«Не хочам ваяваць»: як салдаты РФ здаюцца ў палон пад Бахмутам
Пачалі крычаць: «Хлопцы, мы свае! Не страляйце!» Украінскія вайскоўцы пад Бахмутам распавядаюць, як расіяне здаюцца ў палон, бо не хочуць ваяваць. Пра гэта даведалася «Настоящее время».
У выхадныя дні Міністэрства абароны Украіны заявіла, што за апошнія суткі ўкраінскае войска адбіла ў расіян дзясятак пазіцый каля Бахмута і ўзяло ў палон шмат расійскіх салдат з розных падраздзяленняў.
Украінскія вайскоўцы пад Бахмутам, з якімі пагаварылі расійскія карэспандэнты «Настоящего времени», пацвярджаюць інфармацыю пра палонных.
Вайсковец з пазыўным «Хусік» паказвае відэа: ягонае падраздзяленне ў складзе 30-й брыгады імя князя Кастуся Астрожскага бярэ ў палон расійскіх вайскоўцаў. На пытанне, чаму, на ягоную думку, расійцы наважыліся здацца, украінскі вайсковец адказвае коратка: «П***ы атрымалі».
— Яны пачалі крычаць: «Хлопцы, мы свае! Не страляйце», — распавядае вайсковец. — І раніцай яны пайшлі на нашу пазіцыю, кінулі зброю. Былі толькі ў бронекамізэльках і ў касках.
Яны кажуць: «Не хочам ваяваць»
Сяргей — яшчэ адзін украінскі вайсковец, які ваюе пад Бахмутам. Ён сустракаў рускіх, якія вырашылі здацца. Кажа, што спачатку ў палон здаўся адзін вагнеравец, а праз некалькі гадзін — яшчэ двое расійскіх вайскоўцаў.
— Страху не было. Цікава было, што ён раскажа, — успамінае ён пра тое, як гэта было. — Яны кажуць: «Не хочам ваяваць».
Украінскія жаўнеры кажуць: вагнеравец, які здаўся ў палон, на кантакт амаль не ішоў. Двое іншых вайскоўцаў, якія здаліся, — з рэгулярнай арміі, былі мабілізаваны 1 траўня 2023 года. Ад дня прызыву да дня палону прайшло ўсяго два тыдні.
— Калі яны прыйшлі, перапалоханыя былі, — распавядаюць украінскія вайскоўцы. — Мы далі ім вады, хлеба паесці з салам.
— Здаецца, ведаеш, што гэта твой вораг, але больш, вядома, шкадавання — бо так яны выглядаюць. Мы паглядзелі на іх — больш шкадавання, — распавядае пра палонных яшчэ адзін вайсковец. — Яны паранены, у іх турнікеты (медыцынскае прыстасаванне для спынення крывацёку, аналаг жгута. — Рэд.). Я кантрактніку прапаноўваў, кажу: «Дружа, давай я табе нармальны турнікет дам!?» У іх яшчэ гэтыя з часоў СССР гумкі былі!
Яны распавялі, што ў нас тут людажэры
Украінскія вайскоўцы кажуць, што многія расіяне баяцца здавацца ў палон, таму што іх падвяргаюць ўздзеянню прапаганды і распавядаюць пра тое, што ўкраінцы нібыта жорстка абыходзяцца з палоннымі.
— Яны распавялі, што ў іх прапаганда вялікая вельмі. Што ў нас тут людажэры, — пераказваюць украінцы размовы з палоннымі. — Ім кажуць, што яны прыйшлі вызваляць (Украіну).
— Яшчэ яны казалі, што «Вагнер» іх кінуў, іх кінулі на мяса, — распавядае яшчэ адзін вайсковец. — Яны сядзелі на пазіцыі чацвёра сутак.
Украінцы пра тое, ці трэба дараваць расіянам, якія здаюцца ў палон
Украінская армія павольна, але прасоўваецца ў раёне Бахмута, не выключана, што палонных у бліжэйшы час будзе больш. Але на пытанне, ці можна і ці трэба дараваць расіянам, якія здаюцца ў палон, украінскія вайскоўцы прытрымліваюцца розных меркаванняў.
— Ці можна ім дараваць? Я лічу, што так: калі яны самі здаюцца, яны, значыць, сваю віну разумеюць, — кажа адзін.
— Прабачэння ім няма. Ёсць адно прабачэнне — калі абмяняюць на нашых хлопцаў. І гэта матывуе браць іх у палон, а не забіваць, — кажа яго калега.
— Калі ты сядзіш пад артабстрэламі, у цябе такі гнеў людскі падымаецца! Але калі яны ўжо пачалі прасіцца... Мне адна разумная жанчына казала, калі мы ішлі сюды абараняць Украіну: самае галоўнае — заставацца людзьмі, — заўважае трэці вайсковец.
Пераклад «НЧ»