая ўпала на наш двор, разбурыла ўсё. Я ніколі не адчую, як гэта — быць удзельнікам чэмпіянату свету; ніколі не паступлю ў жаданую ВНУ. Ніколі не стану паўнагадовым. Маю будучыню і будучыню маёй сям'і разбамбіла Расія.
Мяне знайшлі апошнім
Ягор Прыймэнка. Загінуў у Сумах 07.03.2022
Прывітанне! Мяне клічуць Ягор, мне 10 гадоў і я таксама Прыймэнка. Пасля нараджэння старэйшага брата Арцёма мая мама вельмі хацела дачушку, але на свет з'явіўся я. Усю маю сям'ю забіла расійская бомба.
У сям'і мяне ласкава называлі «пяльменьчыкам», таму што я рос не вельмі худым. Па натуры быў упартым і заўсёды стаяў на сваім. Мой агністы характар падарыў мне такую ж сяброўку — Міру. З ёю мы прасядзелі за адной партай чатыры гады. Разам смяяліся і дурэлі. А вучыцца я не моцна любіў — бацькі прымушалі займацца і сядзелі побач, пакуль я рабіў урокі.
Я, як і мой старэйшы брат, таксама пайшоў на самба. З задавальненнем трэніраваўся, але так, як Арцём, гэтай справай не гарэў. Увосень 2021-га я перахварэў на менінгіт, выкліканы кавідам. Лекары ледзь выратавалі мяне, а пасля выздараўлення забаранілі займацца спортам.
Разам з бацькамі я шмат падарожнічаў, ездзіў па розных краінах. Вельмі любіў гуляць са сваімі сябрамі.
7 сакавіка 2022 года не стала ўсёй маёй сям'і. Мяне знайшлі апошнім. Сябры бацькоў і родныя думалі, што я магу заставацца жывым. Але не было наканавана. Сяброўка Міра, калі даведалася, што я загінуў, страціла прытомнасць. Яшчэ доўга яна не магла згадваць хоць што-небудзь пра наша сяброўства, таму што ад гэтага ёй балела сэрца.
Мяне называлі «сонейкам», таму што я любіў усміхацца
Кірыл Прыймэнка. Загінуў у Сумах 07.03.2022
Прывітанне, я — пяцігадовы Кірыл, або па-іншаму — наймалодшы з «волатаў Прыймэнкаў». Калі мама даведалася, што трэці раз цяжарная не жаданай дачушкай, а мной, шмат плакала. Родныя і сябры супакойвалі маму, гаварылі, што яна нават не ўяўляе свайго шчасця: трое сыноў — гэта скарб. Усе мы разам з мамай, татам і бабуляй загінулі ў адзін дзень. Выратавацца ўдалося толькі сабачку Чакі, якога я любіў.
Як гэта часта бывае з малодшымі дзецьмі, мяне шмат галубілі. Называлі «сонейкам», таму што я любіў ўсміхацца. Знешне я быў падобны да братца Арцёма, але меў больш раскаваны характар. Мог знайсці агульную мову з любым за лічаныя хвіліны! Любіў выступаць на сцэне і заўсёды стараўся як мага лепш расказаць вершык або станцаваць.
Я быў энергічным, і бацькі ўжо задумваліся, на якую б секцыю мяне аддаць. У верасні я павінен быў пайсці ў дзіцячы садок. Абавязкова ўзяў бы з сабой некалькі хрызантэм, якія раслі на нашым ўтульным двары.
Але ад майго дома, ад двара з хрызантэмамі не засталося анічога. Усё разбурыла расійская бомба.
Майго сабачку Чакі забрала родная цётка. Ён для яе — адзіная нітачка, якая злучае з намі.